Пра ваўкавыскую паездку Аляксандра Лукашэнкі піша Святлана Калінкіна.

Вось жа жулікі! У суботу ўсе дзяржаўныя СМІ паведамілі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка незапланавана наведаў адсталыя прадпрыемствы Ваўкавыскага раёну — ААТ «Хацькаўцы» і Завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын. І ў выніку вельмі смешна атрымалася.

Гэта ж цуд нейкі! У выходны дзень, у суботу, на заводзе выпадкова апынуўся турэцкі інвестар, які, вядома ж, і быў ні сном ні духам, што сюды заедзе кіраўнік дзяржавы. Проста стаяў сабе непрыкаяны турак ля стэндаў з прэзентацыяй свайго інвестыцыйнага праекту, пад які хоча атрымаць гарантыі і падатковыя льготы ад беларускага ўраду. А тут — раз — і Лукашэнка едзе.

«Селям, — кажа. — Чаго стаіш?»

А нічога, што заехаў напярэдадні візіту ў Беларусь прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана? А нічога, што яшчэ ў лютым дамовіліся стварыць у гэтым рэгіёне турэцкую прамысловую зону на базе зоны «Гроднаінвест»? А нічога, што кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў асабіста прыязджаў у Ваўкавыск абмеркаваць праект на месцы і падрыхтаваць візіт кіраўніка дзяржавы? А нічога, што ў Ваўкавыску нямала прадпрыемстваў, якія на гарызонце ніякіх інвестараў не маюць, і як далей жыць і працаваць на гэтых заводах не ведаюць?

Добра, завод, ён хоць і скараціў страты ў гэтым годзе, але ўсё ж такі фармальна і зараз застаецца стратным. А з ААТ «Хацькаўцы», дзе Лукашэнка інспектаваў кароў, наагул шулерства выйшла.

«А рацыён у вас паўнавартасны?», — заклапочана распытваў кіраўнік Беларусі кіраўніка гаспадаркі. «А сянажныя траншэі маеш?» «А арганікай займаешся?».

І разам з дырэктарам ААТ «Хацькаўцы» Аляксандрам Жылінскім на гэтыя пытанні адказвала ўся «прэзідэнцкая абслуга». Яны ж у нас сітуацыю па кожным калгасе, нават калі сярод ночы абудзіць, ведаюць і кантралююць. Усе надоі, усе паказнікі — а як жа ж!

Добра, рыхтаваліся вы да візіту. Добра лічбы вывучылі. Вось толькі навошта трэба было ўцюхваць, што гэта праблемная, адсталая і г. д., і да т. п.гаспадарка. Як яна можа быць праблемнай, калі спецыялізуецца на вытворчасці малака, а асноўны акцыянер гаспадаркі — слынны «Беллакт».

Няўжо ж «Беллакт» са сваіх уласных ферм малако не возьме, ці не аплоціць яго, або аплоціць дрэнна?

Да таго ж, сайт Ваўкавыскага райвыканкаму шчыра паведамляе: «Ужо другі раз запар па выніках працы за год адкрытае акцыянернае таварыства «Хацькаўцы» ўзнагароджана Ваўкавыскім раённым выканаўчым камітэтам дыпломам I ступені за «Дасягнутыя высокія вынікі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці» і пераходзячым чырвоным сцягам».

То бок, гэта найлепшая гаспадарка раёну. Або, як мінімум, адна з найлепшых. А вось паглядзіш па тэлевізійнай карцінцы — і не паверыш. Чысценька, вядома ж, але вельмі сціпла. І можна толькі ўявіць, што дзеецца на фермах іншых гаспадарак, якія не маюць сярод акцыянераў гіганта малочнай перапрацоўкі.

Засаромеліся прапагандысты ці свядома падманвалі?

Думаю, што свядома. Лукашэнку ўжо даўно па праблемных прадпрыемствам не возяць. Мяркуючы па апошняй паездцы ў Горадню, ён сам не хоча ані ведаць праблемаў, ані бачыць рэальныя вынікі сваёй 22-гадовай дзейнасці. Больш за тое, ужо надышоў той этап, калі лепшыя адрасы даводзіцца прадстаўляць як дрэнныя і адсталыя. Што ж далей прыдумляць будуць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?