Жанчына з аўстралійскага рэгіёну Тасманія у 63 гады ўпершыню стала маці, бацьку дзіцяці — 78 гадоў. Дзіця нарадзілася на тэрміне 34 тыдні з дапамогай кесарава сячэння.

Зацяжарыць жанчыне ўдалося пасля шматгадовых спробаў правесці штучнае апладненне донарскімі яйцаклеткамі. Апошняя такая спроба аказалася паспяховай. Імёны бацькоў і нованароджанай дзяўчынкі не выдаюцца.

«Мы разумеем вялікую цікавасць да гэтай гісторыі, але сям'я не шукае публічнасці ні цяпер, ні ў будучыні», — цытуе Sydney Morning Herald Майкла Розэка, прадстаўніка прыватнай бальніцы Frances Perry House ў Мельбурне, дзе была зробленая аперацыя.

Папярэдні аўстралійскі рэкорд шэсць гадоў утрымлівала 60-гадовая маці, а сусветны належыць жыхарцы Румыніі па імі Адрыяна. У 2005 годзе яна нарадзіла ва ўзросце 66 гадоў.

Медыкі жорстка раскрытыкавалі новаспечаных бацькоў. Кіраўнік Аўстралійскай медыцынскай асацыяцыі Майкл Гэнан назваў іх рашэнне завесці дзіця вар'яцкім, няправільным і эгаістычным. Паводле яго слоў, чалавечае цела «не створанае для таго, каб мець дзяцей у 60 гадоў».

Прафесар Гэб Ковакс, эксперт па ЭКА, у сваю чаргу, адзначыў, што цяжарнасць у такім узросце можа ўяўляць небяспеку і для маці, і для дзіцяці. «Акрамя таго, калі дзяўчынцы будзе 21, яе маці будзе 84», — адзначыў ён.

«Няўжо вы даяце дзіцяці найлепшае жыццё з магчымых? Інтарэсы дзіцяці павінны быць першачарговымі», — рэзюмаваў Эднан Катаковіч з Гарадскога цэнтра рэпрадуктыўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?