Камітэт па мове і тэрміналогіі пры ўрадзе Таджыкістана вырашыў штрафаваць журналістаў, якія парушаюць нормы таджыкскай мовы.
Памер штрафу для фізічных асоб складае ад 75 да 100 даляраў, для юрыдычных асоб або чыноўнікаў — ад 150 да 200 даляраў у мясцовай валюце.
Як паведаміла кіраўнік камітэта па мове Гаўхар Шарыфзода, журналісты сталі часта ўжываць не зразумелыя для простых людзей словы.
«Некаторыя журналісты ўжываюць у сваіх матэрыялах да 10 такіх слоў. Яны ж не зразумелыя простаму чытачу, гледачу, слухачу. Пры гэтым груба парушаюцца нормы дзяржаўнай мовы. У нас ёсць граматыка, правілы правапісу, патрабаванні захавання нормаў дзяржаўнай мовы, якія мы абавязаныя выконваць», — заявіла старшыня камітэта па мове і тэрміналогіі пры ўрадзе краіны Гаўхар Шарыфзода.
У камітэце будзе створаная спецыяльная група, якая будзе праглядаць тэлеперадачы і слухаць радыёпраграмы, а таксама чытаць газеты з мэтай выяўлення парушэнняў.
Чыноўнікі камітэта маюць намер сустрэцца з кіраўніцтвам ўсіх дзяржаўных і прыватных СМІ, каб абмеркаваць пытанне аб важнасці захавання нормаў таджыкскай мовы.
Нагадаем, у канцы красавіка ўлады Таджыкістана афіцыйна забаранілі рэгістраваць імёны па бацьку і прозвішчы на рускі манер.