Джордж Фрыдман, ветэран амерыканскай вайсковай і палітычнай аналітыкі, лічыць, што спроба групоўкі турэцкіх вайскоўцаў захапіць уладу ў краіне не супярэчыць таму, што ў будучым Турцыя з вялікай верагоднасцю стане рэгіянальнай супердзяржавай.
independent.co.uk
Фрыдман дзесяцігоддзямі быў кансультантам і выкладчыкам у розных амерыканскіх дзяржаўных і прыватных сілавых структурах, і дагэтуль перш за ўсё канцэнтруецца на ваенных і палітычных прагнозах.
У 1996 годзе ён заснаваў «прыватную разведвальна-аналітычную» кампанію Stratfor, якая дагэтуль лічыцца адной з лідараў у гэтым сектары.
«Паўстанне краіны як лідара ў рэгіёне стварае вялікае напружанне… Змена балансу ў вонкавых сілах адбіваецца на ўнутраным становішчы. Вынік гэтага мы бачым у Турцыі — сутыкненне варагуючых груповак з адрознымі поглядамі, путч і, на дадзеным этапе, дыктатуру», — напісаў Фрыдман у анлайн-рассылцы This Week in Geopolitics.
Ён параўнаў сітуацыю ў Турцыі з сітуацыяй у ЗША у перыяд Грамадзянскай вайны 1863-65 гадоў.
«Адна частка ЗША (Поўнач) пачала хутка мяняцца сацыяльна і эканамічна. Поўдзень хацеў захаваць сваю эканоміку, заснаваную на плантацыях, і сацыяльную сістэму. Гэта прывяло да Грамадзянскай вайны і да паўмільёна забітых», — піша Фрыдман.
Грамадзянская вайна не змяніла курс амерыканскай гісторыі і не аслабіла ЗША, наадварот, «ачысціла палубу» і стварыла новую сістэму ўлады, больш здольную даваць рады ў новых сацыяльна-эканамічных рэаліях.
Такім жа чынам дыктатура паўстала і ў Японіі ў 1920-я гады, перад тым, як краіна пачала рыхтавацца да маштабнай знешней экспансіі, дадае аналітык.
«Дзяржава, якую стварыў Атацюрк, больш не можа існаваць. Праеўрапейскі секулярызм страціў былую моц. Эканамічны рост стварыў новых гульцоў па-за межамі закрытай групы эліты… Важна разумець, што сённяшні хаос хутчэй за ўсё ўзмацніць Турцыю, а не аслабіць яе», — піша Фрыдман.