Унія не з'яўляецца нацыянальнай рэлігіяй беларусаў, заявіў патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел падчас пропаведзі ў кафедральным Спаса-Прэабражэнскім саборы Магілёва.

Пропаведзь адбылася ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных свяціцелю Георгію Каніскаму, якія праходзяць у Магілёве 5—6 жніўня.

«Некаторыя кажуць, што нібыта католікі — гэта палякі, італьянцы, а праваслаўныя — гэта Масква, масквічы, а нацыянальная рэлігія беларусаў — унія», — заявіў мітрапаліт Павел.

«Патрыярх Кірыл, сустракаючыся з Папам, падпісалі дакумент, у якім асуджаецца унія», — дадаў ён.

Паводле слоў кіраўніка БПЦ, унія не з'яўляецца чымсьці, што аб'ядноўвае, а, наадварот, «была страшнай спробай навязаць праваслаўным каталіцкую веру».

Мітрапаліт Павел нагадаў, што менавіта дзякуючы дзейнасці свяціцеля Георгія Каніскага ва ўлонне праваслаўнай царквы з уніі вярнуліся сотні тысяч чалавек.

Патрыяршы экзарх адзначыў, што, цяпер «ніхто не ўціскае за рэлігійныя перакананні, можна хадзіць ці не хадзіць у храмы, аднак гэта ёсць спакуса свабодай і трэба спытаць сябе, як часта мы наведваем храмы, выконваем запаведзі Божыя».

У набажэнстве, якое прайшло ў самым новым у Магілёве храме, узялі ўдзел епіскапы Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, Тураўскі і Мазырскі Леанід, Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін.

Мінулай ноччу ў Свята-Нікольскім жаночым манастыры Магілёва адбылося ўсяночнае трыванне ў гонар Георгія Каніскага, а сёння прайшоў прысвечаны яму хросны ход ад манастыра да дома на Архірэйскім вале Георгія Каніскага, дзе жыў свяціцель.

Нагадаем, сёлета праваслаўная грамадскасць Магілёва ініцыявала перайменаванне плошчы Арджанікідзэ ў плошчу свяціцеля Георгія Каніскага. Былі сабраныя больш за 2,5 тысячы подпісаў.

Імя філосафа, педагога, багаслова і грамадскага дзеяча Рэчы Паспалітай, а затым Расійскай імперыі Георгія Каніскага цесна звязана з Магілёвам: у 1755 годзе ён быў пасвечаны ў сан епіскапа Магілёўскага, актыўна змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на беларускай зямлі. У 1795 годзе адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню і перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Феафана Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект», як ён называў беларускую мову. У тым жа годзе стварыў пры Спаскім манастыры навучальныя класы і заснаваў духоўную семінарыю для святароў, сабраў значны архіў дакументаў па гісторыі праваслаўнай царквы. У 1793 годзе Каніскі стаў архіепіскапам і быў абраны ў Сінод. Яго намаганнямі была арганізавана праваслаўная Мінская епархія. Далучаны да ліку мясцовашанаваных святых Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы ў 1993 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?