Паказальным прыкладам выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, — піша блогер d-zholik, — з'яўляецца сітуацыя з прапіхваннем у парламент нязменнага старшыні Гродзенскай абласной выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта і дэпутатаў усіх узроўняў, экс-адказнага работніка Гродзенскага аблвыканкама, дзейнага старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, члена Камуністычнай партыі Беларусі Валерый Саўко.

8 ліпеня акруговая выбарчая камісія Шчучынскай выбарчай акругі №60, у якую ўваходзяць Шчучынскі і Мастоўскі раёны Гродзенскай вобласці, рэгіструе ініцыятыўную групу грамадзян па вылучэнні згаданай асобы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання.

Ураджэнец Дзятлаўшчыны не адважыўся б вылучацца на сваёй малой радзіме, дзе яго добра ведаюць землякі, дый тамтэйшую выбарчую акругу паміж сабой не падзялілі пракурор раёна і першы намеснік міністра МУС. Пры такіх абставінах прафсаюзнаму камуністу ў родным краі лавіць не было чаго. Для яго падабралі іншую акругу, дзе яго ніхто не ведаў.

12 ліпеня галоўным артыкулам на сайце абласной газеты «Гродзенская праўда» (50 тыс. наведвальнікаў на тыдзень) у раздзеле «Галоўнае» з'яўляецца аб'ёмнае інтэрв'ю са старшынёй прафсаюза [1], чыя ініцыятыўная група ў той момант ужо ажыццяўляла збор подпісаў за яго вылучэнне ў дэпутаты.

І хоць вылучэнне ў артыкуле фармальна наўпрост не фігуруе, аднак падставай для інтэрв'ю быў заяўлены нібыта 60-гадовы юбілей прафсаюзнай суполкі. Юбілей сапраўды меў месца быць, вось толькі здарыўся ён яшчэ ў першыя дні сакавіка, а інтэрв'ю з'явілася толькі праз чатыры з паловай месяцы пасля гэтага. Па дзіўным супадзенні ў самы разгар вылучэння «таварыша» Саўко на выбарную пасаду.

Артыкул пачынаецца і працягваецца апавяданнем Валерыя Саўко аб пройдзеным шляху, аб уласным лёсе, этапах станаўлення: дзе вучыўся, як пачынаў заўгарам у калгасе, працягнуў кіраўніцтвам райкама камсамола, падаўся ў бізнэс, адтуль на пасаду намесніка старшыні Дзятлаўскага райсавета дэпутатаў, затым у Гарадзенскі аблвыканкам намеснікам начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы…

Здавалася б, якая сувязь біяграфіі дзеяча з «кіслым» юбілеем прафсаюза? Вядома ж, гэта была толькі падстава прапіярыць праўладнага кандыдата, у якога меліся відавочныя праблемы са зборам подпісаў у сваю падтрымку.

Але гэта не дапамагае, і ў ход пускаюць цяжкую артылерыю.

20 ліпеня абласная газета «Гродзенская праўда» (выпуск № 57; наклад парадку 40.000 экз.) перадрукоўвае артыкул з ўласнага сайта, але з новай назвай «Прафсаюзы заўсёды побач».

У той жа дзень, як паведамляе афіцыйны сайт Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў, у Шчучыне адбылася сустрэча Валерыя Саўко з дэлегатамі пятага Усебеларускага народнага сходу. Менавіта такая легенда сустрэчы меркаванага кандыдата з раённым актывам была прыдуманая.

На названай сустрэчы, акрамя самога вылучэнца, па афіцыйных дадзеных, узялі ўдзел Хвядзюк Ганна Станіславаўна — намеснік старшыні райвыканкама, Пашук Юрый Тадэвушавіч — старшыня Шчучынскага раённага аб'яднання прафсаюзаў, а таксама старшыні першасных прафсаюзных арганізацый Шчучынскага раёна ўсіх галіновых прафсаюзаў.

Вось толькі Юрый Пашук, які прысутнічаў на незаконным перадвыбарчым мерапрыемстве і асабіста агітаваў за вылучэнне дарагога госця з Гродна (на фота: другі справа), з'яўляецца яшчэ і сябрам акруговай выбарчай камісіі Шчучынскай выбарчай акругі № 60. [3] Да нядаўняга пераходу на прафсаюзную працу з'яўляўся кіраўніком спраў — начальнікам кіраўніцтва спраў Шчучынскага райвыканкама.

