Фота Belsat.eu.
«Па інфармацыі генеральнага падрадчыка АТ «Атамбудэкспарт», няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці», — паведамляе Белэнерга.
У міністэрстве паведамляюць, што РУП «Беларуская АЭС», якая з'яўляецца заказчыкам праекта, неадкладна запатрабавала ў генеральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакументы і звесткі. У цяперашні час праводзіцца аналіз гэтай сітуацыі.
«Пасля ўсебаковага вывучэння беларускімі спецыялістамі прадстаўленай АТ «Атамбудэкспарт» інфармацыі будзе прымацца адпаведнае рашэнне. Пры гэтым беларускі бок будзе, у першую чаргу, кіравацца неабходнасцю безумоўнага гарантавання бяспекі станцыі», — падкрэсліваюць у міністэрстве.
Па раней распаўсюджанай беларускімі СМІ інфармацыі, інцыдэнт на будпляцоўцы адбыўся 10 ліпеня: пры трэніровачнай устаноўцы рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з 2-4-метровай вышыні.
Беларускі бок доўгі час ніяк не каментаваў гэтую інфармацыю.
У той жа час генеральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС — акцыянернае таварыства «Атамбудэкспарт» паведаміў, што «корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення. Тэхнічных перашкод для яго ўстаноўкі на штатнае месца няма».
Прэзідэнт Даля Грыбаўскайце заявіла 26 ліпеня ў Вільні, што асцярогі Літвы з нагоды бяспекі будаўніцтва атамнай станцыі былі абгрунтаваныя.
Яна таксама заявіла, што калі Беларусь не прыме меры да гарантавання міжнародных стандартаў бяспекі, то Літва разам з міжнароднай супольнасцю пастараецца перашкодзіць яе дзейнасці.