На магчымы закід у непрафэсіяналізьме можна адказаць, што, па-першае, сярод нас ёсьць людзі, блізкія да літаратуры і нават пішучыя. Па-другое, выказваць адзіна правільныя меркаваньні аб літаратуры, як і аб іншых галінах мастацтва, можна і ня маючы спэцыяльных ведаў. Узорам могуць быць кіраўнікі заўжды роднага нам СССР і, канечне, наш Прэзыдэнт. Успомнім яго адкрыцьцё паэзіі Быкава.

Чаго ж наша грамадзтва, улада і народ патрабуюць ад пісьменьніка? Найперш — каб ён прыносіў карысьць і не прыносіў шкоды. Што для гэта трэба? Найперш заставацца самім сабой і ня лезьці ў іншыя сфэры.

Галоўнае, канечне, ня ўмешвацца ў палітыку і ня проціпастаўляць сябе ўладзе і народу. Інакш будзеш сядзець на чужыне, як Васіль Быкаў, або без грамадзянства, як Ларыса Геніюш.

Гэта, безумоўна, ня значыць, што камусьці затыкаюць рот. Пісьменьнікам, як і іншым грамадзянам, пакідаеццца права пісаць непасрэдна ўладам аб усіх праблемах. Калі ж вам не адказваюць, не крыўдуйце і памятайце, што ўлада заўжды пакідае за сабой права прыйсьці да вас і па вас.

Гэта ж датычыць і іншых сфэр. Так, пісьменьнік Караткевіч пісаў пра гісторыю, ня толькі ня будучы гісторыкам, але і насуперак таму, што сьцьвярджалі кампэтэнтныя асобы. У выніку ў нас зьявілася цэлае пакаленьне нацыяналістаў, якія шкодзілі і працягваюць шкодзіць роднай уладзе.

Увогуле трэба вызначыцца і з так званай вучобай у клясыкаў. Вядома, як фальсыфікавалася жыцьцё і творчасьць нашых народных песьняроў «нацыяналістычнымі пісакамі». Выцягваліся вонкі ўсе іх памылкі маладосьці. Разам зь імі маляваліся ўсялякія «Пагоні», луцкевічы, ластоўскія. Гэтаму таксама трэба палажыць канец. Янка Купала і Якуб Колас памерлі з савецкімі ордэнамі, і толькі такімі яны нам і патрэбны.

Мусуецца таксама і тэма так званых «рэпрэсій» улады супраць пісьменьнікаў у сталінскія часы. Тут трэба мець на ўвазе наступнае: калі такія «рэпрэсіі» і былі, то вінавата ў іх ня ўлада, а тыя, хто яе няправільна інфармаваў. Дапусьціць адваротнае — значыць дайсьці да поўнай анархіі. Самае галоўнае — ва ўлады былі важкія прычыны для такіх дзеяньняў. Як і цяпер, літаратура была засьмечана нацыяналістычнымі элемэнтамі, якія імкнуліся адараваць нашу мову і культуру ад расейскай. Чытайце ліст таварыша Панамарэнкі Сталіну. Тое, што ў такіх умовах некаторым пісьменьнікам былі выпісаны ня ордэры, а ордэны, яшчэ адзін прыклад міласэрнасьці ўлады.

Што ж трэба зрабіць, каб выправіць становішча? Неабходна перадаць кантроль за літаратурай нам, непісьменьнікам. Дзеля гэтага патрэбна адрадзіць органы цэнзуры, якія б давалі ацэнку, нясе кніга карысьць ці шкоду, а самае галоўнае, былі надзелены паўнамоцтвамі караць ці ўзнагароджваць. Пакуль гэтага ня зроблена, ня зроблена нічога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?