Аналагічна Ганна Хвядзюк (на фота: першая злева) з'яўляецца не проста намесніцай, а намесніцай старшыні Шчучынскага райвыканкама па ідэалогіі. Да гэтага таксама працавала кіраўніком спраў райвыканкама, а яшчэ раней з'яўлялася суддзёй суда Шчучынскага раёна.

Як і ў выпадку з прафсаюзным юбілеем, пяты Усебеларускі сход меў месца быць за месяц да таго, як ім вырашыў прыкрыцца меркаваны кандыдат у дэпутаты з КПБ Валерый Саўко.

На самым «народным» сходзе ад раёна прысутнічалі толькі паўтара дзясятка мясцовых кіраўнікоў усіх масцяў, у тым ліку як мінімум адзін член акруговай выбарчай камісіі (Жукоўскі В.С.).

Згодна з прэс-рэлізам Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў, Валерый Саўко выступіў перад прысутнымі з прамовай, у якой разважаў пра міралюбную шматвектарную знешнюю палітыку, пра сённяшнюю абстаноўку ў свеце, якая характарызуецца абвастрэннем барацьбы дзяржаў за лідзіруючыя пазіцыі і кантроль над рынкамі сыравінных рэсурсаў, імкненнем геапалітычных цэнтраў сілы да пашырэння зон свайго стратэгічнага ўплыву, што прывяло да блакавання інтарэсаў іншых дзяржаў, правакаванне напружанасці і спрыяла ўзмацненню міждзяржаўных супярэчнасцяў.

Па словах кіраўніка абласной прафсаюзнай суполкі, выбудоўванне міралюбнай і добрасуседскай палітыкі, непрымальнасць выкарыстання сілы ў вырашэнні міжнародных супярэчнасцяў дазволілі нам стаць асноўнай пляцоўкай для перамоў па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ў нашай роднай краіне. Гісторыя нас навучыла, што любая міралюбная палітыка павінна быць падмацавана рэальнай здольнасцю дзяржавы абараніць свой народ. На прыкладзе нашых суседзяў мы пераканаліся: мір вялікая, найвялікшая каштоўнасць! Страціць яго вельмі лёгка, а шлях ад міру да вайны можа быць вельмі кароткім. Адзінства народа, мабілізацыя ўсіх яго сіл — вось што трэба не толькі для таго, каб выстаяць у ліхі час, але і для таго, каб прадухіліць яе прыход. Зберагчы мір у краіне і зберагчы саму краіну. У сувязі з гэтым абараназдольнасці і бяспецы нашай дзяржавы мы надаём першаснае значэнне. У нас распрацаваны і прыняты Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны. У іх сфармуляваны асноўныя задачы і вызначаны кірункі дзейнасці з улікам сучасных пагроз і выклікаў.

Вось толькі як усё гэта трызненне аб замежнай палітыцы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці краіны закранае статутныя мэты Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў і датычыцца заяўленай мэты мерапрыемства?!

Гэта ўсё было больш падобна да перадвыбарчага сходу, які меў мэтай агітацыю за вылучэнне дадзенага дэмагога.

На самой сустрэчы прысутнічалі кіраўніцтва мясцовай выканаўчай улады і раённы актыў, у тым ліку прафсаюзны, з ліку сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты, члены акруговай і ўчастковых выбарчых камісій, а таксама мясцовыя назіральнікі.

23 ліпеня артыкул «Гродзенскай праўды» перадрукоўваюць ў суботніх нумарах (з ТБ-праграмай) дзяржаўныя газеты Шчучынскага раёна «Дзяннiца» і Мастоўскага раёна «Зара над Нёманам» [4] агульным накладам каля 11 тысяч асобнікаў.

Перадрукі з абласной газеты ў той жа дзень з'яўляюцца на сайтах указаных раённых газет.

26 ліпеня, праз тыдзень пасля сустрэчы грамадзяніна Саўко з актывам, якая адбылася ў Шчучыне, у мясцовай раёнцы і на яе сайце з'яўляецца артыкул «Савет трымалі прафсаюзныя актывісты» [пад словамі «савет трымалі» маецца на ўвазе «радзіліся, адбывалі раду» — НН], прысвечаны мерапрыемству тыднёвай даўніны.

На пастановачным фота ў артыкуле меркаваны кандыдат у дэпутаты — на фоне народа.

Па версіі журналіста газеты, Валерый Саўко на сустрэчы акцэнтаваў увагу прысутных на дэмаграфічнай сітуацыі, замацаванні маладых кадраў і неабходнасці ўдыхнуць новы жыццёвы імпульс у сельскія населеныя пункты. Аб замежнай палітыцы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці краіны ў артыкуле ні слова.

