«Абмяркоўвайце ў сацсетках», — кажа спадар Дынько пад сваім артыкулам «Поўны пераход» ці «размаўляю па-беларуску не ўвесь час»? Якая тактыка беларусізацыі правільная. Ну ок, так і быць.

Раскажу вам гісторыю пра сваё двухмоўе.

Тры гады таму я прачнуўся з думкай, што пачну размаўляць па-беларуску.

Пайшоў у кавярню «Ў». З не самым цвёрдым «ч» (каб па-беларуску, але не вельмі заўважна) вымаўляю:

— Мне чай чорны.

А дзяўчына такая:

— З цукрам?

Я разгубіўся, пачаў мыкаць. Яна падумала, што я не разумею беларускую і пераклала:

— С сахаром?

Мне з цукрам хацелася, але я піў з сахарам і вёў унутраны дыялог з рэфлексіямі. Рэфлексіі вынеслі вердыкт, што я гаўно, і я з імі пагадзіўся.

Нейкім ранкам я адчуў большую смеласць і паабяцаў сабе, што ўвесь дзень буду размаўляць толькі па-беларуску. Але схітрыў і абіраў словы, сугучныя з расійскімі.

«Адзін жэтон».

«Выходзіце?»

Па гэтым прынцыпе купіў сіні «ўінстан» замест чырвонага. На чырвоны смеласці не хапіла.

Першы сапраўдны дзень, які я пражыў па-беларуску, адбыўся ў Беластоку. Мы туды паехалі з Ангелінай — дзяўчынай з манастыра, якая мне падабалася. Калі выйшлі з маршруткі, я адразу перайшоў на беларускую. Было лёгка і прыемна. Яна — па-расійску, я — па-беларуску. Усе сцены кудысьці зніклі.

А вярнуліся дадому — і мяне ізноў заклініла. Ангеліна падарыла зборнік вершаў Барадуліна.

— Почему ты в Беларуси не говоришь по-белорусски?

Да паездкі ў Беласток я быў упэўнены, што не гавару па-беларуску праз страх выдзяляцца, які выдаюць кожнаму інтраверту пры нараджэнні. Але там мне, наадварот, увесь час хацелася размаўляць гучна, каб усе чулі.

Гэта як выйсці з пограба, дзе сядзеў трыццаць гадоў, і ўсім целам адчуць свабоду. У Беларусі гэтай свабоды я не адчуваю. А адчуваю віну. Нібыта ў спакойным стабільным беларускім моры я высунуўся са сваёй прыхамаццю і наганяю вецер, і абуджаю пытанні і непаразуменні.

Людзі падзяліліся на тых, з кім я размаўляю па-беларуску, а з кім — па-расійску. Амаль з усімі спрабаваў наладзіць беларускі кантакт, але цяжка камунікаваць на розных мовах.

— Будзеш каву з цукрам?

— Да-да, с сахаром.

Ну скажы ты: «Ага, з цукрам, з цукрам», зрабі ты мне аргазм! Але не, там жа ў галаве такая пазіцыя: «Я уважаю белорусскоязычных (афробелорусов), но сам разговариваю на русском, и не буду марать свою речь белорусскими словами, потому что нужно или так, или так». Ды наср.ць мне чыстая там рэч ці не. У мяне яна вабшчэ гразная. Мне галоўнае, каб быў кантакт.

От для гэтага кантакту я часта саступаю і пераходжу на расійскую. Для гэтага кантакту і мне саступаюць і пераходзяць на беларускую.

З двухмоўем узнікаюць шызоідныя сітуацыі, калі, напрыклад, я сустракаюся адразу з двума людзьмі, якія размаўляюць са мной і паміж сабой па-расійску, а я з адным — па-беларуску, а з другім — па-расійску, бо так склалася. І мы гаворым утрох, яны толькі так, а я — і так, і гэтак. І нас не тры, а чатыры, бо мяне — два, і адзін з іх лішні.

Ці, калі звоніць тэлефон, а там незнаёмы нумар — паніка! паніка! Хто гэта? На якой мове я з ім размаўляю?

Мне кажуць:

— Ай, не выпендривайся.

Не, ну чо, я проста выпендрываюся. Мне ж падабаецца ўся гэта блытаніна ў галаве. Для мяне беларуская мова — панты, ну. Я люблю рэфлексіі, люблю ненавідзець сябе, што не заўсёды маю смеласць казаць гучна, як я хачу. Гэта кайф такі — купляць сіняе замест чырвонага.

А бывала і так:

— Дайце, калі ласка… Ой, простите, то есть, пожалуйста.

Я сябе ламаю, а яна там сядзіць з прычоскай і тупа ўсміхаецца, маўляў: «Нічога, нічога, з кім не бывае, і мне часам ранні Колас сніцца».

Прасціця-ізвяніця, што я парушыў ваш спакой і пасмеў па-беларускі абраціцццццццца.

Я сам не разумею да канца свайго страху. Мусіць, ён на генным узроўні.

У каго такі самы дыягназ, хадземце да мяне ў палату, будзьма лячыцца разам.

Са спадаром Дынько я мушу пагадзіцца: яно лепей узяць, і гоп — і ніякіх кампрамісаў. Бо чым далей, тым болей кашы ў галаве і ўнутраных канфліктаў.

Трэба, як той кажа, рэзаць к чортавай мацеры, не чакаючы перытаніту.

Трэба вучыцца ўнутранай свабодзе, якая паўсюль, а не толькі ў Беластоку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?