Віцэ-спікер сейма Польшчы Рышард Тарлецкі лічыць, што перыяд нявыкарыстаных шанцаў ва ўзаемаадносінах яго краіны з Беларуссю «практычна завершаны». Пра гэта польскі палітык заявіў журналістам па выніках сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам 2 жніўня ў Мінску.

Тарлецкі сказаў, што яго візіт закліканы пацвердзіць, наколькі важная для Польшчы нармалізацыя адносінаў з Беларуссю. «Беларусь была і будзе суседам Польшчы, таму нармалізацыя адносін важная для абодвух бакоў», — падкрэсліў ён. Віцэ-спікер сейма выказаў надзею на далейшае развіццё адносін паміж краінамі, для чаго парламентарыі, паводле яго слоў, «будуць прыкладаць максімум намаганняў».

Польскі парламентарый паведаміў, што на сустрэчы з Андрэйчанкам бакі акрэслілі шэраг важных пытанняў для далейшага абмеркавання, у прыватнасці гістарычны дыялог і польская нацыянальная меншасць у Беларусі. «Думаю, мы прыйдзем да станоўчых вынікаў», — адзначыў ён.

Тарлецкі таксама звярнуў увагу на тое, што Польшча з`яўляецца своеасаблівым мостам паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. «Спадзяюся, пасля вераснёўскіх выбараў да вас не будзе пытанняў, і адносіны Беларусі і ЕС працягнуць нармалізацыю», — заявіў ён.

Сёння парламенцкая дэлегацыя Польшчы таксама сустрэнецца са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. На 3 жніўня запланаваныя сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной і мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама наведванне Курапатаў. 4 жніўня пройдуць сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і польскай абшчыны ў Баранавічах, у Брэсце дэлегацыя пагутарыць з польскімі бізнесменамі, якія інвестуюць у Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?