twitter.com/firstpost

twitter.com/firstpost

19 кастрычніка 2015 г. у Канадзе прайшлі федэральныя парламенцкія выбары. Я здолеў прагаласаваць і на іх, і на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах, якія таксама прайшлі ў кастрычніку 2015 г. Каб узяць удзел у беларускіх выбарах, я паехаў на аўтобусе з Манрэаля ў Атаву. Прагаласаваўшы, я зайшоў у залe, дзе выбаршчыкаў частавалі цукеркамі. Там ішла актыўная дыскусія пра… канадскія выбары.

Хто пераможа на беларускіх выбарах, было больш-менш вядома, а вось прадказаць вынік канадскіх выбараў — гэта ўжо было цікава.

На самай справе, леташнія канадскія выбары былі сярод найцікавейшых не толькі для тутэйшых беларусаў, але і для ўсіх жыхароў гэтай краіны ўвогуле. Такім чынам, 68% канадскіх выбаршчыкаў узяло ў іх удзел; такі высокі паказчык у апошні раз тут бачылі ў 1993 г. А вынік дык быў увогуле беспрэцэдэнтным: у першы раз за ўсю канадскую гісторыю партыя, якая заняла трэцяе месца на папярэдніх выбарах, перамагла наступныя. Гэтая партыя была Ліберальная партыя Канады, якую з 2013 г. узначальвае Жустэн Трудо (таксама вядомы як Джасцін Трудо, бо так вымаўляецца ягонае імя па-англійску).

Чаму Трудо і ягоная партыя перамаглі, павялічыўшы колькасць крэслаў з 36 (якія партыя атрымала ў 2011 г., калі яе ўзначальваў сын расійскага імігранта Майкл Ігнацьеў) да 184?

Якім чынам яны атрымалі прыблізна 40% галасоў і 54% дэпутацкіх крэслаў, калі ў пачатку выбарчай кампаніі, за два месяцы да выбараў, аналітыкі на базе апытанняў прадказвалі ім 25% галасоў, што пакінула б іх на трэцім месцы, і прадказвалі перамогу галоўнай апазіцыйнай Новай дэмакратычнай партыі, якая ўрэшце заняла трэцяе месца?

Тут было некалькі важных фактараў, але адною з галоўных прычын перамогі лібералаў стала іх стаўленне да сірыйскіх уцекачоў.

Вядома, на першым плане стаялі эканамічныя пытанні. Кансерватары, якія кіравалі краінаю дзевяць гадоў, абяцалі, што ў выпадку іх перамогі яны працягнуць кансерватыўную бюджэтную палітыку, без аніякіх дэфіцытаў. На здзіўленне электарату, апазіцыйныя левыя новыя дэмакраты паабяцалі прыблізна тое ж самае. Цэнтрысцкім лібералам засталося паабяцаць павелічэнне федэральнага бюджэту (хай сабе цаною дэфіцытаў), і народ пайшоў за імі. Але разам з тым пытанне ўцекачоў таксама было вельмі важным фактарам, які паўплываў на канчатковы выбар канадскіх выбаршчыкаў.

У пачатку выбарчай кампаніі не было асаблівых прычын думаць, што сірыйскія ўцекачы стануць вырашальным фактарам на выбарах.

Канада пачала прымаць сірыйскіх уцекачоў у 2013 г. і планавала ўпусціць 11300 уцекачоў з Сірыі за пяць гадоў. На практыцы за два гады Канада прыняла толькі 2500 сірыйскіх уцекачоў. Прэм’ер-міністр Сцівен Гарпер паабяцаў, што Канада прыме яшчэ 10000 чалавек з Сірыі і Іраку за чатыры гады, але ў асноўным з рэлігійных меншасцяў (чытай: немусульман).

Аднак усё змянілася, калі 3 верасня ва ўсім свеце, у тым ліку ў Канадзе, была апублікаваная сумна вядомая фатаграфія цела маленькага трохгадовага сірыйскага хлопчыка Алана Курдзі, які патануў у Міжземным моры пры спробе даплыць з Турцыі да Грэцыі.

Канадцы адразу пачалі патрабаваць, каб іх палітыкі штосьці зрабілі, каб дапамагчы сірыйскім уцекачам. Ціск на палітыкаў значна павялічыўся, калі выявілася, што цёця Алана, Ціма Курдзі, жыла ў Ванкуверы, і што яна беспаспяхова спрабавала аформіць канадскую візу свайму брату (дзядзьку Алана), і што бацькі Курдзі таксама хацелі перабрацца ў Канаду.

Пасля гэтага палітыка прэм’ер-міністра Гарпэра ў дачыненні да сірыйскіх бежанцаў пачала выглядаць непрымальна жорсткай. Сам ён гэта абвяргаў і настойваў на тым, што ягоная палітыка была адною з самых шчодрых у свеце. Аднак Канада прымала прыблізна ў тысячу разоў менш сірыйскіх уцекачоў, чым Ліван альбо Турцыя, і таму словы Гарпера пра шчодрасць Канады гучалі даволі смешна.

Дзве галоўныя апазіцыйныя партыі — Новая дэмакратычная партыя і Ліберальная партыя — унеслі прапановы значна больш шчодрай палітыкі ў дачыненні да ўцекачоў. Лібералы паабяцалі прыняць 25 тысяч сірыйскіх уцекачоў за чатыры месяцы, а новыя дэмакраты — 46 тысяч сірыйскіх уцекачоў за чатыры гады.

