Старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (420 дэнамінаваных рублёў) за ўдзел у акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка. Такое рашэнне 28 ліпеня вынесла суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава, паведаміў Шумчанка.

У пастанове суда, фотакопію якога Шумчанка размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, сказана, што 25 сакавіка ў 18.40 ён «узяў актыўны ўдзел у мітынгу, на правядзенне якога адсутнічае дазвол Мінгарвыканкама». Сведкай у судзе выступіў участковы міліцыянер Віталь Паўлоўскі, які заявіў, што Шумчанка «выкрыкваў лозунгі». Сам лідар «Перспектывы» гэта адмаўляе.

Шумчанка мае намер абскардзіць судовае рашэнне ў вышэйшай інстанцыі. «Міліцыянер на судзе казаў, што я выкрыкваў лозунгі, — гэта такая нахабная хлусня, што проста жах», — адзначыў ён.

Гэта ўжо трэцяе судовае пасяджэнне па адміністратыўным пратаколе, які міліцыянеры склалі ў дачыненні да Шумчанкі 25 сакавіка. Першапачаткова ён быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (6,3 млн недэнамінаваных рублёў), аднак абскардзіў рашэнне ў Мінгарсудзе. 28 чэрвеня гарадскі суд адмяніў штраф з-за працэсуальных парушэнняў, накіраваўшы справу на новы разгляд у раённы суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?