Крысьціна Вітушка.

Крысьціна Вітушка.

Крысьціна Вітушка аформіла заяву на новы тэлефон на мінулым тыдні.

Дзеля зручнасьці яна вырашыла набыць тэлефон празь інтэрнэт-краму. Калі пачала запаўняць форму для замовы, сыстэма напісала: «Утрымліваюцца недапушчальныя сымбалі».

«Маё імя і прозьвішча былі напісаныя без памылак, — расказала Вітушка Свабодзе. — Афіцыйным правапісам першай дзяржаўнай мовы. Я зрабіла скрыншот замовы. Праз профіль у фэйсбуку зьвярнулася да кампаніі velcom з просьбай выправіць такую памылку».

Спачатку Крысьціна Вітушка палічыла гэта тэхнічным непаразуменьнем. Маўляў, сайт распрацаваны па-расейску, беларускамоўны інтэрфэйс знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

«На вялікі жаль, кампанія мне адказала, што інтэрнэт-крама прымае замовы толькі па-расейску», — кажа Вітушка.

Але яе заяўку не прынялі нават у выглядзе скрыншота, які яна даслала.

«У мяне не было намеру канфліктаваць з кампаніяй, у мяне было жаданьне набыць смартфон. Прычым набыць не ў растэрміноўку, а сплаціць увесь кошт адразу».

І напаўняльнік для ката, і піцу прывозілі — праблемаў з замовамі па-беларуску ніколі не было

Дастаўку тэлефона абяцалі цягам сутак. Гэтага не адбылося. Пасьля таго як Крысьціна Вітушка зьмясьціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку другі допіс са скаргай на працу кампаніі, зь ёй зьвязалася беларускамоўная супрацоўніца velcom і прапанавала зрабіць замову праз тэлефон.

«У кампаніі знайшлі беларускамоўную дзяўчыну, якой даручылі мне патэлефанаваць, але яна не валодала матчасткай, так бы мовіць: ня ведала, які тэлефон я замаўляю. Я вымушана ізноў наведаць іхні сайт, узгадваць мадэль, якую я замаўляла. Чаму я мушу праходзіць праз дадатковыя цяжкасьці, калі ўсяго толькі вырашыла парадаваць кампанію сваімі грашыма?»

Па словах Вітушкі, гэта ўздымае пытаньне абароны правоў беларускамоўных спажыўцоў.

«Гэта парушэньне майго права як спажыўца. Я не патрабавала ад іх весьці са мной камунікацыю па-беларуску. Гэта было б цудоўна, але я разумею, у якім сьвеце я жыву. Але мяне абурае, што ствараюцца перашкоды пры набыцьці тавараў, што кампанія ў прынцыпе не гатовая прымаць мае заяўкі. Я проста хацела набыць тэлефон».

З такой праблемай Крысьціна Вітушка сутыкнулася ўпершыню. Яна часта карыстаецца інтэрнэт-крамамі, і хоць яны расейскамоўныя ў сваёй большасьці, запоўніць заяўку яна заўжды магла.

«Напаўняльнік для ката ці піцу мне прывозяць на замову па-беларуску. Таму мяне вельмі зьдзівіла, што тут адсутнічае такая магчымасьць».

Што адказаў velcom на прапанову падтрымаць зьмены ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў»

Сёньня беларускія кампанія ня маюць абавязку зьмяшчаць інфармацыю пра тавары па-беларуску. У Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» напісана, што інфармацыя аб таварах (работах, паслугах) даводзіцца да ведама спажыўца «на беларускай або расейскай мове». Гэтым і карыстаецца большасьць вытворцаў, пакідаючы зьвесткі пра тавары толькі па-расейску.

Прымусіць вытворцаў зьмяшчаць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах могуць папраўкі ў заканадаўства. Цягам двух апошніх гадоў свае прапановы на гэты конт актыўна дасылаў у парлямэнт Ігар Случак, ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску».

Прапановы падтрымаць зьмены ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» Случак дасылаў у тым ліку мабільным апэратарам.

У той час як МТС ягоную ініцыятыву вітала, velcom настойваў на тым, каб ужываньне беларускай альбо расейскай мовы было правам, а не абавязкам юрыдычных асобаў.

А прапановы Случака могуць, на думку апэратара, прывесьці да павелічэньня дакумэнтаабароту і нэгатыўна паўплываць на ўспрыманьне інфармацыі кліентамі.

Адказ velcom на прапанову зьмяшчаць інфармацыю пра тавары і паслугі па-беларуску.

Адказ velcom на прапанову зьмяшчаць інфармацыю пра тавары і паслугі па-беларуску.

«Гэта вельмі дзіўна, — кажа Случак. — Таму што velcom выкарыстоўвае беларускую мову ў рэкляме і спансуе конкурс беларускамоўнай рэклямы AD!NAK».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?