Нядаўна «Наша Ніва» паведамляла пра маладую выпускніцу ЕГУ Мілену Келер, якая збіраецца балатавацца ў дэпутаты ад «ліберальна-дэмакратычнай» партыі Гайдукевіча.

Гэтая партыя — традыцыйны спарынг-партнёр улады, пакліканая ствараць у вачах замежных назіральнікаў ілюзію палітычнай барацьбы ў Беларусі, пачынаючы ад мясцовых выбараў і сканчаючы прэзідэнцкімі.

Але мы паразмаўлялі з 22-гадовай дзяўчынай. 

З мінімальным рэдагаваннем прыводзім развагі кандыдаткі пра актуальныя тэмы палітычнага і сацыяльнага жыцця краіны.

Мілена Келер. Тут і далей фота з прыватнага архіва

Мілена Келер. Тут і далей фота з прыватнага архіва

Пра сябе

«Я не тусоўшчыца, па клубах не хаджу, алкаголь не ўжываю. Проста працую ў кампаніі, якая займаецца канцэртамі, таму я мушу наведваць такія ўстановы, бо гэта мая работа. Я не клубная дзіва – захапляюся кандытарскім майстэрствам і вельмі люблю жывёл. Мы з маці дапамагаем сабакам і катам, якія маюць патрэбу, ахвяруем грошы і возім ім ежу ў прытулкі. Апошняя прачытаная кніга – «У вайны не жаночае аблічча» Алексіевіч. Вельмі цяжка далася гэтая кніга. Чытаць я люблю. Але кнігі пра палітыку не чытаю, тое ж самае з дэтэктывамі і фантастыкай. Абіраю штосьці, што можа прыдацца ў рэальным жыцці».

Пра фальсіфікацыі на выбарах

«Я веру ў сумленныя выбары, у іншых удзелу не брала, судзіць не магу. Але не бачу прычыны не перамагчы тым людзям, якія маюць добрыя мэты і намеры. Я – рэальны кандыдат, гэта мой выбар. Я чытала на «НН» каментары, і многія пісалі, што партыя падстаўная і кандыдаты такія ж самыя, але гэта не так. Мой выбар свядомы. Я адзін з самых маладых кандыдатаў і не прэтэндую адразу на пост дэпутата, не кажу, што адразу мушу перамагчы».

Навошта ідзе на выбары

«Мой узрост бліжэй да моладзі, якой у краіне надаецца мала ўвагі. Інтарэсы моладзі не так праглядаюцца і вар’іруюцца, ў адрозненні ад старэйшага пакалення. Я камунікую з моладдзю і бачу, што яны прыязджаюць у сталіцу, бо ім не падабаюцца іх гарадкі, дзе яны выраслі. Няма інтарэсу там заставацца. Яны хочуць культурнага жыцця, каб жыццё працякала насычана. Трэба надаць гэтаму ўвагу, каб моладзь не саромелася, што яна з маленькіх гарадоў. Я за пашырэнне культурнага жыцця ў гарадах.

Я не буду казаць, што я буду рабіць усё, каб падняць заробак і стварыць рабочыя месцы, не дэпутаты гэтым займаюцца, а іншыя інстанцыі і іншыя людзі. Я пазіцыяную сябе як чалавека, якія прыслухоўваецца да людзей, які хоча даць ім нешта тое, што будзе даваць ім сілы ў рабоце. Каб яны не толькі хадзілі на работу, а разумелі, што ёсць у жыцці штосьці яшчэ, што прыносіць радасць, як можна бавіць час. Я не кажу, што моладзь павінна заставацца ў сваіх гарадах, яны мусяць прыязджаць туды з гонарам. Каб прыехаць да бацькоў і не адчуваць, што, маўляў, я паехаў да бацькоў і мне няма чаго было там рабіць, і таму я прасядзеў дома. Я хачу, каб былі агульнадаступныя мерапрыемствы, каб канцэрты на плошчы ля Ратушы былі не толькі ў Мінску, і не толькі па нядзелях, і не толькі ўлетку. Я хачу, каб людзі думалі не толькі пра павелічэнне заробку, а думалі, што ёсць іншы бок жыцця, які можа несці радасць, зацікаўленасць, і разбаўляць шэрыя рабочыя будні».

Пра сваю праграму

«Да таго моманту, пакуль мяне не зарэгіструюць, я б не хацела расказваць пра сваю праграму. Калі мяне не зарэгіструюць, то я дапрацую і наступны раз паспрабую. У маёй акрузе 60 тысяч чалавек, што не многа і не мала. Трэба імі займацца, прыслухоўвацца, я хачу зразумець, што б менавіта яны хацелі, што іх хвалюе. Я разумею, што іх хвалюе заробак і працоўныя месцы. І я буду рада, калі іншыя кандыдаты штосьці прапануюць у гэтай сферы, і гэта атрымаецца. Са свайго ж боку я хацела б культурныя мерапрыемствы правесці».

Пра тое, што парламент мінулага склікання за 4 гады ініцыяваў толькі 3 уласныя законапраекты

«Я спадзяюся, што той парламент, які збярэцца, будзе адрознівацца па інтарэсах і ўзросце ад папярэдняга».

