Журналіст Белсата Сяргей Пеляса разам Анджэем Мрочэкам, былым кіраўніком аператыўнай секцыі ў справах тэрактаў Аддзелу па барацьбе з Крымінальным тэрорам і забойствамі варшаўскай паліцыі працягваюць расследаванне забойства Паўла Шарамета.

Калі б хацелі параніць, то зрабілі б тэст

«Калі падабраць малую выбухоўку і размясціць яе ў адпаведным месцы, то можна прыблізна пралічыць наступствы выбуху. Але гэта не так проста, каб дакладна ведаць, якога тыпу раненні атрымае ахвяра. Калі забойца хоча, напрыклад, толькі параніць, то ён мусіў бы загадзя зрабіць тэсты на такой жа машыне. Але, калі выканаўца падкладае выбухоўку пад машыну (так было ў выпадку забойства Паўла Шарамета), то ён хоча забіць патэнцыйную ахвяру».

Колер дыму і вайсковая выбухоўка

Сведкі выбуху ў Кіеве кажуць, што бачылі ружовую ўспышку і шэры дым. Паводле польскага эксперта, гэта можа сведчыць, што Паўла Шарамета забілі пры дапамозе тратылу. «Такі колер дыму характэрны для вайсковай выбухоўкі, напрыклад, тратылу. Можа быць і шэры дым, але цямнейшы», – каментуе фотаздымкі з месца выбуху Анджэй Мрочэк.

Якім чынам дэтанавалі выбухоўку?

«Бомбу дэтанавалі па радыёхвалі. Найчасцей дзеля гэтага выкарыстоўваюць аўтамабільны пульт або такі, якім адкрываюць уязныя брамы. Такія пульты самыя эфектыўныя. Хвалі сягаюць максімум на 50 метраў», – тлумачыць эксперт.

Анджэй Мрочэк не выключае, што дэтанаваць бомбу можна нават з рукой у кішэні. Мужчына, які апынуўся на месцы выбуху машыны з Паўлам Шараметам да выбуху трымаў левую руку ў кішэні. Пасля выбуху выцягнуў яе. «Тут няма жалезнага правіла. Гэта залежыць ад якасці пульту. Вопратка абмяжоўвае радыёхвалі, але не так, каб не дэтанаваць. Калісьці ў мяне быў такі выпадак. Выканаўца стаяў у пад’ездзе на 11 паверсе і хвалі пульта не падзейнічалі на машыну, якая стаяла пад домам. У выніку ён іначай дэтанаваў бомбу».

Чаму кілеры ўжылі выбухоўку, а не пісталет або вінтоўку?

«Выбух пакідае мала слядоў. У такіх замахах характэрна тое, што адна асоба робіць бомбу і яе прадае, другая падкладае і дэтануе, а трэцяя – замоўца забойства. Гэта эфектыўны метад, лепшы, чым з пісталету, як у выпадку з Нямцовым у Маскве. У выпадку бомбы цяжка знайсці ўсіх, хто ў гэтым удзельнічаў. Калі затрымаюць канструктара бомбы, то ён можа не ведаць замоўцы. І безумоўна псіхалагічна забойцам прасцей кагосьці ўзарваць, чым застрэліць, бо ён не глядзіць ахвяры ў вочы. Часта, але не заўсёды, бомбы – гэта ананімнасць. Нярэдка ў такія забойствы замешаныя людзі з блізкага асяроддзя ахвяры», – упэўнены эксперт.

На відэа з закладкай бомбы той жа мужчына, што стаяў на скрыжаванні, дзе забілі Шарамета

«На гэтым відэа жанчына падкладае бомбу пад машыну і мае праблему з тым, каб яе прымацаваць. Выбуховая прылада была на магніце, але не ў кожнай машыне можна падкласці выбухоўку на магніце, бо аўтамабілі часамі маюць алюмініевыя элементы. Мужчына, які яе страхуе, відаць, нападпітку. Бачна, што гэта той жа самы чалавек, што стаяў на скрыжаванні.

Такая ж шапка і крыху кульгавы. Ён можа рабіць выгляд, што п’яны. Спачатку ён хістаецца, а потым перастае. Дарэчы, дзяўчына досыць характэрная. Маладая, дробная. Украінская паліцыя не павінна мець праблемаў, каб яе знайсці.

Я думаю, яны атрымалі грошы за закладку выбухоўкі і магчыма самі не ведалі, што робяць. Замоўца ім невядомы.

У іх там торба таксама характэрная. Даруйце мне нясціпласць, але іх ужо даўно павінны былі затрымаць. Трэба шукаць гэтую жанчыну на запісах камераў назірання са скрыжавання, дзе быў выбух. Яна мусіць там быць. Або ў момант ад’езду машыны Паўла, або недзе на ягоным шляху да скрыжавання. Яна на 100% там», – запэўнівае Мрочэк.

Адкуль мужчына са скрыжавання даведаўся, што Шарамет выйшаў з дому?

Шлях ад дому Шарамета да месца выбуху

«Ён мог папросту бачыць, як Шарамет выходзіць з дому і сядае ў машыну. Рэдка нехта адразу едзе. Ёсць пару хвілінаў на запуск рухавіка, на тое, каб прышпіліць пас. Калі мужчына ў чорным убачыў, што Павел сеў, то пайшоў уздоўж вуліцы. Ён ішоў з кірунку, з якога прыехала машына. Ён мог яго бачыць. Нельга выключыць, што жанчына дала яму нейкі знак.

Нахабна і непрафесійна, як крымінальнікі

Шчыра кажучы, яны дзейнічалі нахабна. Непрафесійна. Прафесійна толькі бомбу зрабілі. Выканаўцы працавалі без падрыхтоўкі і разведкі, па-хуткаму. Яны маглі не ведаць пра камеры назірання. Гэта не выглядае як дзеянні прафесійных дыверсантаў, а хутчэй крымінальнікаў», – канстатуе эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?