Такім чынам, кансерватары паставілі на тое, што канадцы не захочуць бачыць у сябе вялікую колькасць сірыйскіх уцекачоў, асабліва мусульман. Яны падкрэслілі тое, абвясціўшы 2 кастрычніка, што адкрыюць гарачую лінію, куды людзі здолеюць патэлефанаваць з даносам супраць «варварскіх культурных практык». Многія аналітыкі інтэрпрэтавалі гэты крок як спробу сплаціць канадскі электарат на антымусульманскай платформе. Тым часам лібералы і новыя дэмакраты паставілі на тое, што канадцы хочуць бачыць адкрытае, талерантнае грамадства з адчыненымі дзвярыма для дзясяткаў тысяч уцекачоў, многія з якіх, вядома, будуць мусульманамі.

У выніку апазіцыя мела рацыю. На кастрычніцкіх выбарах колькасць дэпутацкіх крэслаў кансерватараў знізілася з 159 да 99. Яны сышлі ў апазіцыю, а ліберальны лідар Трудо замяніў Гарпера на пасадзе прэм’ер-міністра.

Прыйшоўшы да ўлады, Трудо адразу пачаў выконваць абяцанне наконт сірыйскіх уцекачоў. Першы самалёт з уцекачамі, які прызямліўся ў Канадзе пасля выбараў, Трудо сустракаў асабіста. На відэа можна ўбачыць, як ён кажа адной сірыйскай сям’і: «Вітаю вас у вашым новым доме» — і дорыць ёй дзіцячую зімовую вопратку і мядзведзіка.

Трудо таксама прызначыў афганскую ўцякачку Мар’ям Мансеф, якая перабралася ў Канаду ў 1996 г., міністрам дэмакратычных інстытутаў, даручыўшы ёй справу запланаванай рэформы структуры канадскага сената.

Менавіта такога прэм’ер-міністра хацелі канадцы. Паводле дадзеных CBC, у дадзены момант Трудо падтрымліваюць прыблізна 60% жыхароў Канады, што значна перавышае паказчыкі лідараў іншых партый, а таксама адсотак людзей, якія галасавалі за лібералаў на леташніх выбарах. Пры ліберальным урадзе, з лістапада 2015 г. па сёння, па афіцыйных дадзеных Канада прыняла 29207 сірыйскіх уцекачоў.

Справа ў тым, што прыняцце ўцекачоў — гэта даўняя канадская традыцыя.

Як нагадвае дзяржаўны партал, прысвечаны гэтай тэме, Канада многа разоў за сваю гісторыю прымала дзясяткі тысяч уцекачоў, пачынаючы яшчэ з амерыканцаў, якія былі на баку Брытанскай імперыі падчас амерыканскай вайны за незалежнасць у 1780-х. Многіх сірыйскіх уцекачоў (дакладней 10417 на сённяшні дзень) спансаруе не ўрад, а канадскія прыватныя асобы альбо арганізацыі, у тым ліку цэрквы, сінагогі і мячэці.

Таксама плынь сірыйскіх уцекачоў не носіць стыхійны характар у Канадзе, у адрозненне, скажам, ад Германіі. Усё-ткі дзясяткі тысяч — гэта не сотні тысяч. Паміж Канадай і Сірыяй ляжаць Атлантычны акіян і Міжземнае мора, таму Канада можа браць уцекачоў выбарачна, спачатку даючы ААН магчымасць высветліць у кожным выпадку, хто гэты ўцякач, перад тым як даць яму магчымасць пакінуць лагер уцекачоў у Ліване, Турцыі альбо Іарданіі і прыляцець у Канаду. Таксама, паколькі рызыка экстрэмізму звычайна найвялікшая сярод нежанатых мужчын, Трудо вырашыў прымаць сярод сірыйскіх уцекачоў толькі дзяцей і жанчын, а таксама сем’і, якія могуць уключаць у сябе мужчын. Нежанатыя дарослыя сірыйскія ўцекачы-мужчыны могуць прыехаць у Канаду, толькі калі яны з’яўляюцца геямі, што можа азначаць для іх дадатковую небяспеку на радзіме.

Сірыйскія ўцекачы паступова прызвычайваюцца да жыцця ў новай краіне. А калі сёлета ў маі ўсё насельніцтва канадскага горада Форт Мак-Мёры (правінцыя Альберта) было часова эвакуявана па прычыне лясных пажараў, 60 сямей сірыйскіх уцекачоў у Эдмантане (сталіцы правінцыі) разам сабралі 3500 канадскіх даляраў на ежу для эвакуяваных канадцаў.

Тым часам амерыканскія суседзі Канады прынялі толькі 6727 сірыйскіх уцекачоў з кастрычніка 2015 г., маючы пры гэтым насельніцтва ў дзевяць разоў вялікшае, чым канадскае. У адрозненне ад Германіі, не кажучы ўжо пра краіны-суседкі Сірыі, Канада не можа прыняць сотні тысяч сірыйскіх уцекачоў. Аднак яна робіць што можа, і гэтую палітыку, паводле апытання, праведзенага ў маі, падтрымліваюць 68% канадцаў. Як мінімум у маштабах амерыканскага кантынента, Канада пад кіраўніцтвам Жустэна Трудо ўзяла на сябе ролю галоўнага прытулку для сірыйскіх уцекачоў.

* * *

Пра аўтара: Рашэд Чоўдхуры нарадзіўся ў Мінску. Атрымаў ступень доктара філасофіі па гісторыі ў МакГілаўскім універсітэце (Манрэаль, Квебек, Канада). З’яўляецца навуковым супрацоўнікам Цэнтра індыйска-акіянскага свету ў МакГіле. Сын бенгала і беларускі, ён дасканала валодае беларускай мовай. Лаўрэат прэміі часопіса «Arche» за свае беларускамоўныя артыкулы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?