Стала вядома, хто з беларускай зборнай панясе сцяг на адкрыцці Алімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра. Прынятае рашэнне, што дзяржаўны штандар панясе раварыст Васіль Кірыенка.

Раней планавалася, што сцяганосцам будзе стралок Сяргей Мартынаў. Змены ўнесеныя па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта, які мяркуе, што такую місію павінен выконваць спартсмен, а не трэнер, паведамляе «Спартыўная панарама»

Васілю Кірыенку 35 гадоў, ён родам з Рэчыцы. Цяпер жыве ў Іспаніі. Галоўная ягоная перамога ў індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету 2015 года.

Шырокі розгалас сёлета атрымалі выказванні Васіля Кірыенкі пра беларускую мову, якую ён назваў мёртвай.

«Мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую. Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку.

Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не! Я некалі таксама вывучаў мову, нават пяцёркі меў, але пасьля школы яна мне нідзе не прыдалася!» — сказаў Кірыенка.

Як бачым, такія выказванні не адбіліся негатыўна на перспектывах Кірыенкі, калі яму даверылі такую пачэсную місію.

Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра пройдзе ад 5 да 21 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?