Кампанія Moon Express атрымала магчымасць стаць першай прыватнай кампаніяй, якая адправіць касмічны апарат на Месяц, — урад ЗША ў сераду ўхваліў праект місіі.

techcrunch.com

«Толькі тры супердзяржавы высаджваліся на якую-небудзь планету — мы станем чацвёртай супердзяржавай», — паабяцаў сузаснавальнік кампаніі Навін Джэйн у інтэрв'ю. Ён спадзяецца, што пасадку ўдасца здзейсніць ужо ў 2017 годзе.

Кампанія Moon Express, якая базуецца ў Фларыдзе, спадзяецца выйграць конкурс на высадку першага ў свеце прыватнага месяцахода — Google Lunar X-Prize, прызавы фонд якога складае 30 млн даляраў.

Прыз будзе ўручаны кампаніі, якая зможа першай пасадзіць касмічны апарат на Месяц. Па ўмовах конкурсу, апарат павінен праехаць 500 метраў па паверхні Месяца і перадаць відэа ў высокай якасці назад на Зямлю.

Заяўку на ўдзел у цяперашні час падалі 16 кампаній, некалькі з іх таксама плануюць запуск на 2017 год.

Рэгулюючыя органы ЗША ўпершыню выдалі ўхвалу для прыватнай місіі, якая выходзіць за межы калязямной арбіты.

Да гэтага камерцыйныя кампаніі ў асноўным запускалі спадарожнікі, а ўсе спецыялізаваныя прыватныя місіі, напрыклад, дастаўка грузаў на касмічную станцыю, кантраляваліся НАСА.

Амерыканскае заканадаўства аказалася не гатовым да праекта кампаніі, і дазвол для Moon Express пакуль носіць індывідуальны характар.

Аднак палітыкі ў ЗША ўжо актыўна працуюць над законапраектамі, якія рэгулююць падобныя місіі, піша выданне Verge.

Неабходнасць у падобным заканадаўстве ў бліжэйшы час, відавочна, узрасце: кампанія SpaceX ужо абвясціла аб планах адправіць касмічны карабель на Марс у 2018 годзе, а Bigelow Aerospace хоча да 2020 года запусціць праект касмічных гатэляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?