— Пасля заканчэння кар'еры большасць мастацкіх гімнастак застаюцца ў спорце. Вы ж пайшлі ў стаматалогію. Чаму?

— Сапраўды, нешматлікія сыходзяць у іншую прафесію. Калі ты аддаеш частку жыцця на дасягненне нейкіх мэтаў, складана ўсё перакрэсліць і пачаць з нуля. Бо ў Мінску мне ніхто не прапаноўваў працу ў спартыўнай сферы. Запрашалі трэнерам у Амерыку. Але ў той момант я не хацела звязваць сваё жыццё са спортам. Я дамаглася выніку, мне хацелася атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта была асноўная мэта, з-за якой я засталася ў Мінску. Былі і іншыя прычыны: я стамілася, хацелася чагосьці новага. Усё ішло да таго, каб усё змяніць кардынальна. Напэўна, патрэбныя былі нейкія новыя цяжкасці (смяецца).

— У вас самой была цікавасць да стаматалогіі?

- Яшчэ з дзяцінства. Бацькі і мой першы трэнер па гімнастыцы ўспаміналі, што на пытанне, кім я хачу стаць, я заўсёды адказвала: стаматолагам. Чаму - не ведаю, бо ў дзяцінстве я заўсёды баялася гэтых дактароў. Напэўна, гэта больш мара маёй мамы. Яна хацела стаць лекарам, але ў выніку выбрала іншую прафесію. Ды і сярод сваякоў лекараў не было. Хіба што стрыечная бабуля была неяк звязана з медыцынай. Але я не стаўлюся да гэтай гісторыі сур'ёзна. Ва ўсіх дзяцей пастаянна пытаюцца, кім яны хочуць стаць. Планы могуць мяняцца. З шасці гадоў я займалася мастацкай гімнастыкай. З таго часу ўсе мае мары былі звязаны са спортам.

- Калі вы выбіралі прафесію, вас не бянтэжыла, што прыбыткі дактароў будуць куды меншыя, чым даходы спартсменаў?

— Напэўна, тады я пра гэта не задумвалася. Тады я свядома ішла ў медыцынскі, ведаючы, што дактары ў нашай краіне атрымліваюць менш … я нават не ведаю, з якой прафесіяй параўнаць нашы заробкі. Бо доктар — гэта найлепшая прафесія ў свеце, і яе павінны ацэньваць па вартасці. Я не кажу пра нейкія дарагія дамы, машыны і самалёты. Хоць бы пра нейкі сярэдні узроўні, які дазволіць доктару спакойна стварыць сям'ю і ўтрымліваць яе.

— Гэта значыць заробку вам не хапае?

— Не. Наўрад ці хто-небудзь з дактароў скажа, што яму дастаткова грошай. Праўда, асабіста я не магу скардзіцца. У мяне ўсё склалася досыць нядрэнна. Каб стаць стаматолагам, я патраціла свае алімпійскія прызавыя. Таму бацькам не прыйшлося за мяне плаціць. Пры неабходнасці родныя і блізкія могуць мне дапамагчы. Але сярэдняя зарплата доктара, ад якой трэба налічваць каэфіцыенты па катэгорыях, павінна быць вышэй, — сказала Марціновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?