Генадзь Бураўкін з задавальненьнем прымае гасьцей у сваёй бальнічнай палаце, нягледзячы на дзьве перажытыя за тыдзень апэрацыі. Зь пісьменьнікам гутарыць Сяргей Будкін.

«Не даюць скласьці крылы», — з усьмешкаю кажа паэт. Да яго пастаянна заходзяць ды тэлефануюць. Рыгор Барадулін падтрымаў сябру жартам перад апэрацыяй: «Станеш пасьля яе празорцам». Нават дэлегацыя з «Маладога фронту» наведала, узьнялі паэту настрой. Спадар Генадзь сам зьвярнуўся да мэдыкаў, адчуўшы, што пачаў сьлепнуць. Дыягназ — гляўкома левага вока. Дзьве апэрацыі прайшлі добра. «Спадзяюся захаваць абодва вокі», — спакойна кажа ён і пытаецца, што адбываецца ў краіне. Апавядаю, між іншага, што Арлову не дазволілі выйсьці на сцэну на прэзэнтацыі складанкі «Незалежныя», Марачкіна ізноў цягаюць праваахоўныя органы, гэтым разам за «Лялькі»…

«Наша Ніва»: Спадар Генадзь, чаму, па‑Вашаму, такая пільная ўвага да творцаў з боку дзяржавы?

Генадзь Бураўкін: Гайкі заціскаюць усё больш сур’ёзна. І такія выпадкі апошнім часам ужо ня дзівяць. Але ж тое, што адбылося з маім добрым сябрам Аляксеем Марачкіным, мяне зьдзіўляе нават па нашых мерках. Ужо карціна можа даць падставы да прыцягненьня да судовай адказнасьці. Дык тады можна прыйсьці да судоў над аўтарамі шаржаў ды эпіграмаў. Чэрчыль яшчэ казаў, што трэба насьцярожыцца, калі карыкатуры на палітыка зьнікаюць з газэтаў. Баюся гэта гаварыць, што за ўсім гэтым праглядаецца напамін пра той страшны 37‑ы год у адносінах да інтэлігенцыі.

«НН»: Згадваецца вечарына з нагоды вашага 70‑годзьдзя, якую намагаліся забараніць. Ці Вы самі не трымаеце крыўды на тых чыноўнікаў, на тых людзей, якія маглі б падтрымаць Вас, але не зрабілі таго? Тыя ж Паплаўская зь Ціхановічам, якія шмат у чым Вам абавязаныя, на тую вечарыну так і не прыйшлі…

ГБ: Да Ядзі з Сашам крыўдаў не маю. Яны гатовыя былі прыйсьці ў той дзень, калі б папрасіў. Але думаў пра іх, пра тое, што ім пасьля будзе цяжка, што ім не дадуць нармальна працаваць. І я ім сказаў, што ня трэба прыходзіць. Тым больш, няма чаго крыўдаваць на чыноўнікаў, бо не яны прымаюць рашэньні. За іх гэта робяць два—тры чалавекі, якія ня тое што ня ведаюць, ня любяць беларускае, а проста ненавідзяць. Яны не самастойныя, сёньня — такія, а заўтра будуць дарыць кветкі і падганяць машыну да пад’езду. Але людзі не залежаць ад іх. З прыемнасьцю прыгадваю, колькі чалавек прыйшлі ў той дзень, для якіх цікава і дорага тое, што я раблю.

«НН»: Але няўжо нічога ў Вас не зварухнулася ад той навіны, што наўзамен вашай «Калыханкі», якая столькі год гучала на БТ, сёлета запісалі новую ў выкананьні Дарафеевай?

ГБ: Быў бы толькі рады, каб тая калыханка была цікавейшай. Час вымагае зьменаў. Новай «Калыханкі» я ня чуў, але тэкст яе прачытаў. Даруйце, але ён паэтычна недасканалы, выпадковы. Там няма нічога свайго: ні сваіх інтанацый, ні сваіх вобразаў, ні сваёй унутранай мэлёдыі. Я ж не вінаваты, што ў нас выйшла такая добрая «Калыханка», якую палюбілі дзеці. І не вінаваты, што маю прозьвішча Бураўкін, якое ўнесена ў забаронныя сьпісы. Я б на месцы Ірыны Дарафеевай захоўваў павагу да сваіх настаўнікаў. Яна, між іншага, вучаніца Васіля Раінчыка, які напісаў музыку да маёй «Калыханкі», і мяне добра ведае. Але, відаць, яе новыя настаўнікі вучаць паводле нейкіх іншых правілаў.

