Алесь Чыгір, у сваю чаргу, заявіў суддзі, што катэгарычна не згодны з абвінавачваннем у хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і што ніякіх пратаколаў аб правапарушэнні не падпісваў.
Актывіст руху «За Свабоду» адразу пасля вызвалення накіраваўся ў судмедэкспертызу, каб зняць пабоі, нанесеныя яму ў аддзяленні міліцыі № 1 УВД Бабруйскага гарвыканкама.
Алесь Чыгір збіраецца скардзіцца на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру і ў аддзел унутранных расследаванняў УВД.
Як нагадвае прэс‑служба Аляксандра Мілінкевіча, актывіст руху «За Свабоду» ўвечары 29 траўня быў затрыманы і з ужываннем сілы дастаўлены ў РАУС Ленінскага раёна Бабруйска.
Алесь Чыгір, якому менавіта 29 траўня споўнілася 36 гадоў, быў схоплены каля свайго дома, калі выходзіў з таксоўкі № 6688 ТР разам з жонкай і дзецьмі. Па некаторай інфармацыі, менавіта кіроўца таксі справакаваў затрыманне актывіста міліцыяй.
Па сведчанням жонкі і паплечнікаў, якія рушылі за затрыманым у аддзел міліцыі, Алеся Чыгіра ў райаддзеле паклалі на падлогу і надзелі кайданкі. Актывісты ўбачылі, як Алеся збіваў супрацоўнік міліцыі, які нядаўна рабіў у яго доме ператрус.
Міліцыянты адмовіліся паведаміць жонцы пра прычыны затрымання Алеся Чыгіра.