У канцы мінулага тыдня праваахоўнымі органамі былі затрыманыя некалькі топ-менеджараў найбуйнейшага банка краіны — Беларусбанка. Пра гэта TUT.BY паведамілі тры не звязаных адна з адной крыніцы.

«У чацвер або пятніцу затрымалі як мінімум двух топ-менеджараў Беларусбанка. Адзін з іх — [выканаўчы дырэктар банка Анатоль] Багавік. Яшчэ адзін — начальнік упраўлення», — паведаміў суразмоўца, блізкі да Беларусбанку.

Іншая крыніца ў банкаўскіх колах сказала, што чула пра затрыманне Багавіка. «Так, быццам бы «прысеў». Ён, кажуць, праходзіць па справе Гаспадарыка», — паведаміў суразмоўца.

У сярэдзіне чэрвеня праваахоўнымі органамі Беларусі быў затрыманы першы намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Генадзь Гаспадарык. Паводле інфармацыі прэс-службы КДБ, ён быў затрыманы ў момант атрымання хабару ў памеры 14 тысяч даляраў. У дачыненні да Гаспадарыка распачалі крымінальную справу па ч.3 арт. 430 (атрыманне хабару). Праз тыдзень кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што рэальныя сумы, атрыманыя топ-менеджарам Беларусбанка ў якасці хабару, «нашмат большыя».

Учора ў прыёмнай Анатоля Багавіка сказалі, што кіраўнік некалькі дзён назад сышоў у адпачынак і вернецца на працу ў канцы жніўня.

Атрымаць каментар у прэс-службе КДБ не ўдалося.

Анатоль Багавік вядомы тым, што актыўна прасоўваў і папулярызаваў безнаяўныя разлікі. Да таго як ў 2014 годзе стаў выканаўчым дырэктарам банка, ён шмат гадоў узначальваў разліковы цэнтр банкаўскіх пластыкавых карт Беларусбанка.

Анатоль Багавік — сын вядомага беларускага футбаліста Анатоля Багавіка. які выступаў у чэмпіянаце СССР за мінскае «Дынама». Але праз траўму Багавік-малодшы не змог працягнуць спартыўную кар'еру. Аднак сваім самым вялікім дасягненнем, звязаным са спортам, ён называў удзел у эстафеце алімпійскага агню на Алімпійскіх гульнях-2010 у Ванкуверы. Ён ганарыўся тым, што аказаўся першым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, які нёс алімпійскі агонь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?