Што да гэтага часу замінала камуністу Валерыю Саўко пабудаваць усеагульны сацыялізм на Зямлі ці хаця б у асобна ўзятай краіне, выправіць дэмаграфічную сітуацыю, удыхнуць новы «жыццёвы імпульс» у вёску і інш. у бытнасць СССР, у часы яго ўдзелу ў бізнэсе, знаходжання на кіруючых пасадах у заканадаўчай і выканаўчай уладзе, а таксама пятнаццаць апошніх гадоў на прафсаюзнай ніве — таксама не раскрыта.

27.07.201627 ліпеня ў №58 газеты Мастоўскага раёна «Зара над Нёманам» (наклад 4004 экз.) былі надрукаваныя адразу два агітацыйныя артыкулы за вылучэнне праўладнага кандыдата ў дэпутаты па Шчучынскай выбарчай акрузе №60.

Яшчэ раней абодва артыкулы па чарзе 21 і 25 ліпеня з'явіліся на афіцыйным сайце газеты. Аднак затым даты іх публікацыі рэдакцыяй наўмысна былі змененыя на дату выхаду ў друк нумара газеты.

На старонцы 2 у артыкуле «У годных умовах» за аўтарствам рэдактара радыёвяшчання Ганны Макар гаворыцца пра пікет па зборы мясцовым райкамам «БРСМ» подпісаў за вылучэнне В.І. Саўко, які адбыўся 21 ліпеня на ажыўленай вуліцы раённага цэнтра. У артыкуле падрабязна ўказаная акруга, поўныя імя па бацьку і службовае становішча кандыдата, а таксама прыведзена простая мова ад імя міфічнай выбаршчыцы, у якой «мір, стабільнасць, спакой, забяспечанасць будучыні, жыццё ў свабоднай і прыгожай краіне» асацыюецца з кандыдатам Валерыем Саўко.

— Я за мір, стабільнасць, спакой, забяспечанасць будучыні, цаню той факт, што мы жывём у свабоднай і прыгожай краіне, таму з упэўненасцю аддаю свой голас за В. І. Саўко, — падзялілася сваім меркаваннем адна з мастаўчанак.

Прозвішча, імя ці хоць бы ініцыялаў у «адной з мастаўчанак» пры сабе не аказалася.

На стар. 4 у артыкуле «Ці ідзе збор подпісаў» за аўтарствам намесніка галоўнага рэдактара Наталлі Шэўчык у каляровым паліграфічным выкананні, са спасылкай на словы старшыні Мастоўскага раённага камітэта Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, паведамляецца пра актыўны ўдзел у вылучэнні Валерыя Саўко старэйшага і сярэдняга пакалення, моладзі. Сам кандыдат у артыкуле асацыюецца са стабільнасцю і спакойным жыццём, у той час як астатнія — з невядомасцю.

Газета інфармуе і пра тое, што збор подпісаў за вылучэнне Валерыя Саўко шляхам пікетавання праводзяць таксама актывісты Мастоўскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ», раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ГА «Белая Русь», КПБ.

Вёрстка нумары ажыццёўлена так, што пры перагортванні на развароце чытачы абавязкова натыкнуцца на тую ці іншую нататку аб вылучэнні Саўко і аб яго шырокай падтрымцы сярод выбаршчыкаў. Аб іншых вылучэнцах — ні слова.

30 ліпеня, за два дні да завяршэння этапу вылучэння, на першай паласе (з працягам на 2-й) № 59 раённай газеты «Зара над Нёманам» накладам 4105 экз. за аўтарствам галоўнага рэдактара Станіслава Звяровіча выйшаў артыкул «Галоўнае — клопат пра людзей» з Валерыем Саўко на калектыўным фота.

За дзень да гэтага артыкул з'явіўся на сайце газеты, але дату публікацыі затым аналагічна змянілі.

30.07.2016 У артыкуле фармальна гаворка ідзе пра пасяджэнне Мастоўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, на якім, аднак, прысутнічалі ўсё той жа меркаваны кандыдат у дэпутаты Валерый Саўко, намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама па ідэалогіі Марына Давыдзік, а таксама начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алег Юшко.

№ 59 за 2016/07/30, наклад 4105 экс.

