Беларускі стралок заняў трэцяе месца на міжнародным конкурсе «Снайперскі рубеж», які праходзіць у Казахстане, паведамляе soyuz.by.
Фота: defence.ru
На першым этапе спаборніцтваў «Стральба на залік» неабходна было папасці ў цэль са снайперскай вінтоўкі СВД-С. Стральба вялася з адлегласці ў 300 м па грудной мішэні, у гэтым спаборніцтве было 72 ўдзельнікі.
Каб папасці ў цэль, стралку выдавалася па 10 патронаў і пяць хвілін на выкананне практыкавання.
Найлепшы вынік паказаў курсант расійскага агульнавайсковага каманднага вучылішча з Далёкага Усходу, які набраў за 1,51 хвіліны 93 балы. Другі вынік у прадстаўніка Манголіі — 91 бал за 2,5 хвіліны. На трэцім месцы аказаўся снайпер з Беларусі.
У далейшым ўдзельнікі конкурсу будуць змагацца за перамогу яшчэ ў двух практыкаваннях: «Снайпер у абароне» і «Снайпер у наступе». Усяго ў спаборніцтвах, якія праходзяць з 2 па 9 жніўня на навучальным палігоне адной з вайсковых баз, размешчаных у Жамбылскай вобласці Рэспублікі Казахстан, бяруць удзел вайскоўцы з 12 краін: Арменіі, Беларусі, Венесуэлы, Грэцыі, Зімбабвэ, Індыі, Ірана, Казахстана, Кіргізіі, Кітая, Манголіі і Расіі.