Грамадскасць прапаноўвае аб'явіць мараторый на забудову Мінска ў межах першай МКАД, паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання «Экаград» Віктар Янчурэвіч 12 жніўня на прэзентацыі праграмы развіцця Мінска.

Ён растлумачыў, што гэта праграма створана на аснове прапаноў экспертаў і прадстаўнікоў ініцыятыўных груп мінчан, выпрацаваных у ходзе серыі пасяджэнняў круглых сталоў. «Гэта праграма з'яўляецца аб'ектыўным поглядам на развіццё Мінска і магла б быць рэалізавана, калі б на гэта была воля мясцовых уладаў і яны хацелі б ісці на кантакт з прадстаўнікамі грамадскасці, весці дыялог з гараджанамі, у тым ліку з намі», — адзначыў Янчурэвіч. Паводле яго слоў, на пасяджэнні круглых сталоў неаднаразова запрашаліся прадстаўнікі Мінгарвыканкама, але яны так ні разу і не прыйшлі. Тым не менш гэту праграму мяркуецца накіраваць ва ўсе зацікаўленыя інстанцыі Мінска, а таксама раздаць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія пачынаюць перыяд агітацыі перад выбарамі 11 верасня.

Як адзначыў у ходзе прэзентацыі актывіст, тэрыторыю Беларусі нельга назваць шчыльна заселенай. Шчыльнасць насельніцтва Беларусі складае 46 чал./кв. км, Польшчы — 124, Германіі — 220. Пры гэтым шчыльнасць насельніцтва ў Мінску значна перавышае шчыльнасць насельніцтва ў сталіцах згаданых еўрапейскіх дзяржаў. Так, шчыльнасць насельніцтва Варшавы — 3.461 чал./кв. км, Берліна — 3.850, Мінска — 5.509. Мінск займае прыкладна 0,17% агульнай тэрыторыі краіны. Пры гэтым у сталіцы жыве ўжо больш за 20% насельніцтва Беларусі, штогадовы прырост жыхароў складае 15—20 тыс. чалавек.

«Рост колькасці насельніцтва Мінска павінен суправаджацца адпаведнымі тэрытарыяльнымі зменамі. Аднак горадабудаўнікі робяць выбар на карысць тэрытарыяльнага абмежавання Мінска межамі кальцавой аўтадарогі і пабудовы кампактнага горада. З прычыны інтэнсіўнай забудовы свабодных тэрыторый для масавага будаўніцтва фактычна не засталося, набірае тэмпы палітыка ўшчыльнення існай забудовы, — падкрэсліў Янчурэвіч. — Рэзервамі выступаюць тэрыторыі санітарна-ахоўных зон прамысловых прадпрыемстваў, зоны аховы аб`ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, сядзібная забудова, знос якой пачынаецца ў цэнтры горада і па меры асваення распаўсюджваецца на перыферыю, а таксама зялёныя зоны, на добраўпарадкаванне і ўтрыманне якіх проста не хапае сродкаў».

На яго думку, «акрамя росту сацыяльнага напружання, прапанаваны ўладамі сцэнарый развіцця нясе гораду перагружанасць аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, паліклінік, дзіцячых дашкольных устаноў, катастрафічны недахоп парковачных месцаў, скарачэнне зялёных зон і, як следства, пагаршэнне экалогіі горада і якасці асяроддзя пражывання».

У праграме прапаноўваецца 80% жылля будаваць для асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (іх каля 220 тыс. сем`яў), а 20% — на камерцыйнай аснове. Зараз жа назіраецца прапорцыя: 40% — для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і 60% — долевае будаўніцтва.

Таксама прапаноўваецца ўключэнне ў гарадскую рысу асобных свабодных тэрыторый Мінскага раёна і інтэнсіўнае іх засваенне (у першую чаргу былы палігон каля пасёлка Калодзішчы і прылеглая тэрыторыя, дзе раней планавалася будаўніцтва мікрараёнаў Зялёны Бор, Нотынгем і Грынвіч (да 10 млн. кв. м жылля).

Акрамя таго, у праграме прапаноўваецца ўпарадкаваць тэрыторыі сядзібных паселішчаў Мінскага раёна, дзе можна выдзеліць участкі для рассялення больш чым 100 тыс. чалавек пры шчыльнасці не большай за 20 чалавек на гектар і плошчы ўчастка ў 15 сотак.

Для захавання і добраўпарадкавання ландшафтна-рэкрэацыйных зон і ўнутрыквартальных зялёных тэрыторый прапаноўваецца іх інвентарызацыя і пашпартызацыя. Таксама прапаноўваецца разбіць новыя паркі і скверы; развіваць сетку дзіцячых дашкольных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі, аб`ектаў спорту, медыцынскіх устаноў, аб`ектаў бытавога абслугоўвання. У ліку прапаноў — рэканструкцыя прамысловых тэрыторый; ахова гісторыка-культурнай спадчыны; развіццё грамадскіх прастор.

Цалкам з праграмай можна пазнаёміцца на сайце «Экаграда» (ecograd.by) у раздзеле «Дыскусія пра Мінск».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?