Фінал другой сэрыі "справы 14" палітызаваная грамадзкасьць сустрэла даволі індыфэрэнтна. Адрозна ад Кіма, якому далі ў красавіку паўтара гады турмы, гэтым разам траіх хлопцаў пакаралі так званай "хатняй хіміяй".

Нагадаю: падобныя прысуды ў "справе 14" былі вынесеныя сямі маладзёвым актывістам і тады, у красавіку. "Хатняя хімія" пачынае прэтэндаваць на гэтакае рэпрэсыўнае ноў-хаў. І эфэктыўнае, і не такое ўжо рэзанансавае ў міжнародным маштабе.

Шмат каму, асабліва на тле брутальных пакараньняў Кіма ды Парсюкевіча, бадай, можа здацца, што гэты варыянт, то бок абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — ня надта сур'ёзнае, хутчэй сымбалічнае пакараньне. Нейкая несапраўдная, аблегчаная "хімія". Усё ж ня лес секчы ў чорта на рагах, як Севярынцу было!

Між тым калі прачытаць артыкул 48-1 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, дык валасы дыбком. Чалавек апынаецца цалкам пад каўпаком. Службоўцы з органаў маюць права ў любы час сутак уваходзіць у ягонае жытло, правяраць на алькаголь, ужываць электронныя сродкі кантролю за месцазнаходжаньнем. Пры гэтым сам асуджаны абавязаны "у вольны ад працы (навучаньня) час пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле ці на прыдомавай тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей чым на адлегласьць, вызначаную крымінальна-выканаўчай інспэкцыяй, а зь дзевятнаццаці да шасьці гадзінаў — толькі ў сваім жытле". Ну і гэтак далей. Прачытаеце ўвесь гэны артыкул 48-1 — мала ня здасца.

Пра нейкую палітычную дзейнасьць пад такім дамоклавым мячом і гаворкі няма. Але звыш таго, могуць спаймаць на любой побытавай дробязі кшталту "самаволкі" да сяброўкі ці куфля піва — усе ж жывыя людзі!

Улада дасягае сваёй мэты звыклым мэтадам кропкавых рэпрэсіяў, тактыкай дробнага фолу. Зь аднаго боку — чарговы паказальны ўрок для палітычна актыўнай публікі. Мала хто з праціўнікаў рэжыму захоча апынуцца ў скуры "хатняга хіміка". Зь іншага боку, апалітычны паспаліты люд увогуле ня ведае пра такія працэсы, а Захад ня так пераймаецца, як пры кіданьні "палітычных" за краты. Ну а на тле якой-небудзь М'янмы Беларусь выглядае ці не санаторыем для тых, хто спрабуе бунтаваць супраць улады. Між тым становішча "хатняга хіміка" мала чым саладзейшае за тое, у якім апынаецца "клясычны" палітвязень. Ціхае пекла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?