Пра апазіцыю

Я не падзяляю — апазіцыя, не апазіцыя. Я са сваім меркаваннем на кожную тэму, я неабыякавы чалавек, які хоча штосьці зрабіць і разумее, што ў адзіночку нічога не зрабіць. Я неабыякавая, так скажам. А БНФ і АГП могуць перамагчы, калі іх кандыдаты будуць прапагандаваць здаровыя ідэі. Усё залежыць не ад партыі, а ад чалавека».

Пра «ліберальна-дэмакратычную» партыю

«Хтосьці яе не лічыць сур’ёзнай, хтосьці лічыць. Але людзі ў ёй сабраліся ў гэты раз даволі паспяховыя. Яны хочуць зрабіць жыццё людзей лепшым, я бачу спробы штосьці змяніць».

Пра лібералізм і дэмакратыю

«Я дэмакратычная ў некаторых пытаннях, але зараз я б не хацела казаць, у чым менавіта я дэмакратычная. Мая пазіцыя да ліберальных ідэй – усё, што добра для людзей і не наносіць шкоды іміджу краіны і людзям, павінна разглядацца і брацца да ўвагі і, можа быць, мець месца быць».

Пра Украіну і Расію

«Правакацыйная і скандальная тэма, якая не адзін год падымаецца, яна мусоліцца ўсімі – раўнадушнымі і нераўнадушнымі. Я не за адзін і не за другі бок, я трымаю нейтралітэт, я не лічу правільным забіваць людзей. Войны нічога не нясуць, апроч гора. Любыя ваенныя дзеянні я асуджаю».

Чый Крым?

«Крым для людзей – усіх нацыянальнасцяў і ўзростаў. Для мяне ён цяпер нічый, сам па сабе. Людзі, што там жывуць, яны там жывуць і будуць жыць. Іх меркаванне можа разыходзіцца з геаграфічным палажэннем. Крым – гэта Крым, Украіна – гэта Украіна, Расія – Расія. Гэта іх пытанні».

Пра БЧБ і Пагоню

«Мне бліжэй «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. Калі ў парламенце давядзецца яшчэ раз галасаваць за дзяржаўную сімволіку, то я б прагаласавала за гэтую. Але каб гэта ўсё было мірна, пры ўмове, што гэта не стане прычынай раздору. Дзве сімволікі павінны суіснаваць, я так думаю».

Пра БРСМ

«Калі людзі там – гэта ім падабаецца, калі гэта ім падабаецца – гэта прыносіць карысць дзяржаве».

Пра Год культуры

«Год недастаткова насычаны культурнымі мерапрыемствамі, але, у параўнані з мінулымі гадамі, вельмі насычаны. Не хапае культурных мерапрыемстваў: «Музыкальныя вечары ля Ратушы» толькі ў Мінску… Трэба арганізоўваць паўсюль».

Пра беларусізацыю

«Я за лагодную беларусізацыю, усю вонкавую рэкламу можна перакласці на мову — гэта крок да адраджэння. Таксама праблема, што шмат людзей не рэалізоўваюцца тут, а едуць за мяжу і робяцца там вядомымі. Потым мы кажам: о, гэта ж беларус. Так, але на радзіме на яго не звярнулі ўвагі, бо ён беларус. Трэба даваць шансы сваім суайчыннікам, каб яны раскрыліся».

Пра сярэдні заробак

«Чалавек такая натура, што колькі ні дай, будзе мала. Тут усе са мной пагодзяцца. Калі цяпер сярэдні заробак 7 мільёнаў, людзям мала… То дай 12 – тое ж самае будзе. Каб паехаць не ў Крым, а ў Турцыю, каб купіць адну машыну, а не другую. Трэба цаніць тое, што ўжо ёсць, але імкнуцца да большага. Калі сярэдні заробак будзе праз два гады хаця б 800 даляраў, гэта будзе ўжо вялікі крок як для краіны, так і для людзей».

Беларусь у Расію ці ў Еўропу?

«Я лічу, што Беларусь адносіцца да Еўропы. Беларусь больш цывілізаваная, людзі больш выхаваныя, цывілізаваныя і талерантныя. І ў прынцыпе тое, да чаго мы ідзём, задае высокія стандарты якасці. У Расіі ўсё ідзе не ў тым кірунку. Развіваюцца буйныя гарады – а зазірнеш у малыя, страшна робіцца, як там людзі жывуць. У нас жа з кожным годам робіцца ўсё лепш, а тыя, хто скардзіцца… Такія людзі заўсёды будуць і ёсць. Але можна параўнаць тое, што было тры гады таму і пяць гадоў таму, і сёння, то ўсе пагодзяцца, што гэта — агромністы крок і прарыў у тым, чаго мы дасягнулі».

Пра гасцініцы

«Я думаю, што калі мы перастанем будаваць гасцініцы, а пачнём надаваць увагу, скажам, больш важным рэчам – як я ўжо казала, я за тое, каб людзі сталі больш гуманнымі і добрымі, я лічу, што трэба дапамагаць людзям. Трэба перанакіраваць усе сілы і рэсурсы. Давайце пабудуем больш бальніц і падымем заробкі людзям, якія вучаць і лечаць, каб краіна выйшла на новы ўзровень. Вялікая колькасць гасцініц не ўплывае на якасць жыцця людзей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?