Дзень беларускага пісьменства ў 2017 годзе прыме Полацк, паведаміла намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце міністраў (МЭКС), якое адбылося ў Полацку (Віцебская вобласць) 18 ліпеня.

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінадукацыі, віцэ-прэм'ер адзначыла: «Сёлета маштабнае свята прыме Рагачоў. На апошнім пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы свята было прынята рашэнне, што наступнай сталіцай Дня пісьменства стане Полацк, нягледзячы на тое, што тут праходзіла свята ўжо не адзін раз.

Сімвалічна, што якраз у 2017 годзе будзе адзначацца і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і ў Полацку нарадзіўся Францыск Скарына».

На думку Качанавай, Полацк павінен стаць турыстычнай Мекай і для гэтага ёсць усё неабходнае. Пры гэтым яна адзначыла, што не ўсе аб'екты, цікавыя турыстам, задзейнічаны ў поўнай меры.

«Усё, што трэба для развіцця турызму, у Полацку ёсць. Гэта вельмі важны з гістарычнага пункту погляду горад, тут знаходзяцца славутасці, якія могуць прыцягнуць вялікую колькасць турыстаў», — лічыць яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?