У 1997 годзе я прыехаў з Жодзіна ў сталіцу вучыцца на гістарычным факультэце Педагагічнага ўніверсітэта. Сталіцу трэсла. Наша дзяржава рабіла першыя крокі ў сваім незалежным жыцці. Радасць і надзея, перамяшаныя са смуткам і адчаем, адбіліся ў вершах студэнцкіх гадоў. Вашай увазе нізка студэнцкіх вершаў «Свята прыйдзе». Мне падаецца, тэмы, якія хвалявалі мяне тады, засталіся актуальнымі па сёння.

Спеў горада

Да абароны дыпломнай працы на тэму«Мікратапаніміка горада Мінска»

Я запрашаю вас у горад,
Які згубіў сваё імя,
Дзе жыхары няскладным хорам
Спяваюць з ночы да рання.

Ліецца песня іх бяздумна,
Бо словы сэнсу не нясуць.
На сэрцы нават неяк сумна,
Калі ў той горад зазірнуць.

На шэрых вуліцах без назваў
Стаяць слупы жылых дамоў,
Няма пытанняў і адказаў,
Ні думак, ні ідэй, ні слоў.

Прачніся, волат шклобетонны,
Расплюшчы вочы, сонны люд,
Спыні ты спеў свой манатонны,
Чужы, нямілы сэрцу гуд! 

Табе б бліжэй было спяваці
Імёны слынных землякоў,
Ці тыя словы, што ад маці
Гучаць у снах дзяцінства зноў.

Каб смакаваў спадар заезджы
Цікавых назваў каларыт
І вёз у думках у замежжа
Твой спеў, гісторыю і быт.

Твой родны кут… Твой родны горад.
Павінен ганарыцца ім,
Каб нават у сусветным хоры
Спяваў ён голасам сваім.

7.04.2002

Свята прыйдзе

Свая мова нашто?
У падручнікі загарнулі.
Запытайся: «Мы хто?
Пад чыім прыгнётам паснулі?»
Толькі той не дзьме ў вус,
Хто пад рабскай цемрай застаўся.
Ведай ты, беларус,
Прадзед твой за зямлю змагаўся.
Зорка, бачыш, гарыць,
Да яе наперад імкніся.
Мусіш полымем быць,
Яркім промнем увысь узвіся.
Слова будзе тут жыць,
Заўжды неба чуць яго будзе.
Краю роднаму быць
Незалежным, і свята прыйдзе.
Тут Радзіма твая,
За яе святым ты маліся.
Стой мацней удвая,
Да свабоды, браце, імкніся! 

16.08.1997

Беларусу

Калі б аднойчы здарылася так,
Што згаслі зоркі на адно імгненне,
І Уладар сусвету, як мастак,
Правёў рукой і не пакінуў ценяў.
Тады б мая Радзіма-Беларусь,
Адна з краін-пакутніц на планеце,
Дзе сёння людзі цёмныя жывуць,
Адказ трымала за свой шлях па свеце.
Схіліліся б тады крыжы магіл,
Знявечаная ўся зямелька-маці
Рванулася б з апошніх сваіх сіл
І разышлася з крыкамі дзіцяці.
З дрымучай цемры, з дáлечы гадоў
Прыйшлі б да нас браты, што аддавалі
Жыццё сваё. Ох даў нам Бог вякоў,
Калі за слова гналі, катавалі.
Скарына з кнігай — вынікам жыцця,
Асветнік Будны, а за ім Купала,
Выходзяць Радзівілы з забыцця —
Усе, каго зямля ў сабе хавала.
Тут Колас — светач праўды, вольны птах,
І Багдановіч — задуменны хлопчык,
І Цётка — бліскі полымя ў вачах,
За Еўфрасінняй Багушэвіч крочыць.
За імі цягнуцца бясконцай чарадой
Усе, хто падымаў народ змагацца,
Хто разумеў людзей усёй душой,
Не пажадаў у цемры заставацца.
Глядзі смялей, сучасны беларус,
Гром не грыміць, маланка не жахае.
Наперад выйдзі, раскажы як рос,
Як мову сваіх продкаў паважаеш.
З павагай раскажы пра сваякоў,
З любоўю пра мясцовую прыроду,
Пра лес і пушчу поўную звяроў,
І пра жыццё тутэйшага народу.
Легенду ці паданне раскажы
Пра светлае юнацкае каханне,
Ці папрасі дзяўчат дапамагчы
Спець песню, што спявалі на Купалле.
Але стаіш, маўчыш як нежывы,
Як быццам у цябе аднялі мову.
Але, і гэта так, адрокся ты
Ад мовы, нават здрадзіў свайму слову.
Не ведаеш гісторыі сваёй,
Забыўся на легенды ды паданні,
Не чуў ніколі песень, што вясной,
Ці ўвосень дзеўкі пелі на світанні.
Адкінуў ўсё, што тычыцца цябе,
Як беларуса, ў поўным сэнсе слова.
Ты варты толькі жалю, але не!
Таму што ты адрокся ад святога.
І Бог — стваральнік свету і зямлі,
Пытаецца цябе з нябёс сурова:
«А ці жывы яшчэ народ, які
Згубіў сваю гісторыю і мову?» 