Як і ў выпадку з перадвыбарным сходам у Шчучыне, прафсаюзны шабаш у Мастах выкарыстоўвалі для агітацыі за вылучэнне і наступнае абранне гэтага стаўленіка. На мерапрыемстве прысутнічалі члены ініцыятыўнай групы па вылучэнні, сябры выбарчых камісій і назіральнікі, якія на тэрыторыі свайго раёна павінны забяспечыць на паперы безумоўную перамогу прафсаюзнага камуніста на маючых адбыцца выбарах у беларускі парламент.

Прычым рэдакцыя мастоўскай раённай газеты «Зара над Нёманам» нават не хавае таго факту, што яе публікацыі на стадыі збору подпісаў выбаршчыкаў з'яўляліся нічым іншым, як агітацыйнымі матэрыяламі за вылучэнне і наступнае абранне рэгіянальнага прафсаюзнага лідара Валерыя Саўко дэпутатам парламента: артыкулы ў яго падтрымку, у тым ліку «Прафсаюзы заўсёды побач», на сайце газеты змешчаны ў рубрыку «Парламенцкія выбары» ўперамежку з паведамленнямі ЦВК.

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына на днях публічна заявіла аб тым, што выбарчыя камісіі будуць звяртаць увагу на наяўнасць такога парушэння, як адміністрацыйны рэсурс, які выяўляецца ў злоўжыванні службовым становішчам у інтарэсах вылучэння і абрання ў той перыяд, калі адбывалася вылучэнне. Па выніках будуць прымаць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі альбо аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

І сапраўды, акруговая выбарчая камісія Шчучынскай выбарчай акругі № 60 вельмі ўважліва вывучыла ўсе факты ўжывання Валерыем Саўко і ў яго інтарэсах адміністрацыйнага рэсурсу, у чым асабіста ўдзельнічаў, як мінімум, адзін з членаў самой АВК Юрый Пашук, і прыняла рашэнне… аб рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты.

Без усялякіх сумневаў, што сябру партыі КПБ і рэгіянальнаму прафсаюзнаму дзеячу Валерыю Саўко першапачаткова павінна было быць адмоўлена ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты адразу на некалькіх падставах. Аднак факт першапачатковай рэгістрацыі не азначае, што дадзеная рэгістрацыя ў далейшым не можа быць адменена па рашэнні самой акруговай камісіі, абласной альбо Цэнтральнай камісіяй, якія маюць права зрабіць гэта нават без папярэдняга папярэджання на падставе ч. 2 арт. 70-1 і ч. 1 арт. 68-1 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

З боку згаданай службовай асобы, якая вылучае адначасова метадам збору подпісаў і ад палітычнай партыі КПБ, у наяўнасці неадпаведнасць парадку вылучэння патрабаванням Выбарчага кодэкса, а менавіта выкарыстанне перадвыбарнай агітацыі, забароненай на стадыі вылучэння, у тым ліку ў неаднаразовым вырабе ў яго інтарэсах друкаванай і іншай прадукцыі, якая змяшчае прыкметы перадвыбарчай агітацыі і прызначанай для масавага распаўсюджвання за кошт рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі камунальнай уласнасці, што фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту.

У інтарэсах старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Валерыя Саўко на працягу ўсяго этапу вылучэння з 12 ліпеня па 30 ліпеня 2016 года ўключна ў абласной газеце, раённых газетах Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца абласныя, раённыя і Гродзенскі гарадскі выканаўчыя камітэты, саветы дэпутатаў, паводле рашэння галоўных рэдактараў за дзяржаўны кошт вырабляліся друкаваныя агітацыйныя матэрыялы, іх электронныя і радыёверсіі, фотапрадукцыя агульным накладам больш за 100 тысяч асобнікаў.

На сходах, якія праводзіліся пад першапачаткова лжывымі падставамі на тэрыторыі раёнаў, якія ўваходзяць ў адзіную выбарчую акругу, прысутнічалі намеснікі старшыняў райвыканкамам па ідэалогіі, начальнікі структурных падраздзяленняў па ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай рабоце, сябры акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, сябры ініцыятыўных групаў па вылучэнні i абранні, іншыя асобы, якія маюць дачыненне да арганізацыі і правядзення выбараў.

На гэтых мерапрыемствах, якія насілі перадвыбарчы характар, лідар абласнога прафсаюза выступаў з праграмнымі прамовамі па пытаннях, якія не адносяцца да статутных мэтаў названага прафсаюза і не ўваходзяць у кампетэнцыю дадзенай асобы як яго кіраўніка. Уся гэтая дзейнасць падрабязна асвятлялася рэгіянальнымі СМІ.

