(Працяг. Першая частка тут >>>)

Від на Батумі з Зялёнага мыса

Від на Батумі з Зялёнага мыса

Размяшчэнне на моры

Адразу варта сказаць, што жылі мы не непасрэдна ў самім Батумі, а ў адным з яго прыгарадаў, які дэ-юрэ ўсё ж лічыцца тэрыторыяй горада. Называецца пасёлак Махінджауры і знаходзіцца за дзесяць хвілін язды маршруткай ад цэнтра Батумі. Каштуе праезд 1 лары за двух чалавек, а ходзяць маршруткі даволі часта, таму паездка да горада ніякіх цяжкасцей не дастаўляе. Ёсць, дарэчы, і аўтобусы, якія ходзяць не так часта, але і каштуюць менш — 1,2 лары за дзве асобы. Што цікава — электронныя кампосцеры білетаў у іх стаяць роўна такія ж, як і ў мінскіх, хоць самі аўтобусы польскія.

У Махінджауры мы здымалі пакой з асобным санвузлом у адным з дамоў — вось гэтым. На першым паверсе дома жылі ўсе пяць членаў сям’і гаспадароў, якія былі надзіва ветлівыя і інтэлігентныя, а другі быў цалкам прызначаны для гасцей.

Да гаспадыні, якую зваць Мая, можна заўжды было звярнуцца з любымі пытаннямі і просьбамі — нам ніколі ні ў чым не адмовілі. Яе дзеці выдатна размаўляюць па-англійску, таму праблем з камунікацыяй у іх не ўзнікала ні з палякамі, ні з немцамі, якія былі нашымі суседзямі на працягу адпачынку. І ўсе былі задаволеныя, дарэчы. А бацька Майі частаваў нас дамашнімі слівамі, віном і чачай (якую я нават узяў у Беларусь). Таму вельмі рэкамендуем.

Акрамя хатняй утульнасці, плюсаў ад такога размяшчэння цэлы вагон. Па-першае, вы будзеце жыць у спакойнай і ціхай мясцовасці, дзе не будзе чуваць пастаянны шум буйнога горада. Па-другое, там не так душна, як ў батумскіх бетонна-жалезна-драўляных джунглях (пра іх трохі ніжэй). Па-трэцяе, там значна ніжэйшы кошт на жытло. І самае галоўнае — пляж знаходзіцца максімум за пяць хвілін хады, дзе б вы ні жылі. Паплаваць у свежым моры перад сняданкам — гэта сапраўдны цуд.

Дарэчы, сняданкі. Іх мы елі ў нашай суседкі Наргіз, якая кожны дзень гатавала нам грузінскія нацыянальныя стравы па нашай замове і брала за даволі вялізныя порцыі 12 лары з чалавека. Гэта значна менш за кошт такіх жа страў у рэстарацыі, ды і сапраўды цікава было параўнаць «турыстычную» ежу з дамашняй.

Сняданкі ад Наргіз: «востры» на кецах з дамашнім хачапуры; смажаныя фарэль і дарада з арэхамі, а таксама мчадзі (кукурузныя ляпёшкі). 

Сняданкі ад Наргіз: «востры» на кецах з дамашнім хачапуры; смажаныя фарэль і дарада з арэхамі, а таксама мчадзі (кукурузныя ляпёшкі). 

Пасля сняданку ў вас тры варыянты актыўнасці. Першы — класічны: прайсці вышэйзгаданыя пяць хвілін да пляжа і атрымаць стоадсоткавую асалоду ад адпачынку на моры. Другі — здзейсніць падарожжа ў адным з турыстычных кірункаў па Аджарыі. Паглядзець можна сапраўды шмат чаго. І трэці — адправіцца непасрэдна ў Батумі, каб паглядзець горад з усіх магчымых бакоў. У нас было дастаткова часу скарыстацца ўсімі магчымасцямі. Таму пра ўсё па парадку.

Пляжы

Трэба разумець, што мора ў наваколлі Батумі, скажам так, не вельмі чыстае. Справа ў тым, што ў гэтым месцы ў яго ўпадаюць рэкі. А ў іх, адпаведна, упадаюць каналізацыі. Таму часам побач з вамі можа банальна плаваць смецце, а ў некаторых месцах у мора ўвогуле заходзіць брыдка. Таксама пасля дажджу купацца немагчыма ўсё з-за таго ж татальнага бруду. Зыходзячы з гэтага і варта планаваць сваю актыўнасць.

Від на мора з Батанічнага сада.

Від на мора з Батанічнага сада.

