Можа, знойдзецца хтосьці, хто купіць маестатычную гравюру 1568 году з выявай Горадні «Vera designatio urbis in Littavia Grodnae», у беларускія рукі?

Стары Замак, мост церазь Нёман і ўсе цэрквы — манумэнтальная панарама Горадні паўстае на гэтым медзярыце 1568 году. Гравюра Цюндта памерам 36 на 102 сантымэтры паказвае горад у часе прыгатаваньняў да Люблінскае уніі. На першым пляне маршалак Валовіч вітае пасольства цара Івана Жахлівага. У далечыні адкрываецца панарама места. Яе змаляваў у ліпені 1568 году відавочца, Яна Адэльгаўзэр. А Матыяс Цюндт (1498-1572), знакаміты нюрнбэрскі медзярытнік, перанёс у форму гравюры. Гэта сапраўдны рарытэт: вядомыя ўсяго некалькі захаваных арыгіналаў гэтай працы. Ніводзін зь іх не знаходзіцца ў Беларусі.

Адна зь іх, з прыватнай калекцыі, выстаўленая на антыкварны аўкцыён у Варшаве. Ён адбудзецца 7 чэрвеня.

Пачатковая цана «Vera designatio urbis in Littavia Grodnae» — так гучыць поўная назва гравюры — складае 40 тысячаў злотых (18,5 тыс. даляраў).

У Літве і ва Ўкраіне ўжо зьявіліся багатыя людзі, што мэтаскіравана зьбіраюць старажытнасьці. У Кіеве адну з найбагацейшых калекцый назапасіў мільярдэр Пінчук. Цэны старых мапаў, дакумэнтаў, артэфактаў сягаюць даволі высокіх лічбаў. Балазе, гэтыя здабыткі звозяцца ва Ўкраіну.

У Беларусі, спляжанай і разрабаванай саветамі і нацыстамі, старажытнасьцяў захавалася няшмат. У той жа час у антыкварных крамах Варшавы і, асабліва, Кракава часам можна знайсьці першавыданьне Дуніна-Марцінкевіча за сымбалічную цану або гравюру Орды за вельмі прымальныя грошы — парадку сотні даляраў. Бедныя калекцыі беларускіх музэяў маглі б папаўняцца. Маглі б... Але лукашэнкаўскія ведамствы, з пасольствамі ўключна, не выяўляюць ніякае ўвагі да беларускай старасьвеччыны.

Цікава, што паводле правілаў аўкцыёнаў у Польшчы, буйныя дзяржаўныя музэі і Нацыянальная бібліятэка маюць прывілеяванае права выкупу лотаў за пачатковую цану. Толькі калі яны не выказваюць ахвоты, прадметы выстаўляюцца на торг.

Польскі калекцыянэр К., які зьбірае беларускія старажытнасьці, ня мае сродкаў, каб выкупіць гравюру Горадні. Увогуле ён цешыцца з таго, што ў Беларусі дагэтуль няма тых нуварышаў, якія з часам нагоняць цэны на старажытнасьці ВКЛ. Аднак у гэтым выпадку нават ён шкадуе: хоць бы знайшоўся нехта, каб найдаўнейшая выява Горадні трапіла ў беларускія рукі.

Сярод іншых лотаў аўкцыёну 7 чэрвеня асаблівай увагі заслугоўвае так званая «Радзівілаўская» мапа ВКЛ 1632 году (пачатковая цана — 6000 злотых) і аўтографы каралёў Рэчы Паспалітай.

Аўкцыён адбудзецца а 10.30 у Вугорскім інстытуце культуры па адрасе вул. Маршалкоўская 80. Аглядаць прадметы можна ад 8.00. Аб правілах аўкцыёнаў можна прачытаць на сайце www.lamus.pl. Гандляваць прадметы можна таксама шляхам замоваў праз факс ці электронную пошту з пазначэньнем гранічнай цаны. Каталёг аўкцыёну ў фармаце ПДФ даступны тутака.


Vera designatio urbis in Littavia Grodnae. 1568. Выстаўленая на аўкцыён антыкварыяту ў Варшаве.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?