Жодзіна 3.05.1997

Не губляць каранёў

Кожны ведаць былое павінен
І сваіх каранёў не губляць,
Бо інакш уся нацыя згіне —
Трэба продкаў сваіх паважаць!

Мінск, верасень 1997

Пад родным небам 

Беларус, на сутыку стагоддзяў
Азірніся і глянь праўдзе ў вочы.
Дзе гісторыя? Дзе першароддзе?
Паглядзі, да чаго ты дакрочыў. 

Над табой — тваё роднае неба,
Пад нагамі — зямля твая, браце.
Гэта нам засталося ад дзеда,
Гэта ўсіх беларусаў багацце. 

Запытай сябе, бачыш ты гэта
Непамерна вялікае неба
І вясною, і ўзімку, і ўлета,
І такая ў душы ёсць патрэба? 

Менавіта пад гэтым бязмежным
І бяскрайнім абшарам пустынным
Існаванне тваё будзе вечным
І жыццё тваё будзе няспынным.

Калі ты зразумееш аднойчы,
Што за кропку займаеш ты ў свеце,
«Беларус я, — скажы сабе тройчы —
Беларус я на гэтай планеце».

І ніхто табе зараз не трэба.
Ты — паветра, зямля і разводдзе.
З невысокага шэрага неба
Усміхнуцца сівыя стагоддзі.

Мінск, лістапад 1997

Роднай зямлі

Зямля мая — лясы, палеткі,
Лугі, што песцяць травы, кветкі.
Спявай, свабодная краіна,
Прымі ў свае абдымкі сына. 

Паклон табе, гароты мора —
Зямелька, што спазнала гора.
І хоць не раз нас прыціскалі,
Ярмо няволі мы скідалі. 

Усход усмешкай я адзначу,
Мы разам новы дзень убачым.
Надзею я ў руках трымаю.
Мы будзем жыць, я абяцаю! 

Мінск, лістапад 1997

Дарога да світання

Пралескі павітаюцца з табой,
Калі ў душы зімовы лёд растане,
І бордза жаўрукі наперабой
Падкажуць, дзе дарога да світання. 

Абшары будуць светлыя ў палях,
Калі ўладарны позірк цвёрда кінеш.
Як думка паляціць увысь твой сцяг,
Калі яго туды ты сам уздымеш. 

Бярозкі ў лесе стануць у радок,
У шэпце лісця зловіш песні ноты,
Як пераступіш цемры ты парог,
Нарэшце самавызначышся, хто ты.

28.12.1997

Заклік

Ходырам ходзіць зямелька-краіна,
А ад чаго, не пытайся.
Глянь навакол, не трасісь бы асіна,
Стой і глядзі, не цурайся.

Так камянём мы ляжым пад Парнасам,
Рубам не ставім пытанне,
Гогалем ходзім, не сочым за часам,
Думаем — там хоць выгнанне. 

Крукам стаіць над Радзімай пагроза,
Люд не збіраецца з духам,
Не разумее ён, што тут за проза,
І не вядзе, нават, вухам. 

Роднага слова калі не пачуе,
Знікнуць і святы, і стравы,
Вось тады ў сэрцы яго завіруе,
Скажа: «Ох, швах нашы справы!»

Ведай жа, мы варушыцца павінны,
А не ляжаць як цагліна —
Вомегам вылезе нам. Будуць гімны
Пець прымушаць твайго сына

Тым, хто абразіў тваё існаванне,
Край твой блакітных азёраў,
Тым, хто ніколі не ставіў пытання:
Кропля якога ты мора.

Так будзем жыць і не ведаць мы самі,
Што тут амега, што альфа.
Пудла далі, ім не быць спадарамі,
Грай Карачун ім на арфах. 

Не, нашы гайкі пакуль не аслаблі,
Зорка надзеі не згасла.
Якар збавення для нас — нашы шаблі.
Будзем мы вольныя! Баста!

Мінск, снежань 1997

Непаўторнае

Дзе б ні хадзіў ты па ўсім белым свеце,
Што б на зямлі ты ні бачыў,
Родны куток толькі тут на планеце,
Дуб яго лісцем пазначыў. 

Наша зямля, як рушнік саматканы,
Рэкі — люстэрка для неба.
Песнямі маці мы ўсе ўзгадаваны,
Большага шчасця не трэба.

Кожны з нас — гэта кавалак Радзімы,
Бераг, што вымылі рэкі,
Літара слова і дрэва галіны.
Так яно будзе навекі! 

Лістапад 1997

Гукі Радзімы

Ці чуў ты, аб чым летні вечар спявае?
Пралеска ты ведаеш, што адчувае?
Вадзіца ў крыніцы чаму так смяецца?
Чаго ў лузе траўка-былінка трасецца? 

Што дрэвы, схіліўшыся, ціха шапочуць?
Аб чым гэтак конікі бойка стракочуць?
Прысеўшы на куст, птушаня што прапела?
Грамоты вясною куды клічуць смела?

