VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «Тэарт» пройдзе ў Мінску з 28 верасня па 29 кастрычніка. Чакаюць нас 22 пастаноўкі з 9 краін: Беларусі, Венгрыі, Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Францыі і абыякавай Швейцарыі. Праграма будзе складацца з трох частак: міжнароднай, шоукейса Belarus Open і праграмы дадатковых мерапрыемстваў.

У шоукейсе, то бок тэатральнай «вітрыне» беларускага тэатральнага працэсу, будзе выстаўлена найлепшае. Былі б ахвотнікі на нашы таленты. Пасля леташняга шоукейса ні пра які прарыў нашых у Авіньён або Эдынбург я так і не пачуў, як ні прыстаўляў стары радыёпрымач да вуха.

У вітрыне ўсе даўно знаёмыя. Дзмітрый Багаслаўскі са спектаклем «Саша, вынесі смецце». Ігар Казакоў з лялечнай феерыяй «На дне» паводле Горкага, сямейная драма «Опіум» Аляксандра Марчанкі, «Птушкі» лаўрэата прэміі «Залатая маска» Аляксея Ляляўскага. Рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Уладзімір Пятровіч прывязе ў сталіцу сваю версію кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Спектакль атрымаў адразу некалькі ўзнагарод за акцёрскую ігру на праведзеным фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Цяпер ігру змогуць ацаніць і ў Мінску. Не забываюць і пра Адама Міцкевіча. Убачым новую беларуска-польскую пастаноўку «Дзядоў» з Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.

Таксама ў нашым беларускім чамаданчыку тэатральна-музычны праект «З жыцця казурак» і «Крэйцарава саната» Саўлюса Варнса Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Алег Жугжда, які выстраліў пад заслону сезону «Чайкай», пакажа «Візіт старой дамы» па Дзюрэнмату ў выкананні гродзенцаў. Брэсцкі тэатр лялек вязе «Фро» па Платонаву.

У гэта складана паверыць, але на гэты раз у міжнароднай праграме «ТэАрта» быццам бы няма спектакляў Алвіса Херманіса, любімца мінскай публікі. Тым самым мы атрымліваем новую пажыву для размоў: спектаклі маэстра Мінску не па кішэні? Або ў Новага Рыжскага тэатра насычанае гастрольнае жыццё?.. Што ж, у гэтым годзе Алвіс Херманіс будзе з намі толькі ў думках.

Затое ў афішы міжнароднай праграмы красуецца іншы прыбалт — Оскар Каршуновас. Ён прадставіць спектакль па Бэкету «Апошняя стужка Крэпа». Гэтую абсурдысцкую п'есу пра старога, выкінутага на ўзбочыну жыцця, як правіла, выбіраюць для свайго бенефісу багатыя і знакамітыя. У Маскве Крэпа з поспехам граў мастацкі кіраўнік тэатра Et Cetera Аляксандр Калягін. У спектаклі Каршуноваса галоўную ролю выканае Юозас Будрайціс, які скалыхнуў нашы чэрствыя сэрцы працай у фільме Аляксандры Бутар «Белыя росы. Вяртанне».

Яшчэ з зорак сусветнага тэатра ў Мінску будуць прадстаўлены — барабанны дроб! — Крыстоф Марталер (спектакль «Кінг сайз»), Дэклан Донелан ( «Мера за меру» Маскоўскага тэатра ім. Пушкіна), вугорац Карнэль Мудруца ( «Дэменцыя»). Юрый Бутусаў, які некалі ўдзельнічаў у фестывалі са спектаклем «Добры чалавек з Сезуана», прывязе пастаноўку «Горад. Жаніцьба. Гогаль».

Рэжам апошні агурок і не забываем старую ісціну: апошнія стануць першымі. Квіткі на самыя гучныя пастаноўкі «ТэАрт» лепш набываць проста сёння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?