Фота: Яўген Пераверзеў / Коммерсантъ

Беларусь пагадзілася пагасіць найбліжэйшым часам доўг за расійскі газ у абмен на аднаўленне паставак нафты з Расіі ў ранейшым аб'ёме. Такая папярэдняя дамоўленасць паміж Мінскам і Масквой дасягнутая на перамовах віцэ-прэм'ера Расіі Аркадзя Дварковіча і першага віцэ-прэм'ера Беларусі Васіля Мацюшэўскага, якія прайшлі ў панядзелак, 18 ліпеня, паведамляе сёння газета «Коммерсантъ» са спасылкай на «знаёмыя з сітуацыяй крыніцы».

Пры гэтым, піша выданне, бакі могуць змяніць міжурадавае пагадненне ад 2011 года аб пастаўках газу ў Беларусь так, каб прыбраць адтуль згадванне аб пераходзе на роўнадаходныя цэны на газ.

У Мінэнерга РФ адмовіліся ад каментарыяў, прадстаўнік Аркадзя Дварковіча заявіла «Коммерсанту», што перамовы працягваюцца. У прэс-службе беларускага ўрада расійскаму выданню заявілі, што «перамовы пакуль доўжацца, ніякія канкрэтныя дамоўленасці не дасягнутыя».

Нагадаем, ужо прыблізна паўгода паміж Беларуссю і Расіяй ідуць перамовы аб умовах паставак расійскіх газу і нафты.

Беларускі бок настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу і стаў разлічвацца за яго па больш нізкіх цэнах у доларавым выражэнні. Цяпер цана для Беларусі складае 132 долары за тысячу кубаметраў. Яна фармуецца зыходзячы з ўнутрырасійскіх цэн: цана ў Ямала-Ненецкай АА (36 долараў) плюс кошт транспартавання да Беларусі (прыблізна 90 долараў) і кошт захоўвання газу ў расійскіх ПСГ (6 долараў). Згодна ж з разлікамі Мінска, цана на газ для Беларусі павінна складаць 73 долары за тысячу кубаметраў. Такім чынам, доўг Беларусі за расійскі газ узрос да 270 млн. долараў.

Расійскі бок у адказ скараціў з 1 ліпеня пастаўкі нафты ў Беларусь. «Мы зыходзім з таго, што графік паставак нафты на трэці квартал у Беларусь будзе ніжэйшы, чым меркавалася, — заявіў журналістам міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак. — Гэта звязана з двума фактарамі: неаплатай за пастаўлены газ «Газпрому» і непаступленнем даходаў у бюджэт у сувязі з гэтым, другі фактар — гэта недапастаўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расію».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?