У судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягваецца разгляд рэзананснай справы па абвінавачванні ў махлярстве Уладзіміра і Казбека Япрынцавых ды Аляксандра Арабяна: скончаны допыт сведак (так і не з'явіўся ў суд вядомы расійскі спартыўны функцыянер Міхаіл Маміяшвілі, да яго ўчора датэлефанаваліся, але высветлілася, што ён у Лазане, прасіў ператэлефанаваць у найбліжэйшыя дні).

У сераду пачаўся допыт Уладзіміра Япрынцава.

На пытанне пра наяўнасць сур'ёзных праблем са здароўем адказаў: «Не было і няма».

— Праблемы са здароўем у Казбека былі? — пацікавіўся дзяржабвінаваўца.

— З галавой усё нармальна было, — адказаў Уладзімір Япрынцаў.

Ён падкрэсліў, што лічыць Казбека добрым сынам, добрым бацькам. Ён скончыў Наргас (БДЭУ), быў майстрам спорту па самба. «Працаваў у Дубаі і Маскве, потым вярнуўся, пайшоў у «Прастор». У 2010-м мой былы партнёр прапанаваў ім працаваць тут, выкупілі «Трайплметалтрэйд» і сталі працаваць самі, утрох: Пападопулас, сын нашага з Чыжом сябра, Арабян і Казбек. Пападопулас на «Трайпле» нафтай займаўся…».

На пытанне пракурора, як дапамагаў сыну, Япрынцаў паскардзіўся: «На жаль, акрамя як крычаць нічым не дапамагаў. Яны цэментам гандляваць спрабавалі, тэндары прайгравалі. Потым пасябравалі з Батвінка, сталі займацца нафтапрадуктамі».

Адносіны з Чыжом былі цёплыя, згадвае Япрынцаў: доўга жылі на адной пляцоўцы, дзверы ў дзверы, дзеці сябравалі. «Я яго за брата лічыў — ён хросны тата маёй дачкі, я — яго сына», — сказаў ён.

У 92-м годзе Чыж прапанаваў заняцца бізнэсам. Так Япрынцаў стаў сузаснавальнікам «Трайпла». Спярша дамова была «50 на 50».

«Я ніколі не глядзеў дакументы, у нас усё добра атрымлівалася. Штат стаў расці, ён прапанаваў свайго сябра ў партнёры — Віктара Герасімука, — па 33% долі сталі. Герасімук быў фiндырэктарам да апошняга моманту, пакуль яго не прыбралі», - сказаў Япрынцаў і растлумачыў, што «былі непрыемнасці з КДБ, два чалавекі былі затрыманыя, потым выйшлі. Да канца не ведаю, што здарылася, але ён выйшаў са складу заснавальнікаў».

На месца Герасімука прыйшоў Уладзімір Батвінка (як раней тлумачыў Япрынцаў, Батвінка звольніўся з кампаніі пасля арышту Япрынцава, калі Юрый Чыж захацеў, каб той напісаў заяву на Япрынцава ў КДБ). «Пачалі з дываноў, лямпачак. Сталі вырабляць вокны, потым алюмініевыя, рынак маленькі, даводзілася ездзіць у Расію. Спіртным займаліся. Першыя грошы ў сяброў бралі. Без усялякіх адсоткаў і распісак», — распавёў абвінавачаны.

Практычна адразу вырашылі, што грошы пойдуць праз Чыжа — усе фінансавыя патокі. Уладзімір Япрынцаў кажа, што сам прапанаваў такую схему.

На пытанне, калі «Трайпл» перастаў займацца нафтапрадуктамі, адказаў: «Я думаў, што займаецца да сённяшняга дня».

«Калі патрэбныя былі [кампаніі Трайпл] грошы, прычым вельмі вялікія, і іх проста пад мой подпіс давалі — тады я, аказваецца, меў такія паўнамоцтвы. Пра ўсё гэта [пра тое, што Япрынцаў падпісвае гарантыйныя лісты па абавязацельствах сына] выдатна ведаў Юрый Чыж. Гэта вынікае з перапіскі — Юрый пытаецца, ці падпісваю я такія лісты. Я кажу, маўляў, Казбек просіць … Ён кажа, менш падпісвай. Гэтыя лісты не з'яўляліся гарантыйнымі, фактычна. Прыходзілі людзі [патэнцыйныя партнёры] на мяне паглядзець — як на мядзведзя на кірмашы — і былі гатовыя працаваць са мной, з нашай кампаніяй. Пра тое, што я падпісваў такія паперы? ведалі ўсе, у тым ліку, вядома, Чыж», — сказаў Япрынцаў-старэйшы.

Што тычыцца свайго затрымання, то «быў у шоку», калі яго спыніў «Алмаз» ці «Альфа».

«Спыталі, вы ведаеце, дзе вы, калі даведаўся, што ў КДБ, ледзь не ўпаў, думаў, тут шпіёны … Не верыў, што заяву напісалі Савяк і Маміяшвілі, з апошнім размаўлялі напярэдадні. Ён ведаў, што ў аўторак лячу ў Маскву, у мяне былі грошы для Маміяшвілі, частка доўгу», — распавёў Япрынцаў.

* * *

4 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска пачаўся суд па справе Уладзіміра і Казбека Япрынцавых і Аляксандра Арабяна. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса, - «Махлярства». Артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Адзін з пацярпелых — 36-гадовы дырэктар кампаніі «Газтранс» Андрэй Рабцэвіч, які пражывае ў Польшчы і якому абвінавачаныя павінны былі паставіць паліва на 3 млн даляраў: грошы атрымалі, але абавязацельствы не выканалі. Другі пацярпелы - вядомы спартыўнымі поспехамі Андрэй Міхневіч, шкода якому складае 440 тыс. даляраў.

Асноўны пацярпелы, расійскі бізнесмен Юрый Савяк, страціў 27 млн даляраў. Ён ужо даў паказанні ў судзе.

Атрыманыя грошы абвінавачаныя трацілі на ўласныя патрэбы, у тым ліку на вяртанне даўгоў і выканання папярэдніх абавязацельстваў перад іншымі асобамі і суб'ектамі гаспадарання. У тым ліку, як агучвалася ў судзе, гаворка ідзе пра спробы «закрыць» даўгі Япрынцава-малодшага ад няўдалых здзелак на «Форэксе».

Па ацэнцы, якая была агучана дзяржабвінаваўцам, афшорныя кампаніі Strawfield і Edena, звязаныя з абвінавачанымі, фактычна ажыццяўлялі сваю фінансавую і гаспадарчую дзейнасць па прынцыпе фінансавай піраміды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?