Беларускае ААТ «СветлагорскХімвалакно» мае намер запатэнтаваць чахол з абаронай смартфона ад счытвання інфармацыі раней за Эдварда Сноўдэна. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка.

sohim.by

«У інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард Сноўдэн працуе над стварэннем чахла, які абараняе тэлефон ад сачэння разведвальных службаў. Між тым такі чахол ужо існуе — ён створаны спецыялістамі ААТ «СветлагорскХімвалакно». Менавіта на гэтым беларускім прадпрыемстве могуць дапамагчы Сноўдэну захоўваць свае мабільныя сакрэты ўжо цяпер», — адзначыла Марына Касцючэнка.

Паводле яе слоў, чахол мае шэраг унікальных уласцівасцяў: змешчаны ў яго мабільны тэлефон цалкам абаронены ад счытвання галасавой інфармацыі, якая цыркулюе ў памяшканні, і перадачы яе па каналах сотавай сувязі трэцім асобам. Таксама выключаная магчымасць выяўлення месцазнаходжання тэлефона шляхам блакавання ўсіх уваходзячых на яго сігналаў (GSM, GPS і г.д.).

Такія ўласцівасці чахла тлумачацца тым, што ён зроблены з вугляроднага матэрыялу на аснове віскозы, які валодае здольнасцю да экранавання ад электрамагнітнага выпраменьвання ў шырокім дыяпазоне частот (ад 0,15 да 1000 Мгц).

У 2015 годзе «СветлагорскХімвалакно» падало дакументы ў патэнтны орган для рэгістрацыі дадзенай прадукцыі. Цяпер пачаўся працэс экспертызы распрацоўкі. Звычайна ад падачы заяўкі да атрымання дакументаў праходзіць два гады. «Светлагорскае прадпрыемства чакае адказ ад адпаведнай патэнтнай службы ў 2017 годзе. Прыярытэт у патэнтаванні аддаецца таму, хто першым падаў заяўку на ноу-хау», — патлумачыла Марына Касцючэнка. Ахоўны чахол ужо цяпер можна набыць у фірмовай краме прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?