Крапасны парахавы склеп у Берасці, што месціцца праз дарогу насупраць уваходу ў музей «Чыгуначнай тэхнікі», у хуткім часе можа пераўтварыцца ў шоў-рум. Ідэя рэанімаваць жыццё на аб’екце належыць мясцоваму дабрачыннаму фонду «Фартыфікацыя Берасця».
Падрабязнасцямі дзеліцца дырэктар арганізацыі Андрэй Варабей:
— Я б не сказаў, што гэта будзе музей. Гэта будзе, хутчэй, турыстычны шматпрофільны аб’ект. Акрамя традыцыйнай музейнай экспазіцыі, тут плануецца зрабіць інтэрактыў у выглядзе стралковага ціру, арганізаваць магчымасць пераапрануцца ў вайсковую форму, сфатаграфавацца ў інтэр’еры, то бок, як гэта кажуць, стварыць заглыбленне ў эпоху.
Сама парахаўніца была збудавана напрыканцы ХІХ стагоддзя і насіла абарончы характар, таму і ўзноўлены інтэр’ер будзе сугучны эпосе. Аднак што да мерапрыемстваў і касцюмаў, то часавымі перыядамі тут абмяжоўвацца не будуць. Ужо на 28 ліпеня, дату святкавання «Дня гораду», запланаваныя першыя мерапрыемствы ля парахаўніцы.