Калі казаць пра дажджы, то ўвогуле варта ўзгадаць агульную капрызнасць грузінскага надвор’я. З 14 дзён, што мы там былі, дождж ішоў 5. І гэта, як нам сказалі, мы яшчэ трапілі на добрае надвор’е.

Прагнозам можна давяраць толькі часткова, бо сітуацыя мае асаблівасць змяняцца самым нечаканым чынам. Таму заўжды варта мець запасныя варыянты правядзення часу на выпадак форс-мажору. Бо ён здараецца. Напрыклад, у дзень нашага прыезду ў Батумі амаль цэлы дзень ішла зліва. У некаторых месцах дарогі затапіла так, што вады было па грудзі. Вось вам і сонечны край.

У плане пляжнага адпачынку нам даволі-такі пашанціла, бо бліжэйшы пляж ад нашага дома аказаўся ледзь не самым чыстым (так, брудных там таксама хапае), з нармальнай вадой і без хвалярэзаў (гэта аказалася вельмі важна). Да таго ж на ім не так шмат людзей, як, напрыклад, уздоўж Батумі, дзе проста яблыку няма дзе ўпасці. Стандартны пляжны камплект з двух шэзлонгаў і парасона каштуе 10 лары на цэлы дзень. Парасон вам спатрэбіцца, каб вы не хочаце спаліць скуру пад пякучым сонцам (сам я гэтага не змог пазбегнуць), а без шэзлонгаў на даволі вялікіх камянях ляжаць не так ужо і зручна.

Так, важная рэч: амаль усе пляжы ў рэгіёне — галечныя.

Як па мне, гэта значна лепей за пясок, які забіваецца ва ўсе магчымыя і немагчымыя месцы і які яшчэ праз год можна вытрусіць аднекуль з заплечніка. Мясцовая пляжная галька адрозніваецца даволі вялікімі памерамі, таму некаторым людзям можа быць не вельмі зручна заходзіць у мора. Так што варта заранёў паклапаціцца пра спецыяльныя марскія тапкі, бо там іх купіць — задача не з простых (мы, прынамсі, не бачылі ні разу).

Канешне, ёсць парачка пясочных пляжаў, але і яны незвычайныя. Знаходзяцца яны ў мястэчку Урэкі, што недзе ў 50 кіламетрах ад Батумі. Даехаць туды можна як маршруткай, так і на таксі. На пляжах даволі шмат людзей, а мора не самае чыстае. Хоць ездзяць туды ў першую чаргу не для таго, каб плаваць. Справа ў тым, што пляж там спецыфічны — з чорным магнітным пяском, які дапамагае ад розных праблем з касцямі і суставамі. Таму вялікая колькасць закапаных у пясок людзей — гэта там далёка не дзіва.

Аб’екты для наведвання

Шчыра кажучы, пералічваць тут можна вельмі шмат. Значна прасцей вам будзе ўзяць карту і даведнік у цэнтры турыстычнай інфармацыі, які знаходзіцца ў самым цэнтры Батумі, побач з канатнай дарогай. Скажу толькі, што асабліва

варта звярнуць увагу на вадаспад Махунцэці (проста неперадавальны пейзаж!) і старажытную крэпасць Гоніа (Апсарас), якая была пабудаваная рымлянамі ў першым стагоддзі нашай эры (захавалася выдатна).

Вадаспад Махунцэці

Вадаспад Махунцэці

Да таго ж, калі паедзеце ў гэтым кірунку, неабходна на некалькі гадзін заехаць у Сарпі — на самую грузінска-турэцкую мяжу. Справа ў тым, што гэта адзінае месца ў рэгіёне, дзе можна пакупацца ў чысцюткім і спакойным моры. Да Сарпі, дарэчы, ходзіць маршрут нумар 17 з Батумі. Аўтобусы адпраўляюцца два разы на гадзіну і ідуць каля 50—60 хвілін.

Крэпасць Гоніа.

Крэпасць Гоніа.

Завязуць вас туды і таксісты, але кошт ужо будзе значна большым. Можна спалучыць падарожжа да Сарпі з наведваннем іншых цікавостак па дарозе — тут маршрут лепш планаваць ужо зыходзячы з таго, што вам захочацца паглядзець.

Сарпі. Там, дзе мячэць — ужо Турцыя.

Сарпі. Там, дзе мячэць — ужо Турцыя.