«НН»: Тым ня менш, хоць Ваша пэрсона ігнаруецца дзяржаўным тэлебачаньнем начыста, шмат якія песьні Вашага аўтарства працягваюць гучаць і на радыё, і на тэлебачаньні. Якія маеце эмоцыі, калі чуеце, як на афіцыёзным мерапрыемстве чарговы раз зацягваюць «Завіруху»?

ГБ: Мне прыемна, што гэтая песьня так доўга жыве. І гучыць яна не таму, што мяне нехта палюбіў, а таму, што за больш чым 10 год не зьявілася нічога новага. Прылашчаныя чыноўнікамі музыкі і паэты, якіх яны ўсё ўздымаюць ды ўзнагароджваюць, ня здолелі нічога стварыць такога, што гучала б хоць бы ўпоравень зь песьнямі, напісанымі ў свой час Гілевічам і Зарыцкім, Някляевым ды Захлеўным, Барадуліным і Ханком. Вось пра што чыноўнікам трэба задумацца: чаму цяпер няма такіх песень, якія б падхапілі людзі.

«НН»: Што асабіста Вас захапіла з апошніх твораў, пра якія не пачуць на дзяржаўных мэдыях?

ГБ: Найперш вылучу бліскучую рэдкую кнігу на многія гады — «Ксты» Рыгора Барадуліна. Выдатныя новыя творы Віктара Казька і Ўладзімера Някляева. Па‑новаму стаў пісаць Анатоль Вярцінскі. Вельмі рады, што праз колькі год маўчаньня ён зноў заявіў пра сябе. Вельмі цікава моладзь працуе. Вартага вельмі многа. Іншая справа, што гэта хаваецца ад шырокіх масаў, як мы прывыклі казаць. Дзяржаўныя ігнаруюць, а ў незалежных выданьняў, на жаль, вузкі абсяг чытачоў.

«НН»: Ці не настальгуеце па ранейшых часах, ранейшых накладах, ранейшых магчымасьцях?

ГБ: Не магу сказаць, што я абмінуты ўвагаю ці абсалютна не заўважаны. Вось, у апошнім нумары «Дзеяслова» выйшла падборка маіх новых вершаў. Зусім нядаўна Зьміцер Вайцюшкевіч цэлы дыск запісаў на мае лірычныя вершы. Канечне, хацелася, каб тыя песьні гучалі на тэлевізіі і радыё, бо яны ня горш за тыя, якія там цяпер раскручваюцца. Веру, што час паставіць усё на свае месцы. Няхай і са спазьненьнем. Таленты не пахаваеш жандарскімі мэтадамі.

«НН»: Хачу спытаць у Вас як у чалавека, які стаяў на чале Белтэлерадыёкампаніі больш за дзесяць гадоў: ці здольнае хоць неяк паспрыяць давядзеньню да шырокіх масаў сапраўдных твораў незалежнае беларускае тэлебачаньне? Якім яно Вам бачыцца?

ГБ: Яно абсалютна неабходна, бо тэлебачаньне — самая магутная крыніца інфармацыі. У нашым выпадку тут вялізная тэхнічная, а значыць, і фінансавая, праблема. Сытуацыя зь «Белсатам» пра тое сьведчыць — пахваліцца вялікай аўдыторыяй канал ня можа. Як бы я хацеў, каб у нашай прасторы незалежныя тэлеканалы і радыёстанцыі канкуравалі на роўных зь дзяржаўнымі. Людзі глядзелі б найбольш цікавае, і гэтыя ўсе блізьнюкі, як я іх называю, — Першы канал, АНТ, СТВ — намагаліся б падцягнуць свой прафэсійны ўзровень. У сёньняшняга беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня тры агромністыя недахопы: гэта небеларускае, неінтэлектуальнае, непрафэсійнае тэлебачаньне. Мяркую, што яны б ня вытрымалі канкурэнцыі з тэлеканалам, дзе працавалі б прафэсіяналы, якія адчуваюць сябе прадстаўнікамі беларускай зямлі і разумеюць, што ў нас час трэба быць інтэлектуаламі.

Гутарыў Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0