5560 рублёў ахвяравалі беларусы на стварэнне першага ў краіне Парку мініяцюр замкаў і храмаў Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта паведаміў дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш.

«За 20 дзён кампаніі на платформе Talaka.by мы сабралі 50% неабходных сродкаў. Усяго ў межах кампаніі мы плануем сабраць 11016 рублёў. Гэта сведчыць пра тое, што ідэя сабраць у адным месцы макеты нашых старадаўніх замкаў знайшла жывы водгук у нашых суайчыннікаў. Мы глыбока ўдзячныя за такую актыўную падтрымку», - кажа Аляксандр Варыкіш.

Паводле яго слоў, на заклік сабраць сродкі на дзве дадатковыя 3D-друкаркі, на якіх друкуюцца макеты замкаў і храмаў, ужо адгукнуліся каля 40 чалавек. Сярод іх вядомы тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі. «Ведаеце, я сам нейкі час вагаўся. А што гэта, а ці так гэта. А калі ўбачыў канкрэтныя рэчы, калі выклалі матэрыял, то я адразу адчуў гэтую практычнасць. Я ўвогуле цешуся практычным справам», - заявіў рэжысёр. Мазынскі перакананы, што Парк мініяцюр - гэта «цаглінкі, якія мы павінны укладваць у сваю будучыню».

Па словах Алеся Варыкіша, людзі ахвяруюць розныя сумы. Нехта 5 рублёў, а нехта па 200 ці нават 500 рублёў. «Бывае, што спачатку ахвяруе муж, а следам жонка ці наадварот. Прыемна бачыць такія дружныя сем'і, аб'яднаныя любоўю да гісторыі нашай краіны. Мы стараемся звязацца з кожным ахвярадаўцам. І кожны раз мы чуем словы падзякі за тое, што робім. Гэта вельмі прыемна», - распавядае Алесь Варыкіш.

Для ахвярадаўцаў фонд «Краіна замкаў» распрацаваў цэлую сістэму падарункаў і зніжак. Так, напрыклад, ахвяраваўшы 20 рублёў, чалавек атрымае магчымасць бясплатна наведваць парк мініяцюр цэлы год і скідкі на экскурсіі фонду. У выпадку, калi ахвяраванне складзе 50 рублёў і болей, імя ахвярадаўца будзе запісана на ганаровай дошцы, а пры суме ад 100 рублёў акрамя розных зніжак ахвярадаўца атрымае ў падарунак мініяцюру аднаго з замкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?