Батумі

Батумі — горад кантрастаў. Калі гуляеш па вялізнай набярэжнай, забудаванай спрэс бетонам і шклом, дзе пралягае веладарожка і растуць пальмы, а навокал моладзь праводзіць розныя вулічныя перформансы, ты і не падазраеш, што цябе можа чакаць у глыбіні горада. Дастаткова толькі перайсці праспект Руставэлі, які аддзяляе набярэжную ад усяго астатняга горада, і ты трапляеш нібы ў не самы заможны раён Рыа. Бо за вялікімі гмахамі атэляў і офісных будынкаў не відаць тых фавэлаў, якія месцяцца побач. І часам здаецца, што гэтыя два светы і не перасякаюцца.

Порт Батумі

Порт Батумі

Сапраўды, калі побач з табой праязджае «Ферары», а літаральна праз пяць хвілін нахабныя цыганяты проста хапаюць цябе за ногі, каб ты ім даў грошай, шаблон пачынае трашчаць па швах. Працягвае ён гэта рабіць і ад цэн на звычайныя тавары і ежу ў рэстарацыях, якія абсалютна не саступаюць беларускім, а часам і вельмі няблага іх пераўзыходзяць. Магчыма, у Тбілісі сітуацыя адрозніваецца, але мы ж з вамі выдатна ведаем, наколькі вялікай бывае розніца паміж сталіцай і рэгіёнамі.

Плошча Еўропы.

Плошча Еўропы.

Увогуле, Батумі — даволі зручны горад для турыстаў. Шмат рэстарацый, даволі кампактны цэнтр і зона адпачынку, шмат разнастайных сэрвісаў — ад марскіх прагулак да канатнай дарогі. Апошнюю, дарэчы, вельмі рэкамендуем наведаць — віды адкрываюцца проста неймаверныя, дый каштуе гэтае шчасце ўсяго 10 лары на чалавека — не больш за іншыя забаўкі ў межах горада.

Віды на Батумі з верхняй станцыі канатнай дарогі.

Віды на Батумі з верхняй станцыі канатнай дарогі.

Самы распаўсюджаны транспарт там — таксі. Часам складваецца ўражанне, што большая частка дарослага мужчынскага насельніцтва горада прафесійна круціць баранку ў той ці іншай форме: таксуе па горадзе ці возіць турыстаў па рэгіёне. Па беларускіх мерках цана на таксі не такая і высокая, а нават трохі меншая за мінскую, калі зыходзіць з разліку па дыстанцыі.

Дадам, што грамадскі транспарт тут — вялікая латарэя. Гарадскія аўтобусы існуюць у прыродзе, і нам нават удалося пару разоў на іх пракаціцца, але вось вам невялікі факт. Аднойчы а дзясятай вечара мы чакалі на прыпынку аўтобус, які, па словах папярэдне спытанай кандуктаркі, ходзіць да паловы першай ночы. Чакаем пяць хвілін, дзесяць. Праз пятнаццаць хвілін жонка засумавала і вырашыла палічыць таксі, якія праедуць паўз прыпынак да таго часу, як з’явіцца аўтобус. За наступныя хвілін дваццаць яна налічыла больш за 100 (сто!) машын. І гэта не жарт! Дарэчы, аўтобус так і не з’явіўся, таму нам урэшце давялося ўсё роўна ехаць на таксі ў значна пагоршаным настроі. Улічвайце гэта, плануючы паездкі па горадзе і прыгарадах.

Што паесці

Падыходзім да адной з галоўных мэт нашага падарожжа.

Гастраномія — гэта тое, за што Грузіі можна дараваць усе мінусы, з якімі давялося сутыкнуцца. Але і ў гэтай галіне не ўсё так проста. Не думайце, што ў любой рэстарацыі вас накормяць і напояць ад душы.

Грузіны ўжо прызвычаіліся да вялікага патоку турыстаў, таму не варта чакаць вялікай хлебасольнасці на кожным вуглу. Напрыклад, у цэнтры гарадоў (што справядліва і для іншых краін) вельмі складана знайсці сапраўды аўтэнтычныя, смачныя і недарагія стравы мясцовай кухні. Дамашняе віно ў такіх рэстарацыях таксама не наліваюць — толькі фабрычнае і з двайной нацэнкай. Нічога не нагадвае?

Шашлык у «Баграці»; хачапуры па-аджарску ў «Рэтра» (гэта вялікі, а ёсць яшчэ «Тытанік» — агромністы «човен» на цэлую сям'ю!)

Шашлык у «Баграці»; хачапуры па-аджарску ў «Рэтра» (гэта вялікі, а ёсць яшчэ «Тытанік» — агромністы «човен» на цэлую сям'ю!)

Таму рэкамендуем заранёў даведацца, дзе якія стравы лепей есці. Што датычыцца нашага маршруту, то па ім мы знайшлі некалькі выдатных месцаў для харчавання.

