На выставе прадстаўленыя работы Галіны Закрэўскай, Ірыны Курч, Юрыя Адзінца, Максіма Панфілава й Вольгі Туравец.

Фатаздымкі Юр'я Адзінца — квадрыптыхі, якія адлюстроўваюць на эмацыйным узроўні чалавечую прагу («Прыемнае», «Забароненае»), абстрактныя сылюэтныя работы, сярод якіх — канцэптуальны твор «Жыцьцё ў раскошы», а таксама — сэрыя «Веру, што пачнецца белая паласа», якая выяўляе неразборлівыя фрагмэнты прыцемкавага пакою.

У тэматычнай сэрыі «Моманты» Вольга Туравец спрабуе прыпыніць час — хутчэй, з дапамогай фантазыі, чым сродкамі фота‑вытрымкі — надаючы прабітаму куляй шклу ці патрэсканай фарбе ілюзорнасьць. А ў сэрыі «Супраціў бескарысны» аўтарка наўпрост прамаўляе да гледача з дапамогай фота‑мэтафары: шматлікіх сагнутых трубаў…

Ірына Курч прадстаўленая канцэптуальнай сэрыяй «7 грахоў» — просты мех бульбы выяўлены ў сямі розных станах, нібыта адпавядаючы пэўным станам сьвядомасьці: вось мех зачынены, вось —поўны бульбы, а вось яна высыпалася…

Галіна Закрэўская ў сэрыі «пазл» карыстаецца фрагмэнтамі чалавечага цела, нібы кажучы пра фрагмэнтарнасьць чалавечай асобы, альбо ўяўленьняў пра яе.

А Максім Панфілаў у сэрыі «нано» разважае пра «нанамастацтва», «нанакаханьне» й іншыя нанатэхналёгіі з дапамогай люстэркавай паверхні й малюткіх пацерак.

Усіх аўтараў аб’ядноўвае спроба разабрацца ў сабе з дапамогай фатаграфіі й перадаць знойдзены сэнс на інтуітыўным узроўні праз абстракцыю.

На першы позірк, работы падаюцца вельмі простымі (гэтак некаторыя дзеці, слухаючы экспэрымэнты генія Колтрэйна, кажуць: «я таксама магу гэтак граць»), але падобныя творы немагчымыя без мастацкага густу. А прынцыпам падобнай фатаграфіі вучацца адмыслова.

Зьвесткі пра студыю «Alma Pater», дзе «іншую» фатаграфію выкладаюць за грошы, можна атрымаць на выставе. «Іншай» прадстаўнікі студыі «Alma Pater» называюць фатаграфію, «якая зьяўляецца прадуктам жыцьцядзейнасьці чалавечае псыхікі (нутранога сьвету) з усімі яе выгінамі, нечаканымі паваротамі, недасяжнымі для разуменьня калізыямі й цяжкавылечнымі недахопамі».

Выстава працягнецца па 10 чэрвеня ў галерэі «Падземка», Менск, Праспэкт Незалежнасьці, 43.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?