На спецыяльнай прэс-канферэнцыі Ваенна-паветраныя сілы ЗША абвясцілі, што ўзроўню «пачатковай боегатоўнасці» дасягнула першая эскадрылля, узброеная знішчальнікамі 5 пакалення F-35A, паведаміў партал defensenews.com.

Крытэрыі «пачатковай боегатоўнасці» - наяўнасць як мінімум 12 самалётаў у патрэбнай мадыфікацыі, здольнасць выконваць базавыя задачы па падтрымцы наземных войск, весці баі ў паветры і змагацца з варожай паветранай абаронай.

Таксама лётны і тэхнічны персанал павінен быць падрыхтаваным, а самалёты і пілоты павінны быць гатовымі да выкарыстання як мінімум ракет «паветра-паветра» сярэдняй дальнасці і карэктаваных авіябомбаў з унутраных кантэйнераў.

gannett-cdn.com

gannett-cdn.com

З F-35 ЗША могуць захаваць панаванне ў паветры на наступныя 30-40 год, адзначалі раней прадстаўнікі Пентагона.

Цяпер Расія і Кітай распрацоўваюць свае машыны пятага пакалення, аднак да прыняцця іх на ўзбраенне могуць прайсці яшчэ многія гады.

F-35 Lightning II — шматмэтавы знішчальнік пятага пакалення, які мае радыкальна зніжаную заўважнасць для радараў. Самалёт мае тры асноўныя мадыфікацыі: F-35A — базавая мадэль для ВПС, F-35B — мадэль вертыкальнай пасадкі і скарочанага ўзлёту, F-35C — мадэль для марской авіяцыі, аптымізаваная для ўзлёту і пасадкі на авіяносцах.

Самалёт мае вельмі шырокую наменклатуру ўзбраення і мае аб'ёмныя ўнутраныя кропкі падвескі ракет і бомбаў для захавання мінімальнай заўважнасці.

У бой на Бліжні Усход самалёт, хутчэй за ўсё, патрапіць не раней за 2017 год. Базіравацца машыны будуць таксама ў Еўропе і на базах у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Цяпер ЗША маюць ужо каля 200 самалётаў F-35 розных мадыфікацый. Таксама хаўруснікі ЗША маюць свае мадыфікацыі самалёта.

Кошт кожнай машыны на пачатковым этапе — каля $100 млн з-за адносна малой серыі, але далей кошт будзе зніжацца з-за росту аб'ёму замоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?