У самым канцы 90-х, калі Пуцін толькі пачынаў зачыстку РФ, штовечар на тамтэйшым ТВ ішло вынішчэнне свабоды СМІ. Галоўным Кісялёвым тады быў Сяргей Дарэнка, але ўвага тэлекілераў на тым этапе была не на знешнюю палітыку, а на ўнутраную. Пуцін фізічна знішчаў жыхароў Чачні, а з дапамогай тэлевізара нішчыў канкурэнтаў за ўладу Прымакова-Лужкова. Нават звычайнаму тэлегледачу было заўважна, што на ОРТ унутры ўсё кіпіць.

У тым віры на некалькі месяцаў Паўла Шарамета вынесла ў самы прайм-тайм расейскай тэлевізіі. Я быў яшчэ цінэйджарам, але як і многія жыхары Беларусі, адчуваў нейкае трапятанне і хваляванне за беларуса, што ўзышоў так высока ў кар’еры на тэлеэкране. Узровень БТ тады называлі не іначай, як калгасным, а расейскае ТБ на яго фоне было далёкім космасам. І вось беларус штовечар у жывым эфіры выходзіў у адкрыты космас.

Павел Шарамет у ролі вядоўцы праграмы «Время» выглядаў, шчыра кажучы, у тым космасе не надта зграбна, яго жывое чалавечае хваляванне капала з экрану разам з кроплямі поту праз грым. Праз некалькі месяцаў беларуса ссунулі з эфіру галоўнай расейскай тэлеперадачы кудысьці ў спецпраекты.

Калі праз 5 гадоў я атрымаў мэйл ад Паўла Шарамета, дзе ён хваліў узровень працы нашага сайта, мне было надзвычай прыемна. Нібы прыйшоў мэйл з арбіты журналістыкі. Сацыяльных сетак тады не існавала, таму зоркі ТВ і музыкі лічыліся зусім недасяжнымі.

Пазней я пазнаёміўся з Шараметам у Маскве ў часе нейкай журналісцкай праграмы. Ён ізноў хваліў працу нашага сайту, але запрашаў уліцца нас усёй камандай у свой новаствораны «Беларускі партызан». Асабістае ўражанне Павел стварыў даволі непрыемнае. Хоць прайшло шмат год з тых яго зорных прайм-тайм часоў, Шарамет працягваў сябе паводзіць нібы толькі што прыйшоў з эфіру вечаровых тэленавінаў. Какетна адзначаў, што размаўляе ўжо маскоўскім акцэнтам, а беларусам трэба глядзець не на Захад, а на Маскву. «Бо там сіла».

Мы спрачаліся і з таго часу я з вялікім скепсісам ставіўся да працы і праектаў Паўла Шарамета. Вельмі зрэдку зазіраў на «Беларускі партызан». Але аднойчы заўважыў, што «Партызан» замест таго, каб працягваць быць яшчэ адной «Хартыяй», паступова пачаў увасабляць ідэі pravda.com.ua. Здаровая пазіцыя Паўла Шарамета ў дачыненне вайны Расіі супраць Украіны яшчэ болей уразіла.

У адным з апошніх сваіх тэкстаў Павел Шарамет паспеў прызнацца: «Мне сорамна, што я падазраваў беларускамоўных у няшчырасці і кан’юнктурнасці». А менавіта ў гэтых рэчах я, беларускамоўны, падазраваў рускамоўнага беларускага касманаўта тэлежурналістыкі Паўла Шарамета. Мне цяпер таксама сорамна.

Унізе сайту «УКРАЇНСЬКА ПРАВДА» ёсць подпіс: «Засновник проекту: Георгій Гонгадзе». Пасмяротны. На жаль, яшчэ адным падабенствам паміж pravda.com.ua і belaruspartisan.org цяпер, напэўна, будзе болей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?