Добра, што амерыканская гімнастка наогул скончыла выступ на Алімпіядзе, піша by.tribuna.com.

Reuters

58-я з 59

Гімнастка Кайлі Дыксан не прабілася ў фінал шматбор'я і індывідуальныя фіналы. Яна заняла 58-е месца з 59 спартсменак, якія змаглі завяршыць кваліфікацыю. Абышла толькі ўдзельніцу Фарах Буфадэн з Алжыра.

І чаго заводзіцца?

Магчыма, вы не ведалі, але Дыксан — наша гімнастка. Паўтара года таму Беларуская асацыяцыя гімнастыкі вырашыла, што лепш хоць нешта, чым нічога. Беларускае грамадзянства атрымалі амерыканскія спартсменкі Кайлі Дыксан і Сью Кван. У выніку Кван нават не паехала на Алімпіяду. У Дыксан з дасягненняў толькі той факт, што яна скончыла выступ на Гульнях.

Божа, як жа так выйшла?

Яшчэ за год да гэтай бязглуздай натуралізацыі гаспадыня сеткі крам д'юці-фры Алена Скрыпель узначаліла Беларускую асацыяцыю гімнастыкі. Яна тут жа загаварыла пра глабальнае развіццё беларускай гімнастыкі і працу над вяртаннем трэнераў з былога СССР. Прывезлі пакуль спартсменак. Іх прапанавала Нэлі Кім, якая раней выступала за БССР і трэніравала нацыянальную каманду.

Якія адносіны яны мелі да Беларусі?

Ніякіх! Гэта і абурыла. Дзяўчынкі выступілі на чэмпіянаце свету-2015, так ні разу нават не пабываўшы ў нашай краіне. Ні разу! Пасля турніру? Таксама не. Кван і Дыксан трэніраваліся ў ЗША. Старшыня асацыяцыі і трэнер ухвалілі гэта, заўважыўшы, што спартсменкам няма сэнсу кідаць сям'ю, умовы і ляцець у Беларусь. Дыксан не пабывала ў нас у гасцях нават да Алімпіяды. Старшы трэнер зборнай Антаніна Кошаль не пабачыла ў гэтым праблемы.

Хоць нешта звязвае з нашай краінай?

Хіба што ў прафайле Дыксан значыцца праца з выхадцамі з былога СССР. У розны час ёю займаліся Уладзімір Новікаў (алімпійскі чэмпіён Сеула ў камандных спаборніцтвах) і Артур Акапян (двухразовы чэмпіён Саюза ў апорным скачку). Кван таксама трэніравалася пад кіраўніцтвам Акапяна.

Можа, яны чэмпіёнкі ўсюды і ва ўсім?

Таксама міма. У кваліфікацыі чэмпіянату свету Кван і Дыксан занялі 73-е і 75-е месца ў мнагабор'і. Пра Алімпіяду нават пісаць сорамна. Быў правал ужо ў кваліфікацыі, але спартсменку абаранялі.

Няўжо гэта такі вялікі правал?

Так. У алімпійскім мнагабор'і Дыксан набрала вельмі і вельмі слабую суму — 47,798 бала (апорны — 13,866, брусы — 12,833, бервяно — 10,333, вольныя — 10,766). Гэта амаль на цэлых 4 балы менш, чым Кайлі атрымала на кваліфікацыйным да Алімпіяды ЧС-2015, дзе, нагадаем, заняла 75-е месца. Падобна на тое, што гэта правал.

Reuters

«Прэсбол» задаў Кайлі некалькі пытанняў:

— Ці не бянтэжыць, што ты да гэтага часу ні разу не з'явілася ў Беларусі?

— Я не моцна з-за гэтага перажываю. Так атрымалася. Напэўна, гэта крыху дзіўна, але ў мяне былі важкія прычыны. Спярша я рыхтавалася да чэмпіянату Еўропы, у мяне была вучоба, каледж… Кідаць усё гэта і ляцець некуды не мае вялікага сэнсу. Ды гэтага і не патрабавалі. У свой час, калі мне прапанавалі выступаць за Беларусь, я не доўга думала. Рашылася практычна адразу, таму што вельмі хацела выступаць. Але пераязджаць… Я, дарэчы, і цяпер вельмі добра камунікую з дзяўчатамі са зборнай ЗША, мы праводзім шмат часу разам.

— А што ты ведаеш пра Беларусь, будучы беларускай ужо больш за год?

— Не вельмі шмат. Ведаю, што гэта прыгожая краіна, у якой я калі-небудзь хацела б пабываць. Але пакуль я з'яўляюся спартоўкай, якая проста імкнецца дапамагчы камандзе, вялікую частку часу праводзячы ў ЗША. Хоць у алімпійскай вёсцы я жыву разам з беларускімі спартоўцамі. Мы, праўда, не вельмі блізка камунікуем, гуляю я, часцей за ўсё, адна. Да таго ж прачынаюся рана, шмат трэніруюся… Увогуле, не да знаёмстваў і забаў. Але я ведаю, што дзяўчына з ЗША гуляе ў баскетбольнай зборнай. Такая невысокая, ведаеце ж? Абаронца. Так цікава: дзве амерыканкі выступаюць за Беларусь! Памятаю, мы сустрэліся з ёй у калідоры і вельмі ўзрадаваліся. Яна, аказваецца, бачыла мяне на нейкіх спаборніцтвах. Закрычала: «Вау, не можа быць! Гэта праўда ты?!» Здорава з ёй тады пасмяяліся. Я, дарэчы, люблю баскетбол і не лічу, што змена грамадзянства і пераход спартсменаў у іншыя каманды з'яўляецца чымсьці, што можа зрабіць іх, напрыклад, ворагамі для кагосьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0