— Ну, што, сынок, — з’ездзіў у Мінск? І як людзі ў тым Мінску — шчаслівыя?

— Розныя е. Ходзяць туды-сюды.

— І не сядзіцца ж ім на месцы, пабач ты! Мне Галя казала, што і ў Гомлі так. Пазабіваюцца ў тыя аўтобусы і катаюцца па горадзе.

— Я на Карла Маркса хлопца аднаго запомніў. Ён сядзеў у карчме і піва піў. Увесь памыты такі, з барадой, у шортах. Я шчэ падумаў, што я б такім самым быў, каб жыў у Мінску. І не баліць жа яму, што сена можа намокнуць! Калі ў салоне прыгажосці Рыта рабіла масаж маім валасяным цыбулінам, я толькі пра сена і думаў.

— А дзеўкі якія? Такія, як наша Валя?

— Не, Валя ж карову доіць. У мінскіх дзевак такія кіпцюры на руках, што імі можна цыбулю шаткаваць. Каб у Валі такія кіпцюры былі, яна б карове ўсе сіські падрапала.

— А дыхаць там е чым?

— Няма. Паветра бы пластмасавае. Не пахне ні травой, ні каравякам.

— А чым людзі займаюцца?

— Сексам, цётка. Я фатаграфію бачыў — там сексам займаюцца прама на вуліцы пад вокнамі. А людзі з усіх дамоў навокал могуць назіраць.

— Абы-што! Раней такога не было. Міліцыю трэба выклікаць. Гэта ж сорам!

— Дык выклікалі. Міліцыя кажа, што ўсё гэта хлусня.

— А пра што людзі хоць гавораць?

— А кожны пра сваё і гаворыць. Пра новыя грошы ўжо не чуваць. Ураган быў, то гаварылі. Я шчэ па дарозе дрэвы паламаныя ў лесе бачыў — не ўсе прыбралі.

— Пра град у Прудку чуваць што?

— Не, там не ведаюць, што ў нас град быў. Каму мы, цётка, трэба ў тым Мінску? У іх свой клопат. Яны пра сваё і гамоняць. От новы раман Марціновіча чытаюць. «Возера радасці» называецца.

— А ў нас жа возера Крывуля е. Скажы гэтаму пісьменніку, няхай прыязджае і паглядзіць на Крывулю. Там і жабкі, там і кураслеп! Красіва! Няхай прыедзе, паглядзіць і пра наша возера напіша. Скажы, сынок. Людзям трэба падказваць, пра што пісаць. Яны ж усяго не ведаюць.

— Пра Крывулю, цётка, нікому не будзе цікава. Каб напісалі, трэба, каб там штоліся здарылася.

— А што там можа здарыцца? Крывуля — яна і е Крывуля.

— Мо хто патануў?

— Мо і патануў. Бог яго вед.

— Тады трэба, каб быў якісьці скандал. Эксгібіцыяніст мо лазіў у карчах? Калі рускі, то будзе бомба.

— А што то такое? У карчах там толькі качкі.

— То такі дзядзька, які ходзіць і паказвае дзеўкам свае прычындалы.

— Абы-што! У нас тут такога няма. У нас людзі харошыя. Толькі Вася Валодзі Кульгавага можа якой шкоды нарабіць. Але ён па п’яні.

— От таму пра Крывулю і не пішуць. Зараз возера без эксгібіцыяніста — дзела прапашчае.

— А харошае ў Мінску е што?

— Забава новая з’явілася. Трэба хадзіць і шукаць пакемонаў.

— А што то такое?

— Гульня на тэлефоне. Калі ўзяць тэлефон і навесці яго, напрыклад, на ваш хлеў, нібы фатаграфію хочаце зрабіць, а там, значыцца, ён пакемонаў паказвае, дзе яны хаваюцца.

— А хто то? Звер які?

— Ну, нешта такое.

— Гэта так бывае, сынок. Вунь Маруся паказвала картачку. Там яны ў двары стаяць — уся сям’я: і Маруся сама, і яе Вова, і сваты. Ага. А за спіной матка Марусіна. Чуеш? А яна памерла летась. А на картцы стаіць за спіной, ага. Бы дым. О як бывае! Маруся пабачыла і ў царкву пайшла, свечку паставіла.

— От так і тыя пакемоны. Мы іх не бачым, а яны ўсюды хаваюцца.

— І што з імі трэба рабіць?

— Я ўжо не помню, цётка. Я сам не гуляў, то мне расказвалі. Штоліся з імі робяць.

— Трэба бацюшку пазваць. Ён ведае, што рабіць. Падкажы людзям, сынок.

— Я вам яшчэ што скажу. Паслухайце мяне сюды. Вы ж, цётка, цяпер у модзе.

— А што такое?

— У Мінску е такі спартсмен — Гуркоў. Ён вялікі чалавек. Дык выступіў і сказаў, каб вучыліся размаўляць па-беларуску. От як! Можаце ехаць у Мінск, вас там паважаць будуць. Мо нават у інтэрнэце пакажуць.

— Ай, не дуры галаву!

— Праўду кажу.

— Я ў школе вучылася па-беларуску, і, мо то ў восьмым класе, прыйшоў новы настаўнік і сказаў: «Вы як хочаце, а я вам буду расказваць па-руску, бо з вашай беларускай мовай вы нікуды не паступіце». Цяжка было, але перавучваліся.

— А цяпер усё вяртаецца назад. Яшчэ, цётка, раскажу. У Мінску на рынку адбыўся канфлікт паміж хлопцамі, якія любяць беларускую мову, герб «Пагоня» і ўсё такое, і нейкімі прадаўцамі, якія ўсё гэта не любяць. То можаце смела ехаць у Мінск, калі хто з вас смяяцца будзе, што вы з дзярэўні і не ўмееце нармальна размаўляць, тыя хлопцы за вас заступяцца.

— От дурыш старую цётку. А я сяджу і вушы развесіла.

— Калі я вас дурыў? Я толькі праўду расказваю. А помніце, яшчэ я расказваў, што забілі журналіста Паўла Шарамета?

— Ну.

— Дык адзін палітык Лябедзька, я чуў, нейкую акцыю ўчыніў з нагоды яго смерці. Але мне тое не спадабалася. Я шчэ так падумаў. От буду ісці па Мінску, на мяне раптам упадзе білборд з надпісам «За стабільнасць» і раздавіць. А хтосьці з палітыкаў возьме ды напіша на плакаце: «Калхозніка забіла беларуская стабільнасць. Галасуйце за нас». От як можа ў жыцці быць.

— То памаленьку хадзі, каб нічога на галаву не падала.

— А Шарамета хавалі, людзей было — мора! Кветкі дык асобным грузавіком везлі.

— Пабач ты.

— От які чалавек быў… А што ў нас тут рабілася, пакуль мяне не было? Раёнка хоць прыйшла?

— Прыйшла, сынок, прыйшла. Я некралогі пачытала. Ніхто з нашых, дзякуй Богу, не памёр.

— Дайце хоць загалоўкі пачытаю.

— Чытай, сынок. Хіба мне шкада.

— «Спасатели в полной боевой готовнисти», «Учёные помогут аграриям», «Увеличилась рождаемость», «Как уберечь себя от сальмонеллеза». Усё нармальна, цётка. У нас толькі глісты. Усё астатняе — нармальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?