Актыўная палітычная дзейнасць прафсаюзнага дзеяча і па сумяшчальніцтве меркаванага кандыдата ў дэпутаты на працягу ўсяго этапу па яго вылучэнні асвятлялася на афіцыйных сайтах і ў кожным нумары раённых газет выбарчай акругі з перыядычнасцю два разы на тыдзень, часам па два артыкулы ў адным нумары.

Частка падобных матэрыялаў адкрыта насіла агітацыйны характар, што нават не хавалася журналістамі і кіраўнікамі рэдакцый дзяржаўных друкаваных СМІ: у артыкулах паказвалася, што Валеры Саўко вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, адкрыта паведамлялася яго службовае становішча ў абласной арганізацыі рэспубліканскага прафсаюза, асвятлялася дзейнасць ініцыятыўнай групы і пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку яго вылучэння. Работнікамі СМІ ў чытачоў наўмысна фармавалася няправільнае ўяўленне аб высокіх якасцях праўладнага кандыдата, яго шырокай папулярнасці ў розных катэгорый выбаршчыкаў.

У той самы час як спрэс адсутнічалі публікацыі, якія б паралельна асвятлялі дзейнасць іншых прэтэндэнтаў.

Валерый Саўко не мог не разумець, што яго дзеянні і дзеянні іншых службовых асоб дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў у інтарэсах яго вылучэння і выбрання носяць заведама незаконны характар, супярэчаць патрабаванням Выбарчага кодэкса, парушаюць асноватворны прынцып роўнасці ўсіх кандыдатаў, бо да нядаўніх часоў на працягу доўгага часу ён з'яўляўся нязменным старшынёй Гродзенскіх абласных выбарчых камісій па выбарах прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў розных скліканняў.

У яго дзеяннях прагледжваецца ўдзел адміністрацый арганізацый, у тым ліку прафсаюзных пярвічак, у зборы подпісаў выбаршчыкаў, а таксама мае месца выкарыстанне ўсіх пераваг службовага становішча ў інтарэсах вылучэння і выбрання, прадугледжаных ч. 1 арт. 73 Выбарчага кодэкса:

— прыцягненне асоб, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні ці іншай службовай залежнасці, для ажыццяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню і (або) абранню;

— выкарыстанне памяшканняў, займаных дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, для ажыццяўлення дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню і (або) абранню;

— выкарыстанне тэлефоннай і іншых відаў сувязі, аргтэхнікі, прызначаных для забеспячэння функцыянавання дзяржаўных органаў, арганізацый, для ажыццяўлення дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню і (або) абранню;

— бясплатнае або на льготных умовах выкарыстанне транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, для ажыццяўлення дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню і (або) абранню;

— правядзенне збору подпісаў выбаршчыкаў, перадвыбарнай агітацыі ў ходзе службовых камандзiровак.

Вось толькі Выбарчы кодэкс напісаны так, што з усяго пералічанага абавязковымі падставамі для адмены рэгістрацыі з'яўляюцца толькі неадпаведнасць парадку і патрабаванняў да вылучэння кандыдата.

Выкарыстанне ж пераваг службовага становішча ў інтарэсах вылучэння і ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў з'яўляецца правам адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рэгістрацыі, а не абавязкам Цэнтральнай і ніжэйшых выбарчых камісій. Факт выкарыстання службовага становішча ў інтарэсах вылучэння і абрання праўладных кандыдатаў не з'яўляецца безумоўнай падставай для адмовы ў іх рэгістрацыі альбо наступнай адмены рэгістрацыі ў той самы час, як апазіцыйным і незалежным вылучэнцам выбарчыя камісіі па ўсёй краіне ў масавым парадку адмаўляюць у рэгістрацыі па любых нязначных прычынах.

На дадзеным прыкладзе выкрышталізавалася і іншая сур'ёзная праблема ў пытанні сумленнасці правядзення выбараў.

Добрая палова Гродзенскай абласной выбарчай камісіі складаецца з прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Толькі Гарадзенская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, чый кіраўнік балатуецца ў парламент, вылучыла 55 сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. І гэта не ўлічваючы шматлікіх прадстаўнікоў ад раённых камітэтаў прафсаюзаў…

Выбары ў парламент з самага іх пачатку уладай ператвораныя ў фарс, дзе вам і вашым кандыдатам адведзена роля статыстаў і марыянетак, якія забяспечваюць бачнасць дэмакратычнага выбару народа!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?