У ноч тэракту ў Ніцы, з 14 на 15 ліпеня 2016 года, тэлеканалы Францыі транслявалі шакуючыя кадры з месца падзей. У рэпартажах з'явілася відэа са смертаносным грузавіком, інтэрв'ю з заплаканымі сведкамі ля целаў загінулых.

Кроў, жорсткасць і смерць у жывым эфіры. Назаўтра Вярхоўны савет па кантролі за аўдыё- і відэаінфармацыяй вынес папярэджанне для ўсіх рэдакцый. А ў сацыяльных сетках зноў накінуліся на французскіх журналістаў за тое, што ў пагоні за сенсацыяй яны гатовыя пайсці на злачынства супраць маралі.

200 гадзін відэазапісаў ночы з 14 на 15 ліпеня знаходзіцца зараз на разглядзе Рады па кантролі за аўдыё- і відэаінфармацыяй Францыі (СSA). 300 скаргаў ад тэлегледачоў паступіла ў раду на працягу сутак пасля тэракту ў Ніцы.

Асаблівае абурэнне выклікалі рэпартажы тэлеканала France2 (ахоп тэлеканала каля 13% аўдыторыі). У адным з выпускаў канал паказаў інтэрв'ю мужчыны на каленях ля мёртвага цела яго жонкі.

Да раніцы ў бесперапынным эфіры на ўсіх навінавых каналах з пазнакай «Urgent» («Тэрмінова») — страшны шлях грузавіка, непрыкрытыя трупы на вуліцах, паніка, параненыя. Упершыню ў такім аб'ёме без кадравання і рэтушы выявы з месца трагедыі распаўсюджваліся ў СМІ. Упершыню CSA атрымала такую велізарную колькасць скаргаў усяго за некалькі гадзін.

Акрамя кадраў гвалту, французская прэса паспешна публікавала неправераную інфармацыю. Тэлеканалы LCI, TF1, iTELE прапусцілі ў эфір чуткі аб узяцці закладнікаў у адным з рэстаранаў Ніцы, не атрымаўшы афіцыйнага пацвярджэння паліцыі. Чуткі, на шчасце, пазней абверглі. Але толькі адзін з гэтых тэлеканалаў, TF1, ахоплівае больш за 20% аўдыторыі. Гэта самы першы, самы стары і самы папулярны з навінавых агульнанацыянальных каналаў Францыі.

Раніцай 15 ліпеня CSA апублікавала папярэджанне для рэдакцый ўсіх французскіх тэле- і радыёканалаў з заклікам да асцярожнасці і стрыманасці пры асвятленні тэракту ў Ніцы. За гэтай публікацыяй рушылі ўслед афіцыйныя заявы і прабачэнні ад СМІ.

Яны мелі права гэта рабіць

У французскім заканадаўстве («Закон аб свабодзе распаўсюду інфармацыі») няма забароны на распаўсюд выяў мёртвых цел або крыві ў эфіры або друку. Абмежаванні тычацца фатаграфій і відэа, якія могуць абразіць годнасць і гонар чалавека. «Гэта залежыць ад таго, вядомы чалавек на фота або відэа ці не. Вам выява можа здацца жорсткай або абразлівай, але калі нельга вызначыць асобу чалавека, то яна можа быць апублікавана», — растлумачылі ў CSA.

Яшчэ адно жорсткае абмежаванне тычыцца «абароны ад непажаданай інфармацыі дзяцей і падлеткаў». Але на французскім тэлебачанні пасля дзесяці гадзін вечара знікае пазнака «Узрост+». Гэта рэгламентавана і агульнавядома. З гэтага часу — гэта толькі ваша адказнасць, калі вы глядзіце тэлевізар разам з дзецьмі. Усе рэпартажы пра тэракт рабіліся пасля 10 гадзін вечара.

Гэта значыць, фармальна скаргі, накіраваныя ў раду, у большасці выпадкаў не маюць юрыдычных падстаў. Агульнае абурэнне гледачоў тычыцца не кадраў, якія абражаюць гонар і годнасць канкрэтнай асобы. Французы скардзіліся на сцэны гвалту ў жывым эфіры, якіх у тую ноч было занадта шмат.

Салідарнасць, сум і спачуванне, але перадусім, калі ласка, павага

Паважайце Чалавека

Каментар унізе: Ой, гэта бессэнсоўна, з гэтымі амерыканізаваным да мозгу касцей СМІ, ім толькі сенсацыі падавай любой цаной, яны не пачуюць.

