Я размаўляю па-беларуску з 17 год. І вось за ўвесь гэты час у мяне ёсць толькі адно жаданне: каб у Беларусі да беларускай мовы нарэшце пачалі ставіцца проста і звыкла — як да сваёй мовы.

Даю просты мануал.

Да вас звярнуліся па-беларуску. Што рабіць?

Можаш адказаць па-беларуску — адкажы.

Не можаш адказаць па-беларуску — адкажы на той мове, якой валодаеш. Беларусы разумеюць і па-руску, і па-ўкраінску, і па-польску, і на большасці славянскіх моваў.

Не зразумеў пытання — перапытай так, каб пачуць ветлівы адказ.

Не трэба захапляцца і выказваць рэспект. Гэта як рэспект ангельцу за тое, што размаўляе па-ангельску. Нонсэнс.

Не трэба прасіць прабачэння за тое, што «я не размаўляю, бо баюся зрабіць памылку». Мы вас ні ў чым не вінавацім.

Не трэба ў грамадскім месцы пытацца пра акалічнасці жыцця, працы і прычын беларускамоўнасці. А то наступным разам, чэснае слова, пасаджу і прымушу слухаць. А потым паклічу ўсіх сваіх беларускамоўных сяброў, каб і яны расказалі.

Усім вітанні, і добрага лета!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0