На сайце Цэнтрвыбаркама з'явіўся спіс кандыдатаў у палату прадстаўнікоў па Мінскай вобласці.

«Наша Ніва» прааналізавала дакумент і параўнала яго з тым прагнозам, што мы рабілі ў самым пачатку выбараў.

У Міншчыне ў ім давядзецца зрабіць толькі адну змену. У Стаўбцоўскай акрузе №70 не атрымала рэгістрацыю дырэктарка Нясвіжскага каледжа Алена Жураўлёва. Яна цалкам адпавядала статусу кандыдата ад «вертыкалі» — збірала подпісы выбарцаў, атрымала падтрымку працоўнага калектыва.

Аднак, як аказалася, на паседжанні камісіі Жураўлёва нечакана ўзяла самаадвод, спаслаўшыся на праблемы са здароўем.

Хто застаўся на Стаўбцоўскай акрузе ў яе адсутнасць?

Два кандыдаты ад палітычных партый — 22-гадовая прадстаўніца ЛДПБ Мілена Келер («НН» пісала пра яе) і выхавацелька Гарадзейскага інтэрната Марына Шаўчук, якая ідзе ад камуністаў. Апроч іх, ёсць юрыдычны кансультант Аляксандр Зелянкоўскі (ён самавылучэнец).

Але самым вядомым іменем у бюлетэнях будзе намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. З 1991 года працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (ад 2015 года называецца Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа). Летась палітык выяўляла прэзідэнцкія амбіцыі.

Перашкодзіць Анісім можа дырэктарка Навасёлкаўскай спалучанай школы і садка Наталля Маслоўская. Але супраць яе гавораць невысокі статус навучальнай установы — ніводнага прадстаўніка вясковых школаў у палаце прадстаўнікоў няма, а таксама тое, што Маслоўская не збірала подпісаў выбарцаў. Яе вылучыў толькі працоўны калектыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?