Акцыя «Маладога фронту» – «Праспект нацыянальнага сцяга»

Акцыя «Маладога фронту» – «Праспект нацыянальнага сцяга»

Шмат каму кінулася ў вочы, што беларусы былі на Сусветных днях моладзі ў Кракаве з двума сцягамі: афіцыйным і нацыянальным. Адным не падабалася, што моладзь паехала ў свет з сімвалам, які трымае нас на повязі савецкага мінулага ды нібыта кажа: «Думаеце, што вы самастойныя? Ну, не больш, чым у СССР».

Бел-чырвона-белы сцяг выклікаў крытыку іншых, бо нібыта палітызаваў рэлігійнае спатканне. «Людзі туды прыехалі маліцца ці сцягамі махаць?» – ніяк не маглі зразумець некаторыя.

Для мяне ж не было ніякіх пытанняў: мой сімвал – гэта бел-чырвона-белы сцяг. Чаму – гэтым асабістым я пастанавіў падзяліцца. Можа, нехта з абаронцаў афіцыйнага сімвалу таксама натхніцца ды падзеліцца сваймі думкамі.

Гэта было ўлетку 1994 года. Я быў худым, высахлым падлеткам, якому не было яшчэ і 12 гадоў. Тое лета было для мяне нялёгкім, зрэшты, як кожнае лета для ўсіх вясковых дзяцей.

Калі гарадскія дзеці, што прыязджалі на вакацыі ў вёску, чыталі кнігі ў бабуль і купаліся ў рэчцы – мы, дзеці беларускага сяла, мусілі часта дапамагаць дарослым на палёх. Памятаю, што на пачатку лета 1994-га я палоў ды разрываў буракі на дзялянцы ў бабулі. За гэта калгас меў даць надзел з травою, якую трэба было яшчэ скасіць, высушыць на сена ды звезці ў пуню.

Тады палоў я, бабуля, а каля нас яшчэ адна старэнькая жанчына з унучкаю, крыху далей – групка нанятых суседкай Ядвінькаю людзей.

Успаміны з таго дня жывыя і цяпер: горача, смаліла сонца, па лбе вялікімі кроплямі сцякаў пот, ад спякоты было аж чорна ў вачах. Я аблізваў салёныя парэпаныя вусны, але ўпарта дзяўбаў гачкай цвёрдую зямлю, нібы зубамі рваў. Спіна балела нясцерпна, бо працавалася ўвесь дзень угнуўшыся. Хацелася хоць на хвіліну выпрастацца і пастаяць – але бабуля зіркала неяк з трывогай, што гэта я нібыта адлыньваў ад работы. І неяк няёмка станавілася перад старэнькай, таму я зноў згінаўся, горбіўся і валіў у, здавалася, скамянелую глебу, што аж нямелі рукі.

І раптам цуд: па дарозе ехаў цяжкавік, у кузаве якога стаяў чыйсьці партрэт, а над партрэтам развіваўся вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Акурат таго лета 1994 года мелі быць першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, і па вёсках вазілі партрэты кандыдатаў, агітуючы за іх.

Я расправіў плечы і глядзеў, як мне падавалася, на незямную прыгажосць, абапёршыся на вышэйшую за мяне гачку. Бел-чырвона-белы сцяг гэтак трапятаўся на ветры, быў такі чысты, зіхацеў свежай беллю, а яго чырвань была такой глыбокай, такой яскравай, што ажно напаўняла нейкай бязмежнай радасцю. Пасля спечанай сонцам зямлі ды зялёных буракоў, ад якіх стаяла рабацінне ў вачох, гэты сцяг быў марскім брызам, глытком крынічнай вады.

Цяжкавік затрымаўся, адтуль вылезлі людзі ды падышлі спачатку да суседкі Ядвінькі, якая частавала абедам на разасланай посцілцы пры дарозе нанятых людзей. Людзі з цяжкавіка нешта тлумачылі Ядвіньцы і ейным працаўнікам, а тая толькі адмахвалася рукою ды гучна крычала: «Адыдзіцеся, я не вашай нацыі…»

Бабуля Ядвінька нарадзілася ў Першую сусветную вайну. У хаце ейнай маці некаторы час жыў нямецкі жаўнер. Ён пайшоў з фронтам, а маці Ядвінькі засталася з вялікім жыватом. Калі нарадзілася Ядвінька, з вайны вярнуўся муж ейнай маці. Ваяка быў вельмі здзіўлены, пабачыўшы ў доме дзіця. Але ён быў някепскі мужчына, дараваў жонцы ды прызнаў дзіця сваім. Ядвінька ж памятала пра сваю нямецкую кроў, і ў сітуацыях, калі не ведала, што сказаць, то мела адзіны аргумент: «Ай, адчапіцеся, я не вашай нацыі…»

Людзі з цяжкавіка нарэшце падышлі да нас ды намаўлялі маю бабулю ды суседку, што працавала побач, галасаваць за Зянона Пазняка. Гэта ягоны вялікі партрэт стаяў у кузаве машыны. Дзве бабулі нечага плакалі, выціраючы канцамі хустак слёзы, шморгалі насамі, жаліліся, што яны адзінокія ўдовы, што пра іх ніхто не дбае, усё ж, пэўна, цешачыся ўвагаю незнаёмцаў.

А я быў таксама вельмі ўдзячны гэтым людзям, што мог пастаяць, разагнуўшыся, на бяскрайнім бураковым полі. Пакуль старэйшыя гаманілі, я не зводзіў вачэй з бел-чырвона-белага сцяга, ад якога, як мне падавалася, ажно ішлі нейкія светлыя прамяні. Над зямлёю, куды падаў мой дзіцячы пот, над вялізнаю гачкай, над голымі ды карэлымі ступнямі бабуль, над Ядвінькаю з ейнымі прымаўкамі, рабаціннем у вачах, над кожным каменем і божаю кароўкай на бураковым лісце – над нашымі лёсамі лунаў гэты сцяг, мой сцяг.

Тады яшчэ дзіцём я пастанавіў, што іншых сцягоў мне не трэба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?