Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікае беларускія ўлады вызваліць блогера Эдуарда Пальчыса. Адпаведная заява размешчаная на сайце арганізацыі.

«Мы заклікаем да ўмоўна датэрміновага вызвалення Эдуарда Пальчыса, чыё прэвентыўнае турэмнае зняволенне не прапарцыйнае таму, што, як сцвярджаецца, ён зрабіў», — заявіў кіраўнік аддзела па Усходняй і Цэнтральнай Еўропе «Рэпарцёраў без межаў» Ёхан Бір.

Паводле яго слоў, «запісы і ілюстрацыі ў блогу павінны быць даследаваныя незалежнымі арганізацыямі — такімі як Беларуская асацыяцыя журналістаў, у той жа час беларускае заканадаўства аб злачынствах у сферы СМІ павінна развівацца». У праваабарончай арганізацыі перакананыя, што пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў падобных сітуацыях непрымальнае.

У заяве таксама нагадваецца, што ў Сусветным індэксе свабоды прэсы, які складаецца «Рэпарцёрамі без межаў», у 2016 годзе Беларусь займае 157-е месца са 180.

Стваральніка сайта www.1863x.com блогера Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер, абвінавачваюць у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?