На адным з найбуйнейшых навінавых парталаў Расіі Lenta.ru з'явіўся чарговы матэрыял, у якім крытыкуецца беларускае кіраўніцтва і ствараецца ўражанне ўзмацнення нейкіх русафобскіх арганізацый.

На гэты раз істэрыку «Ленты» выклікаў нядаўні сюжэт АНТ, у якім пераказвалася расследаванне «Нашай Нівы» пра вываз беларускіх дзяцей на трэніроўкі да неанацыстаў у Падмаскоўе. 

Lenta.ru cцвярджае, што сюжэт АНТ даволі спецыфічны: маўляў, у гэтай краіне дзяржаўныя медыя абмяжоўваюцца асвятленнем непалітычных тэм і рэтрансляцыяй навін ад агенцтваў, таму дэманстрацыя такога жорсткага (па беларускіх мерках) сюжэта азначае толькі адно — замову з боку ўладаў. 

Прыводзяцца спасылкі на выказванні галоўнага рэдактара «Советской Белоруссіі» Паўла Якубовіча, дзе той крытыкаваў казацкія летнікі, а таксама публікацыя ў СБ артыкула пра расійскіх неанацыстаў. 

Сцвярджаецца, што ў Беларусі адмыслова абралі Мільчакова на ролю пудзіла. 

«Самае дзіўнае — ва ўсіх гэтых сюжэтах практычна не кажуць пра тое, што ёсць мясцовыя нацыяналісты і іх уласныя ваенна-патрыятычныя клубы (напрыклад, клуб «Ваяр» і атрад «Пагоня»), дзе рыхтуюць да вядзення ваенных дзеянняў і абароне незалежнасці Беларусі ад Расіі», — выказвае заклапочанасць аўтар. 

Яго таксама абурае тое, што выездамі дзяцей на ваенныя зборы ў Падмаскоўе зацікавілася міліцыя, пра што заявіў сам міністр унутраных спраў. 

«А мясцовыя радыкальныя групоўкі, хоць і знаходзяцца пад пэўным кантролем КДБ і МУС, працягваюць сваю дзейнасць цалкам бесперашкодна», — працягвае вешаць ярлыкі «радыкальнасці» Лента.ру і шукае тых, «каму гэта трэба».

«Усё гэта можна растлумачыць некалькімі прычынамі. Праз крызіс ва Украіне мясцовае кіраўніцтва ўпала ў тую ж істэрыю з нагоды «магчымай расійскай агрэсіі», якая ўласцівая ўсёй Усходняй Еўропе. Ніякімі довадамі не пераканаць кіраўніцтва краіны ў тым, што ўсе асцярогі безгрунтоўныя і Масква не пагражае цяперашняму палітычнаму рэжыму рэспублікі», — піша Lenta.ru, падкрэсліваючы, што няма пагрозы не незалежнасці, а «цяперашняму палітычнаму рэжыму». 

Таксама аўтар прыходзіць да высновы, што ва ўмовах падзення эканомікі вельмі выгадна знайсці ўнутранага ворага ў асобе неанацыстаў. 

З тэкста вынікае такая думка, што праблема выхавання дзяцей чарнасоценскімі прарасійскімі арганізацыямі — надуманая і выгадная ўладам, бо дазваляе стварыць умовы для гуртавання нацыі вакол прэзідэнта перад тварам пагрозы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?