Так здарылася, што гэтым разам на месцы трагедыі апынулася занадта шмат людзей, гатовых здымаць. На свяце незалежнасці Францыі было шмат журналістаў з гатовым да працы абсталяваннем. Яны апынуліся на месцы трагедыі і адразу ж сталі здымаць. Мясцовыя жыхары, а яшчэ больш турысты (бо гэта цэнтральная вуліца Ніцы, лета, выхадны) здымалі свята, сябе, сяброў і былі гатовыя адразу ж павярнуць камеры туды, дзе нешта адбываецца. Таму сведчанні на гэты раз, у адрозненне, напрыклад, ад тэракту 13 лістапада ў Парыжы, атрымаліся занадта «свежымі». І ў першыя хвіліны паляцелі ў сетку і ў эфір.

«Нам пастаянна тэлефанавалі, і ўпершыню ў твітары з'явіўся хэштэг CSAcoupeztout («CSA выключце ўсё»), які патрабуе ад нас проста націснуць на кнопку і адключыць усё вяшчанне. Вядома, мы не можам гэтага зрабіць. Гэта падпарадкоўваецца іншым правілам, згодна з дэмакратычнымі працэдурмі і законам рэспублікі», — кажуць у CSA.

Твітар нацыянальнай паліцыі: З павагі да ахвяраў і іх сем'яў не спрыяйце распаўсюджванню фота і відэа сцэн гвалту

Карцінка служыць не для інфармацыі. А для ўтрымання ўвагі

Мары-Франс Шамба-Ульён, медыяэксперт і аналітык, у інтэрв'ю газеце «FranceOuest» 19 ліпеня з загалоўкам «Чаму мы прылепленыя да экранаў» кажа: «Малюнак не інфармуе, ён служыць для ўтрымання увагі. Пасля такой трагедыі вы знаходзіцеся ў стане як быццам здранцвення. Вы чакаеце канкрэтнай інфармацыі і сядзіце перад экранам, перад карцінай».

«Не трэба забываць, што закладнікі і забітыя для тэрарыстаў не мэта, а сродак. Сродак уплыву на грамадскую думку. Не будзем наіўнымі, распаўсюд інфармацыі ўваходзіць у стратэгію нашых ворагаў. Мы гіпермедыятызуем гэтыя падзеі, мы дапамагаем тэрарыстам запалохваць усіх вакол, дапамагаем ім станавіцца вядомымі, вербаваць прыхільнікаў», — піша Эрвэ Марытон, французскі палітык і дэпутат ад дэпартамента Drôme у блогу HuffingtonPost у артыкуле 18 ліпеня.

Нават калі большасць страшных малюнкаў той ночы даўно выдалены з сайтаў і з сацыяльных сетак, шакавальнай інфармацыі ў СМІ дастаткова. Можна, напрыклад, зайсці на сайт TF1 і проста пачытаць загалоўкі відэа: «Падлетак больш не размаўляе пасля тэракту ў Ніцы», «Жанчына распавядае пра перажытае ў чацвер вечарам», «Пасля тэракту на пляжах у Ніцы дзяжураць жандары».

Журналісты маюць права публікаваць гэта. Магчыма, французскія СМІ проста пакуль яшчэ не ведаюць, як паводзіць сябе цяпер. Тры тэракты за апошнія паўтара года — гэта беспрэцэдэнтны феномен, як для медыя, так і для грамадства, з улікам сённяшніх тэхналогій імгненнай перадачы дадзеных. Ні ў каго няма рэцэпту, як лепш перажыць гэта.

А што, калі тое, што адбылося з французскімі тэлеканаламі ў ноч з чацвярга на пятніцу 15 ліпеня, не так ужо жудасна, як здаецца на першы погляд. Прынамсі, жах прывёў да таго, што грамадства ясна выказалася: гэта не варта публікаваць у жывым эфіры. І можна проста спадзявацца, што французскія СМІ, як, магчыма, рэдка якія іншыя СМІ ў свеце, менавіта да гэтага голасу і прыслухаюцца.

«Я не думаю, што будуць нейкія змены ў заканадаўстве. На сёння ў нас ёсць усе інструменты кантролю і праверкі. Я не думаю, што цяпер можна прыняць нейкі закон, які дазволіць нам лепш працаваць», — кажа прэс-сакратар CSA.

Рашэнні па 300 скаргах у Радзе па кантролі будуць прыняты ў сераду, 27 ліпеня 2016 года. У сувязі з надзвычайным становішчам у краіне працэдуры прыняцця рашэння былі паскораныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?