Суд Савецкага раёна Мінска 21 ліпеня аштрафаваў намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 20 базавых велічынь (420 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Адзначым, Мінгарсуд 17 чэрвеня адмяніў рашэнне суда Савецкага раёна, які 5 мая аштрафаваў па аналагічным абвінавачанні Кастусёва на 30 базавых велічынь, прызнаўшы слушнымі доказы аб парушэннях пры разглядзе адміністрацыйнай справы. «Парушэнні былі відавочнымі. Так, супрацоўнікі міліцыі накіравалі на мой адрас іск з патрабаваннем з'явіцца ва УУС Савецкага раёна не Кастусёву, а Касцярову. Сам пратакол таксама быў складзены з парушэннямі: немагчыма прачытаць, кім ён складзены, зноў напісана прозвішча Касцяроў. Акрамя таго, я атрымаў іск у той дзень, калі адбыўся суд, прычым ён пачаўся ў 10 гадзін, хоць на позве значыўся час 11.30», — расказаў палітык.

Кастусёў адзначыў, што быў адным з арганізатараў акцыі. «На мне вісеў бэджык з надпісам «арганізатар». Падчас акцыі ў мой адрас не паступіла ніводнай заўвагі», — сказаў ён.

Паўторны разгляд адміністрацыйнай справы вёў іншы суддзя — Марына Фёдарава, якая падтрымала паказанні супрацоўнікаў міліцыі. «Я запатрабаваў азнаямлення з матэрыяламі справы. Аказалася, што ў ёй іншыя паперы. Выклікі ўжо напісаныя не на імя Касцярова, як раней, а на маё прозвішча. Пры гэтым у мяне захаваліся копіі першапачатковых дакументаў. Я звяртаў на гэта ўвагу суда, але ён на гэта не звярнуў увагі», — паведаміў Кастусёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?