Першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч 8 жніўня зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Каліноўскай выбарчай акрузе Мінска № 108.

«Я зарэгістраваны. Пачынаем моцную агітацыйную кампанію, як толькі будзе зарэгістраваны выбарчы фонд. У нас наперадзе цэлы месяц», — цытуе Губарэвіча прэс-служба арганізацыі.

На думку палітыка, выбаршчыкі атрымаюць у яго асобе «годную альтэрнатыву праўладным кандыдатам».

Губарэвіч паведаміў, што па ягонай акрузе два з сямі прэтэндэнтаў не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, у тым ліку незалежны кандыдат Барыс Лясун.

Як паведамлялася раней, 8 жніўня было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты намесніку старшыні руху «За Свабоду» Алесю Лагвінцу. «Відавочна, што Алесь імкнуўся да перамогі і праводзіў яркую кампанію падчас збору подпісаў. Гэта не магло не напалохаць выбаркам. Адбіраючы ў яго магчымасць далейшага ўдзелу, улада пазбаўляецца ад досыць моцнага прэтэндэнта на перамогу», — сказаў Губарэвіч.

Ён таксама адзначыў, што чакае рэгістрацыі іншых кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах пры падтрымцы руху «За Свабоду». «Большасць з іх вылучаліся шляхам збору подпісаў, а значыць, праводзілі ў акругах прыкметныя кампаніі, працавалі і ўвесь час размаўлялі з выбаршчыкамі», — заявіў палітык.

Парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?