Так, у Кутаісі абавязкова папрасіце таксістаў завезці вас у хінкальную «Баграці», што ў раёне «гарадок Нікея». Гэта ўскраіна горада, да якой вы самі не дойдзеце ніякім чынам. Мы туды патрапілі выпадкова — спыталі ў таксіста, дзе лепш за ўсё кормяць у Кутаісі, і ён нас прывёз. У гэтай хінкальнай мы елі самы смачны за ўсё наша падарожжа шашлык пад самае смачнае піва, якое вараць тут жа па месцы (што дзіўна, піва ў Грузіі даволі нішто сабе па якасці).

Месца абсалютна не турыстычнае, меню тут выключна па-грузінску. Але афіцыянткі ведаюць рускую, таму дамовіцца зможаце без праблем.

Калі хочаце даведацца, чым жыве кутаіская моладзь, варта наведаць бар «Enzo» у цэнтры горада.

Мясцовыя ахвотна раскажуць вам пра апошнія трэнды ў грузінскіх субкультурах і пра свой погляд на цяперашнюю сітуацыю ў краіне. Таксама атмасфернае месца.

Што датычыцца Батумі, то тут таксама варта адзначыць пару месцаў. Першае — гэта рэстарацыя «Megrul-Lazuri», якая знаходзіцца ў Махінджауры.

Яе мы наведвалі часцей за ўсё, бо ісці да яе ад месца, дзе мы прыпыніліся, было 10 хвілін. Ды і кормяць там вельмі і вельмі добра. Па суадносінах кошт/якасць — у поўным парадку. Якасць, дарэчы, пацвярджаецца тым, што ў адзін з дзён нашага візіту рэстарацыя была закрытая для наведвальнікаў, бо прымала вельмі важнага госця — прэзідэнта Грузіі Гіоргі Маргвелашвілі. Выбар грузінскіх страў там сапраўды вялікі — ледзь хапіла часу паспрабаваць усё, што хацелі.

Другая важная для гастранамічных турыстаў кропка знаходзіцца ўжо непасрэдна ў Батумі, недалёка ад цэнтра, побач з дэльфінарыем. Называецца рэстарацыя «Рэтра», і там робяць самыя смачныя хачапуры ва ўсёй Грузіі.

Гэта нам распавёў хлопец з Тбілісі, які прыехаў у Батумі спецыяльна, каб з’есці хачапуры ў «Рэтра». Таксама паказнік, як мне здаецца. Батумі — сталіца Аджарыі, таму быць тут і не з’есці хачапуры па-аджарску — гэта грэх.

Рынак у Батумі.

Рынак у Батумі.

Яшчэ адзін важны з кулінарнага пункту гледжання пункт — батумскі рынак. Перад тым, як туды выбірацца, абавязкова знайдзіце мясцовага чалавека, які згадзіцца быць вашым суправаджальнікам, інакш вы рызыкуеце патануць у віры бясконцых прапаноў, крыкаў, пахаў, смакаў і колераў. У любым выпадку вынасіць адтуль вы будзеце цэлую торбу, набітую мясцовымі прысмакамі, пачынаючы знакамітымі спецыямі і заканчваючы звязкамі чурчхелы. Варта заглянуць і на рыбны рынак, каб узяць свежазлоўленай фарэлі. Нам, напрыклад, яе з радасцю за невялічкую плату прыгатавала ўжо згаданая вышэй суседка Наргіз. Хоць рыба выходзіць і нятанна, але калі яшчэ ў беларусаў з’яўляецца магчымасць паесці свежай марской рыбы?

Высновы

Грузія — краіна, у якой спалучаецца шмат плюсаў і мінусаў, апісаных вышэй. У Грузіі варта быць адкрытым і расслабленым, але і пільнасць губляць нельга ні ў якім разе. Адназначна, гэта не курорт для аматараў высокага камфорту ва ўсім — сэрвіс тут шмат дзе застаўся на ўзроўні СССР. Але калі вам хочацца троху экстрыму і аддалення ад цывілізацыі, дык такі варыянт бачыцца абсалютна апраўданым.

Да ўсіх вышэйзгаданых парад яшчэ дадам, што абавязкова трэба ўзяць з сабой нейкіх беларускіх сувеніраў. У нас у гэтай ролі выступілі беларускія ільняныя ручнікі, якія мы прэзентавалі ўсім людзям, з якімі навязвалі добрыя адносіны. Яны, у сваю чаргу, адплачвалі як гасціннасцю, так і гасцінцамі, якіх мы прывезлі дадому поўную торбу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?