Спецыяльныя рухомыя мішэні з кардону, вельмі блізкія па памерах і форме да расійскіх танкаў Т-90, выкарыстоўваліся падчас сумесных вучэнняў амерыканскіх і балгарскіх войскаў.

Пра гэта сведчыць відэа, якое патрапіла ў інтэрнэт каля тыдня назад.

«Жаўнеры 3 батальёна 69 бранятанкавага палка разам з балгарскімі хаўруснікамі вялі агонь з танкавых пушак, індывідуальнай і калектыўнай стралковай зброі ў Балгарыі на палігоне Ново Село 25 чэрвеня», — гаворыцца ў артыкуле на сайце defence-blog.com.

3 батальён 69 бранятанкавага палка ЗША ўдзельнічаў у першай вайне з Іракам за вызваленне Кувейта, у аперацыі ў Косава, але стаў вядомым, калі ў 2003 годзе захапіў аэрапорт Багдада. У часы Халоднай вайны падраздзяленне ў асноўным базіравалася ў Германіі на выпадак нападу з боку СССР.

Разам з амерыканскімі танкамі M1A2 Abrams у стральбе па «расійскіх танках» удзельнічалі балгарскія T-72.

«Наша здольнасць на самалётах даставіць танкі з Германіі сюды за тры дні ў баявой гатоўнасці паказвае еднасць і здольнасці ўсіх хаўруснікаў НАТА», — адзначыў камандзір амерыканскага танкавага звязу першы лейтэнант Фрэнк Вуд.

Агрэсія Масквы супраць Украіны ў 2014 годзе прымусіла НАТА перагледзець свае абаронныя прыярытэты і звярнуць увагу на пагрозу з Крамля. У 2016 годзе прайшлі самыя маштабныя з часоў Халоднай вайны вучэнні па абароне ад нападу з Усходу - «Anakonda-16».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?