То мілыя словы і родныя гукі,
Бы маці руплівай пяшчотныя рукі.
Часцей у грудзях усё б’ецца сардэчка,
Усім гэтым гукам у ім ёсць мястэчка.

Германія 16.02.1998

Да таго месца вялікую ласку маюць

У вочы пустыя разбітых дарог
Гляджу, не прашу дапамогі.
Надзею на розум я чыйсьці бярог,
Цяпер жа пішу эпілогі.

Не бачу я чырвані грозных нябёс,
Не чую я роднага слова.
Няўжо ёсць такі незаўважаны лёс?
А дзе ж наша самаахова?

Абшарпаны дом два стагоддзі стаіць
На гэтым рагу людных вуліц.
Гляджу яму ў вокны, а сэрца шчыміць.
Навошта старое? Разбураць. 

Ляціце ж, крыжы з залатых купалоў,
Купайцеся, людзі, у бязвер’і,
Не трэба казаць больш сваіх родных слоў,
Належыць, каб думкі памерлі.

І так мы жывём, бы прыціснулі нас
Дзіравы асфальт на дарозе
І дом, што стварыў нам з абломкаў Парнас.
Дык дзе ж тая суць, што па Бозе?

Красавік 2000

Чарнобыльская мяжа

Гэта там, дзе лунае душа цёмнай ноччу,
А сляза засцілае ўжо згаслыя вочы.
У той бок, дзе навек пахавалі надзеі,
Дзе жыццё не цячэ, не спявае, не тлее. 

Пад страхой, што прагнулася быццам ад болю,
Ля дзвярэй, дзе чакалі і з хлебам, і з соллю
Колісь людзі, цяпер засталіся прывіды.
Іх жыццё растварылася ў моры нуклідаў. 

Той прыглушаны крык, што грудзей не пакінуў,
Разам з целам — бутонам зялёным, загінуў,
Адгукнуўся ў нябёсах малітвеннай нотай —
Гэта рэквіем марам, птушынаму ўзлёту. 

Галасіце ж, крыжы, над пакінутай вёскай,
Над забруджанай рэчкай — блакітнай палоскай,
Над дзяцінствам, якое ля дома гаруе,
І над смерцю, што там, за мяжою, пануе.

10.08.2000

Радыенуклідны дом

Вісеў абразок на куце чорнай хаты,
Быў позірк не ўзняты
І лік гаркаваты.
Патухлі найсвятшыя вочы ў бяссіллі
Ад слёз, што душылі,
Марозілі жылы.
Нуклідамі стронцыю, цэзію, ёду
Цяпер авалодаў,
На гора народу,
Той край, дзе пячаткаю знак забароны…
Уран і плутоній
На спецэказоне.
Усё, што тут ёсць, радыяцыяй дыша.
Смяротная ніша,
Прырода не спіша.
Гукаюцца рэхам памылкі, пралікі
За атамны выкід,
За промах вялікі.
Нічыйная хата, зламаныя дзверы,
Але трэба верыць —
Не вечна дзень шэры.
Яднай намаганні і Бог, і вучоны,
Каб спецэказона
Ізноў стала домам.

8.07.2001

Жальба старога замка

Яшчэ гучаць у памяці запевы
Старых мелодый, больш іх не пачуць…
З галіны ападае яблык спелы,
І мхі замест падлогі ўжо растуць.

Я засынаю ў водары парфумы
Прыгожых дам, што ехалі на баль…
А вецер гоніць прэч сівыя думы,
Я іх губляю, я стары, на жаль. 

Я кожным камянёчкам адчуваю
Двух сэрцаў закаханае біццё.
І вочы, што напоўнены адчаем,
Не ўбачу больш. Няўжо прайшло жыццё? 

Як снег пад сонцам, хутка таюць сцены,
У вокнах разраслася крапіва,
І ціхі спеў мой горка-задуменны,
І шэрая ўжо неба сінява.

Жыву тым сном і пахам, і часамі,
Надзею ж не жадаю адпускаць.
Мая зямля, мой свет, хачу быць з вамі.
Мне ёсць чым жыць, аб чым распавядаць. 

23.05.2002

Згублены шлях

Дзе агеньчык той згас,
Што свяціўся здалёку,
З-за спіны тых эпох,
Што квітнелі да нас?
Толькі чую ў адказ
Я бязгучнасць папроку:
«Ці любіў, ці бярог?»
Не… Сам ганьбіў не раз. 

Божа мой, мы ідзём,
Бы заплюшчыўшы вочы,
Захінуўшы рукой
Сумны твар ад святла.
Рэхам зніклых сістэм
Мы працягваем крочыць
Па дарозе чужой,
Што для іншых лягла.

Хто запаліць ізноў
Нашы сэрцы, што згаслі,
З цемры вывядзе нас
На той згублены шлях?
Сіла рухаў і слоў
Не дазволіць упасці,
А трывання запас —
Сцяг у вольных руках.

24.05.2002

1997-2002

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0