Кампанія Global Blue ўвяла з 27 ліпеня камісію за вяртанне грошай па чэках Tax Free, па якіх сума для выплаты перавышае 50 еўра. У выпадку перавышэння гэтага ліміту за кожны чэк прыйдзецца заплаціць па 3 еўра камісіі, паведамляецца на сайце Тэхнабанка.

— Камісія ўведзена з сённяшняга дня. Яе прыйдзецца плаціць таксама па аформленых раней чэках, выплаты па якіх перавышаюць 50 еўра і будуць праводзіцца толькі пасля 27 ліпеня, — удакладнілі ў кол-цэнтры банка.

З 1 ліпеня мінулага года кампанія Global Blue ўжо ўводзіла камісію за вяртанне грошай па чэках Tax Free. Так, калі сума для выплаты перавышала 10 еўра, то за кожны чэк трэба было заплаціць па 1 еўра. Пазней кампанія адмяніла гэтую камісію, пакінулі яе толькі па чэках Global Blue, аформленым у ФРГ.

Вярнуць грошы па чэках Tax Free ў Беларусі цяпер можна ў трох аддзяленнях Тэхнабанка. Адзначым, што беларусы часцей за ўсё афармляюць чэкі Tax Free менавіта праз кампанію Global Blue. Іншыя кампаніі, праз якія можна вярнуць ПДВ, — Tax Free Worldwide і Premier Tax Free таксама бяруць камісію. Пазбегнуць выплат можна ў тым выпадку, калі рабіць пакупкі ў літоўскіх крамах, якія працуюць з кампаніяй LITOFOLIJA.

Тым часам за першае паўгоддзе Тэхнабанк выплаціў беларусам 1 мільён 393 тысячы еўра па чэках Tax Free. Гэта на 429 тысяч еўра менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведамляла раней начальнік упраўлення банкаўскага абслугоўвання фізічных асоб Тэхнабанка Надзея Ерахавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?