Амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр, які знаходзіцца пад следствам па справе аб выкарыстанні падробных дакументаў групай асоб, падазраецца ў незаконным захоўванні і кантрабандзе наркатычных сродкаў.

Як паведаміў БелаПАН яго адвакат Дзмітрый Гарачка, 27 мая была распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконная перавозка і захоўванне наркатычных сродкаў) і ч. 2 арт. 228 (кантрабанда наркатычных сродкаў). Зельцэр падазраецца ў незаконнай транспарціроўцы лекаў, якія ўтрымліваюць наркотыкі. Згодна з правіламі, пры ўездзе ў Беларусь яму неабходна было ўказаць іх у мытнай дэкларацыі.

Адвакат зазначыў, што гэтая справа не мае статуса дзяржаўнай тайны.

Нагадаем, Зельцэр і яго сакратар расіянка Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка КДБ Беларусі. Іх абвінавацілі ў выкарыстанні заведама падробных дакументаў групай асоб. Падрабязнасці арышту афіцыйна не каментуюцца, паколькі справа мае статус дзяржаўнай тайны.

Э. Зельцэр — адвакат грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея, які з'яўляецца далёкім сваяком вядомага грузінскага бізнесмена Бадры Патаркацышвілі. Пасля смерці 13 лютага Патаркацышвілі Дж. Кей прад'явіў дакументы, згодна з якімі ён прызначаны выканаўцам тэстаменту памерлага. Дакументы былі складзены Э. Зельцэрам, аднак сваякі Патаркацышвілі аб'явілі іх падробкай, пасля чаго Зельцэр і быў затрыманы ў Мінску.

14 мая суд Тбілісі пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, прызнаўшы такім чынам Дж. Кея распарадчыкам спадчыны Б. Патаркацышвілі.

Дзярждэпартамент ЗША некалькі разоў звяртаўся да беларускіх уладаў з просьбай вызваліць Зельцэра на гуманітарных падставах — за час утрымання пад вартай у Беларусі ў яго на фоне шматлікіх хвароб сур'ёзна пагоршыўся стан здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?